background

115 гадоў нелегальнаму з’езду маладых беларускіх настаўнікаў

16.07.2021

У гэтым годзе споўнілася 115 гадоў нелегальнаму з’езду маладых беларускіх настаўнікаў, які адбыўся 9 ліпеня 1906 года недалёка ад сяла Мікалаеўшчына Свержанскага павета Мінскай губерні (сёння — Стаўбцоўскі раён Мінскай вобласці). Падзея, вядома, не такая маштабная ў межах Сусвету. Але для маладых апантаных рупліўцаў на ніве народнай асветы яна стала пераломнай вехай, лёсавызначальнай кропкай, якая акрэсліла для кожнага яго напрамак.

У гэтай кагорце быў і настаўнік верхменскага народнага вучылішча Канстанцін Міцкевіч, будучы Народны паэт Беларусі Якуб Колас.

 

У пачатку 1906 года Якуб Колас «у парадку пакарання» за ўдзел у рэвалюцыйнай прапагандзе сярод сялян пераводзіцца з Пінскага павета ў Верхменскае народнае вучылішча Ігуменскага павета (цяпер Смалявіцкі раён) Мінскай губерні. Прычынай стаў факт напісання настаўнікам Пінкавіцкага народнага вучылішча Міцкевічам К. М. (Якубам Коласам) петыцыі ад сялян с. Пінкавічы памешчыку Сігізмунду Сігізмундавічу Скірмунту, у якой выкладзена патрабаванне «свабоднай лоўлі рыбы ў двух азёрах, бясплатнага карыстання чаротам, які расце на берагах гэтых азёр, і ўступкі сервітутнага ўчастка зямлі ў 77 дзесяцін зямлі для пашы».

У Верхменскім вучылішчы, «нягледзячы на сур’ёзнае папярэджанне, Якуб Колас працягвае актыўную грамадскую дзейнасць. Ён наладжвае перапіску з настаўнікамі — сваімі землякамі і сябрамі — былымі выхаванцамі Нясвіжскай семінарыі, якія працавалі ў школах Мінскай губерні. І вось у працэсе гэтай перапіскі нарадзілася ідэя склікаць у Мікалаеўшчыне нелегальны настаўніцкі з’езд» (Александровіч С. «У пошуках праўды»).

 Якуб Колас. 1921 год. З дарчым надпісам Якуба Коласа сябру, вучонаму, пісьменніку, публіцысту Аляксандру Антонавічу Сянкевічу.

У красавіку 1905 года быў створаны Усерасійскі  саюз настаўнікаў, праграма якога прадугледжвала барацьбу за адзіную сістэму народнай адукацыі, агульнаадукацыйную школу «са свабодным характарам выкладання», увядзенне ўсеагульнай бясплатнай пачатковай адукацыі, свецкасць школы, выкладанне на роднай мове.

Нелегальны настаўніцкі з’езд у Мікалаеўшчыне адбыўся 9 ліпеня 1906 года. Спачатку меркавалася правесці яго ў канцы навучальнага года — 29 чэрвеня (ст. ст.). Але па розных прычынах некаторыя настаўнікі-ініцыятары ў гэты дзень прыехаць не маглі. Вырашылі адкласці.

 Уладзімір Сулкоўскі. Прыстанька. Палатно, алей. Жывапіс. 1987 год.

У рабоце з’езда прынялі ўдзел настаўнікі А. Аляшкевіч, А. Райскі, К. Міцкевіч, А. Вайцахоўскі, М. Пальчэўскі, У. Міцкевіч, Х. Калечыц, А. Камароўскі, І. Лапцэвіч, А. Мілюк, В. Віаленцій, А. Сянкевіч, С. Самахвал, І. Міцкевіч, І. Фёдараў, Н. Янкоўскі, А. Філіповіч.

9 ліпеня настаўнікі сабраліся на Прыстаньцы каля Нёмана, за чатыры кіламетры ад Мікалаеўшчыны пад відам святкавання дня нараджэння аднакурсніка, або земляка ці сябра Антона Камароўскага. Старшынёю з’езда быў абраны Аляксандр Сянкевіч, сакратаром —Аляксандр Райскі.

 

 Анатоль Волкаў. Настаўніцкі з’езд. Папера, акварэль. Графіка. 1966 год.

 Людміла Дземьяновіч. Нелегальны настаўніцкі з’езд. Папера, аловак. Графіка. 2007 год.

