background

Фотаапарат Zeiss Ikon

Шырокафарматны нямецкі фотаапарат Zeiss Ikon Якуб Колас прывёз у 1935 годзе з Парыжу, з Кангрэса пісьменнікаў у падтрымку культуры, для старэйшых сыноў.

Фота Аліны Грыгор'евай

Серыя складных фотаапаратаў Zeiss Ikon Nettar выраблялася ў Дрэздэне ў 1930-я гады.

У пачатку вайны Міхась Канстанцінавіч Мицкевіч вывез бацькаў падарунак з палаючага Мінска.

Пасля Міхась Канстанцінавіч успамінаў: “З паездкі бацька прывёз мне багатыя ілюстрацыі архітэктурных шэдэўраў Еўропы, маім братам – фотаапарат Цэйс-Ікон, які я захапіў, уцякаючы з Мінска ў сорак першым, і захаваў. Цяпер ён экспануецца ў літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, там жа і Юркава стрэльба, набытая бацькам на VІІ з’ездзе Саветаў – з’ездзе індустрыялізацыі, удзельнікам якога ён быў”.

Адным з любімых заняткаў Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча была аматарская фатаграфія. У сямейным архіве засталося звыш 2 тысяч негатываў і каля 40 альбомаў з фотаздымкамі розных мясцін і куточкаў Беларусі, родных і знаёмых сям’і Якуба Коласа.

Вось радкі з кнігі М. Міцкевіча "Пад бацькоўскім дахам" (гаворка ідзе пра 1941 год): “Ніхто ўявіць не мог, якія цяжкія выпрабаванні лягуць на нас, на народ. Перад развітаннем мы з Юркам селі каля дрывотні, я прынёс карабок цукерак, да якіх ён быў яшчэ больш ахвочы, чым я. Невясёлая была размова. Я сэрцам адчуваў, што больш мы ніколі не пабачымся, але выказаць гэтага яму не мог. Было так цяжка, так горка. Праз пару гадзін, як Юрка пайшоў, пачаўся вялікі налёт авіяцыі, дзесьці гадзіны ў тры. Ад разрыву бомбаў задрыжэла зямля, пачаліся пажары. Прышлося выкаціць з-пад дрэў аўтамабіль, а ў яго сеў акумулятар, у спешцы паспелі схапіць пару чамаданаў, кошык з ежаю, а я – Юркавы стрэльбы і яго фотаапарат. Вывезці нас з горада пагадзіўся сусед, з тым, каб другім рэйсам вывезці яго сям’ю. Гарэлі хаты на Вайсковым завулку, здаравенныя галавешкі далёка пераляталі пад узняўшымся шквалам ветру. Гарэла Чырвоная вуліца – усе дамы, акрамя бензакалонкі...”

background

Запоўніце, калі ласка, форму, каб набыць квіткі