 

Канчатковае афармленне пратакола было вырашана зрабіць у памяшканні Мікалаеўшчынскай школы. Быў складзены «Протокол заседания группы учителей Минской губернии…» Пасля абмеркавання праграмы Усерасійскага саюза настаўнікаў і дзеячаў па народнай асвеце група пастанавіла:

«1) присоединиться к Всероссийскому союзу учителей, принимая его программу <…> 4) принимая во внимание, что достижение намеченных в программе целей совершенно невозможно при современном режиме, группа ближайшей целью постановила активно стремиться к ниспровержению его путём непосредственного влияния на крестьян, организации их».

У ноч з 9 на 10 ліпеня ўдзельнікі з’езда былі выкрыты паліцыяй. Прыстаў А. Гаўрылаў, паліцэйскі ўраднік М. Кабяк, стражнік А. Новікаў зрабілі ў памяшканні вобыск і канфіскавалі:

1) «Протокол заседания группы…», падпісаны «членами-учредителями» (І. Фёдараў, А. Райскі, Н. Янкоўскі, А. Камароўскі, А. Мілюк, У. Міцкевіч, М. Пальчэўскі, К. Міцкевіч, С. Самахвал, А. Вайцахоўскі, Ф. Калечыц, І. Лапцэвіч, В. Віаленцій, А. Філіповіч, А. Аляшкевіч); 2) рукапіс брашуры «Всероссийский союз учителей», у якой вызначаліся асноўныя задачы саюза, у першую чаргу — «борьба как за коренную организацию дела народного просвещения в России на начале свободы, демократизации и децентрализации его, так и за политическое освобождение России и за широкие социально-политические реформы»; 3) рукапісную адозву, у якой бяспраўнае становішча народнага настаўніка тлумачылася «условиями нашего политического строя, самодержавным режимом…». У адозве гаварылася пра неабходнасць садзейнічаць хутчэйшаму разбурэнню самадзяржаўнага рэжыму, дзеля чаго неабходна было прыцягнуць сялянства да актыўнага ўдзелу ў вызваленчым руху.

 Аляксандр Дзямарын. Аблава.  Iлюстрацыя да трылогii Якуба Коласа «На ростанях». Папера, гравюра. 1967 год.

            Паводле кнігі М. Лужаніна «Колас расказвае пра сябе»: «Наш настаўніцкі з’езд муляў вочы ўладам. Як гэта можа быць? Збіраюцца нейкія настаўнікі, варушацца, падымаюць галаву. Ды яшчэ “на заходняй ускраіне”! Крымінал.

Да таго ж мы прынялі палітычную платформу, меліся працаваць нелегальна. Так і дамовіліся на паляне ў Прыстаньцы каля Нёмана. А ў адозве, за якую мяне ўпяклі, гаварылася аб скліканні шырэйшага з’езда ў канцы года. Вось паліцыя і ўстрывожылася».

З успамінаў Янкі Маўра: «Задачу мы паставілі сабе простую: далучыцца да Усерасійскага настаўніцкага саюза, кіраўніцтва якога ў гэты час вымушана было скрывацца ў Фінляндыі. Гэта было дэманстрацыйнае далучэнне, каб паказаць, што саюз падтрымлівае масы.

Але нас не задавальняла яго палітычная праграма, і мы высунулі патрабаванне, каб кожны вясковы настаўнік павёў актыўную работу ў народзе, згуртоўваючы вакол сябе ўсе рэвалюцыйныя элементы».

 Якуб Колас сярод удзельнікаў нелегальнага настаўніцкага з’езда 1906 года. Першы рад (злева направа): Уладзімір Міцкевіч, Аляксандр Сянкевіч, Іван Лапцэвіч. Другі рад: Сямён Самахвал, Іван Фёдараў (Янка Маўр), Хведар Калечыц.

 

Пракурорам Віленскай судовай палаты была заведзена справа аб з’ездзе народных настаўнікаў у сяле Мікалаеўшчына Свержанскай воласці Мінскай губерні. Было вырашана: «Предъявить всем лицам, подписавшим протокол заседания съезда от 9-го июля сего года, обвинение по признакам деяния, предусмотренного 1 ч. 126 ст. Угол[овного] Уло[жения]».

Удзельнікі нелегальнага настаўніцкага зъезда на ўсіх допытах даводзілі, што сабраліся адзначыць дзень нараджэння свайго сябра і калегі Антона Камароўскага, але гэтай інфармацыі ні школьная адміністрацыя, ні следчыя не паверылі. Усе 14 настаўнікаў, якія падпісалі пратакол, былі звольнены з пасад, на іх былі заведзены крымінальныя справы. Следства доўжылася амаль што два гады — з ліпеня 1906 да студзеня 1908 г.

Мілюк Адам Сцяпанавіч. Удзельнік нелегальнага настаўніцкага з’езда. Прататып Адама Мілеўскага ў трылогіі «На ростанях».

 Аляксандр Сянкевіч і Нічыпар Янкоўскі. 1908 год. Удзельнікі нелегальнага настаўніцкага з’езда, прататыпы Алеся Садовіча і Нічыпара Янкаўца у трылогіі «На ростанях».

 

Антон Камароўскі. Удзельнік нелегальнага настаўніцкага з’езда.

Дарчы надпіс Аляксандру Сянкевічу на фота 1921 года.

Тарас Гушча ‒ Якуб Колас «Першыя крокі». З дарчым надпісам Якуба Коласа сябру, удзельніку настаўніцкага з'езду 1906 года, прататыпу героя трылогіі «На ростанях» Якаву Бязмену. Менск, 1925 г.

У верасні 1906 года група давераных (у складзе 4 чалавек) ад імя звольненых 14 настаўнікаў звяртаецца да папячыцеля Віленскай вучэбнай акругі з просьбай прызначыць звольненых на настаўніцкія пасады, паколькі яны і іх сем’і засталіся без сродкаў да існавання.

Рукапісныя старонкі рамана-трылогіі «На ростанях»

Якуб Колас «На рубяжы». З дарчым надпісам Якуба Коласа дзецям Аляксандра Сянкевіча Антону і Георгію.

Спачатку звольненыя настаўнікі спадзяваліся на таварысцкую салідарнасць і спрабавалі прымусіць Мінскую дырэкцыю народных вучылішчаў адмяніць сваё рашэнне. Часовае бюро мінскай групы настаўнікаў звярнулася да калег з заклікам абвясціць пад байкотам месцы тых, хто застаўся без працы, але безвынікова. Большая частка вясковых настаўнікаў не мела вопыту сацыяльнага і палітычнага змагання і не падтрымала ідэю таварыскай салідарнасці.

У сувязі са звальненнем настаўнікаў за ўдзел у антыўрадавых выступленнях (усяго ў 1906 годзе былі звольнены 22 настаўнікі, сярод іх адна жанчына) папячыцель Віленскай навучальнай акругі запатрабаваў патлумачыць прычыны актыўнага ўдзелу настаўнікаў у рэвалюцыйным руху. На пасяджэнні вучылішчнага савета Мінскай дырэкцыі народных вучылішчаў 28 снежня 1906 года быў сфармуляваны наступны адказ: «Прычынай гэтага, зразумела, галоўным чынам служаць цяжкія матэрыяльныя ўмовы становішча  большасці народных настаўнікаў Мінскай губерніі: матэрыяльная незабяспечанасць увогуле, несістэмнае паступленне ў апошні час ад валасных і сельскіх абшчын утрымання, неакуратнасць яго атрымання, цяжкая залежнасць у гэтым выпадку ад розных асоб сельскай адміністрацыі, адсутнасць у большасці выпадкаў добрых школьных памяшканняў і т. п. Пры адзначаных у большасці выпадкаў неспрыяльных умовах існавання праца народных настаўнікаў Мінскай губерніі надзвычай цяжкая».

Мінская дырэкцыя народных вучылішчаў дала строгае ўказанне сваім інспектарам апытаць кожнага ўдзельніка нелегальнага з’езда. У інспектарскіх справаздачах адразу пасля з’езда з’явілася версія пра тое, што ўчынкамі і супрацьурадавымі дзеяннямі настаўнікаў кіраваў «Бог Бахус». Такое ж тлумачэнне давалі Аляксандр Сянкевіч і Нікіфар Янкоўскі, якія пасля з’езда эмігравалі ў ЗША. У лісце на імя М. І. Чысцякова — таварыша (намесніка) пракурора Мінскага акруговага суда 1-га ўчастка Мінскага павета яны ўзялі ўсю віну на сябе і заявілі, што з’езд быў скліканы па іх ініцыятыве, а пастанова з’езда напісана пад іх дыктоўку. Тыя ж, хто падпісваў гэтую пастанову, быццам бы не ведалі і не разумелі, што падпісваюць, бо «подписывали резолюцию в пьяном виде».

Гэтай версіі не верылі ні школьныя інспектары, ні жандарскія следчыя. Аднак улады добра разумелі, што ва ўмовах рэакцыі арганізоўваць масавы палітычны працэс над народнымі настаўнікамі немэтазгодна. 18 красавіка 1908 г.жандармерыя палічыла за лепшае крымінальную справу ў адносінах С. Самахвала, І. Міцкевіча, І. Фёдарава, А. Вайцяхоўскага, І. Лапцэвіча, А. Камароўскага, А. Мілюка, А. Аляшкевіча, В. Віяленція, М. Пальчэўскага, А. Райскага, Ф. Калечыца і А. Філіповіча закрыць, бо «ніякай актыўнай дзейнасці іх на карысць саюза не высветлена расследаваннем».

 

З дакументаў па справе нелегальнага настаўніцкага з’езда.

У той жа час настаўнік Канстанцін Міцкевіч уяўляў сур’ёзную небяспеку як аўтар шэрага рэвалюцыйных вершаў і вострых сатырычных апавяданняў на беларускай мове. Справу беларускага рэвалюцыйнага паэта Якуба Коласа штучна аб’ядналі са справамі трох настаўнікаў: Якава Бязмена, Сямёна Астроўскага і Уладзіміра Міцкевіча. Двое першых не прымалі ўдзелу ў рабоце з’езда.

Якаў Бязмен, былы настаўнік Туміловіцкага народнага вучылішча Барысаўскага павета, за ўдзел у рэвалюцыйным руху быў звольнены з пасады і 15 сакавіка 1907 г. арыштаваны. Падчас вобыску ў яго запісной кніжцы знайшлі ўлік расходаў грошай, а таксама тры лісты сябрам, у якіх ідзе гаворка пра намер склікаць з’езд настаўнікаў.

Сямён Астроўскі і Уладзімір Міцкевіч, удзельнік нелегальнага з’езда, сваяк Якуба Коласа, былі настаўнікамі Любоніцкага народнага вучылішча Бабруйскага павета і прыцягваліся да крымінальнай адказнасці за распаўсюджванне нелегальнай літаратуры. Так была сфабрыкавана справа «аб сялянах Канстанціне Міхайлаве Міцкевічу, Уладзіміру Сільвестраве Міцкевічу, Якаве Сямёнаве Бязмене і Сямёне Іванаве Астроўскім».

21 жніўня 1908 года Якубу Коласу ўручана позва Віленскай судовай палаты ад 13 жніўня з’явіцца 15 верасня, а 10 гадзіне раніцы, на судовае пасяджэнне ў памяшканне акруговага суда г. Мінска ў якасці абвінавачанага.

 З дакументаў па справе нелегальнага настаўніцкага з’езда.]

 

15 верасня адбылося судовае пасяджэнне Віленскай судовай палаты ў Мінску (месца часовага знаходжання Крымінальнага дэпартамента). Старшыня пасяджэння — П. Ф. Кабека. Члены палаты: Ф. П. Дабужынскі, Д. К. Кіслінскі, К. У. Вярхоўскі. Саслоўныя прадстаўнікі: мінскі губернскі маршалак А. С. Далгова-Сабураў, член гарадской управы В. К. Янкоўскі, самахвалавіцкі валасны старшыня А. Пукальчык. Судовыя эксперты: К. Я. Ермакоў — настаўнік чыстапісання і малявання Мінскай мужчынскай гімназіі; замест цяжкахворага Г. I. Асмалоўскага, настаўніка чыстапісання і малявання Мінскага рэальнага вучылішча, быў запрошаны ў якасці эксперта-графолага К. М. Гофман. Адвакатам Якуба Коласа і Якава Бязмена быў Казімір Петрусевіч, юрыст, дзеяч рэвалюцыйнага руху, удзельнік I з’езда РСДРП, У. Міцкевіча і С. Астроўскага — I. I. Метлін. Сведкі А. Гаўрылаў, А. Пятруша і М. Кабяк на суд не з’явіліся (М. Кабяк у сувязі са смерцю).

Па рашэнні палаты слуханне справы адбывалася пры зачыненых дзвярах да аб’яўлення рэзалюцыі. Судовы прыстаў выдаліў з залы прысутную публіку.

Падсудныя Я. Колас і С. Астроўскі вінаватымі сябе не прызналі. У. Міцкевіч прызнаў сваю віну толькі ў тым, што даваў літаратуру А. Пятрушу, Я. Бязмен толькі ў тым, што быў членам «сообщества» і напісаў «воззвание о бойкоте».

У якасці сведак былі дапрошаны В. Сянько, А. Новікаў, А. Тавараў, С. Кваснецкі, А. Белазорчык, Я. Пятруша, Ф. Мурашка, В. Паўлаў, П. Высоцкі.

Таварыш пракурора А. Ф. Юршэўскі падтрымаў абвінавачванне ў межах абвінаваўчага акта. Абаронца прасіў апраўдаць К. Міцкевіча і Я. Бязмена па абвінавачванню ў злачынстве, прадугледжаным I ч. 126 арт. крымінальнага ўлажэння, і калі яны будуць прызнаны вінаватымі ў злачынстве, якое прадугледжана 124 арт., аказаць ім магчымую палёгку («возможно снисхождение»).

Злачынства, у якім абвінавачваліся К. Міцкевіч і Я. Бязмен, прадугледжвала асуджэнне на катаргу тэрмінам не бо­лей 8 гадоў альбо ссылку на пасяленне.

Судовая палата прыгаварыла падсудных К. М. Міцкевіча, У. С. Міцкевіча, Я. С. Бязмена «заключить в крепость на три года каждого». С. I. Астроўскі быў апраўданы на суду.

Прыгавор у канчатковай форме павінен быў быць аб’яўлены 19 верас. Да пачатку прывядзення прыгавора ў выкананне падсудных трымалі пад вартай.

Монас Манасзон. Пасля абвяшчэння прыгавору. Палатно, алей. Жывапіс. 1959 год.

 

19 верасня ў зале судовых пасяджэнняў Судовай палаты пры адчыненых дзвярах і ў прысутнасці падсудных аб’яўлены прыгавор у канчатковай форме.Копіі прыгавораў былі ўручаны К. Міцкевічу, У. Міцкевічу і Я. Бязмену 27 верасня.

Паводле кнігі М. Лужаніна «Колас расказвае пра сябе»: «Судзіла нас выязная сесія Віленскай судовай палаты. У тым самым доме, дзе цяпер музей на пляцу Волі. Лістоўку бралі на экспертызу двойчы. Першы раз эксперты далі патрэбныя суду весткі. Другі раз прызналі, што рука не мая. Пракурор як усхопіцца! I давай: “З прычыны разыходжанняў у поглядах экспертаў, гаспада суддзі, патрабую Міцкевіча асудзіць”. Так што ў іх усё было вырашана загадзя. Не ўдавалася пасадзіць за падабенства почырку, дык пасадзілі за разыходжанні паміж экспертамі. Ці саву аб пень, ці пнём аб саву».

«Арыштавалі мяне на судзе. На лаву падсудных не саджалі, я даваў паказанні і мог выходзіць з залы [...] Мог, вядома, і ўцячы. А куды?.. Дый, галоўнае, таварышаў судзяць, як жа я магу пакінуць іх? Думалася, што ўжо само наша асуджэнне дасць нейкі штуршок далейшаму настаўніцкаму руху. Рознае ўяўлялася...»

Паводле ўспамінаў Я. Маўра: «“Аўтарытэтная экспертыза” ў складзе настаўніка чыстапісання Мінскага рэальнага вучылішча Ермакова і кагосьці другога прызнала почырк Коласа [...]

У турме Колас дакладна даведаўся, дзе і як пісаў пракламацыю Жук. А Жуку была паслана карыкатура, зробленая мастаком Арловым: вялізны чорны жук трымае пяро і выводзіць: “Дорогие товарищи!”, а побач сагнуты Колас нясе вялізны крыж, на якім напісана: “Той грехи наша понесе и язвою его мы исцелехом”.

Пазней Колас крыўдзіўся, што Жук ні разу не перадаў яму ў турму ніякай перадачы. I бачыць яго Коласу ні разу ў сваім жыцці так і не давялося».

 Мінскі астрожны замак, дзе Якуб Колас адбываў пакаранне ў 1908 – 1911 гадах.

З турмы настаўнікі-вязні былі вызвалены 15 верасня 1911 г. Так закончылася справа першага ў Беларусі нелегальнага настаўніцкага з’езда ў сяле Мікалаеўшчына Свержанскай воласці Мінскай губерні.

З успамінаў брата Я. Коласа Уладзіміра: «Калі Костуся пасадзілі ў турму, — успамінаў Уладзік, — то ён хутка паведаміў нас пісьмом. Усе мы, а асабліва маці, вельмі перажывалі, не спалі цэлую ноч, думалі ўсё і гадалі.

Я часта бываў у брата, вазіў яму перадачы. Даводзілася яму кепска. Парадкі ў турме былі жорсткія. Вельмі строгі быў назіральнік. Зняволеныя асудзілі яго да смерці, загадзя паведамілі прыгавор, а потым забілі яго. Другі назіральнік быў больш ветлівы з асуджанымі».

І яшчэ два штрыхі да разгледжанай тэмы.

З успамінаў былой вучаніцы Віленскага Марыінскага вышэйшага жаночага вучылішча Аляксандры Зотавай, дачкі віленскага настаўніка Георгія Георгіевіча Зотава: «Летам 1907 года, зайшоўшы ў рэдакцыю “Нашай нівы” на Завальнай вуліцы ў Вільні, пабачыла я бледнага, худога хлапца з сумным паглядам. “Хто гэта ў вас з вачамі мучаніка?” — пытаюся ў рэдактара Уласава. Ён расказаў, што гэта настаўнік Міцкевіч, з якім ён пазнаёміўся ў цягніку і ў якога адкрыў паэтычны талент. Наступным разам Уласаў пазнаёміў мяне з Якубам Коласам».

Аляксандра Зотава.

Нядоўга на гэты час працаваў у Вільні Якуб Колас — пасля вобыску і канфіскацыі рукапісаў рэвалюцыйных вершаў згодна з загадам паліцыі прыйшлося пакінуць горад. 1 верасня 1907 г. пісьменнік вярнуўся ў Вільню з афіцыйным дазволам на права жыхарства ў горадзе і працаваў у рэдакцыі «Нашай нівы». Паэт заходзіў у дом настаўніка Зотава, дзе вечарамі збіралася моладзь. Частымі сталі сустрэчы яго дачкі Аляксандры і маладога паэта. А аднойчы згаварыліся паехаць на Каляды ў Пецярбург — паглядзець сталіцу. З розных прычынаў і акалічнасцяў на «зборны пункт» ва ўмоўлены час з усёй кампаніі з’явіліся толькі двое — Аляксандра Зотава і Якуб Колас.

5 студзеня 1908 года Якуб Колас робіць запіс у альбоме Аляксандры Зотавай:

Маленькая лазейка в собственную душу

Сладкие думы, тихие грёзы,

Лучшие чувства печальной души!

Вы не излились, как тёплые слёзы,

Вы затаились, как искры в глуши.

Вы в моём сердце нежданно проснулись

И так же нежданно в душе умерли;

Вы пошлых ушей ничьих не коснулись,

И вас не коснулась вся пошлость земли.

Сладкие думы, тихие грёзы,

Лучшие чувства души одинокой!

Вы не излились, как жгучие слёзы,

Вы сохранились в могиле глубокой.

                                               Бывший человек, а ныне

                                               Кандидат в четвёртые роты.

                                               (Лидер огарческой фракции.)

 

У той час Канстанцін Міцкевіч ужо быў звольнены з настаўніцкай працы, а звольненыя настаўнікі, якія чакалі прысуду, называлі сябе «агаркамі».

І яшчэ адзін запіс: «“Самый сильный тот, кто стоит одиноко” (Ибсен). Высоко держите знамя человека, то знамя, которое Вы успешно несли до сих пор. А ўжо гэта сказаў Якуб Колас».

У маі 1908 г. паэт падарыў Аляксандры Зотавай свой фотаздымак. На адвароце — дарчы надпіс: «Милой Александре Георгиевне, славному человеку, владелице единственной души, “тётке Шопёрке” на память от Якуба Коласа. Столбцы Минской губ. 8 мая 1908 г.». («Агаркі» называлі Аляксандру Зотаву «цёткай Шапёркай» таму, што яна не прымала ўдзелу ў палітычных выступленнях рэвалюцыйна настроенай моладзі.)

 Якуб Колас. 1908. З дарчым надпісам Аляксандры Зотавай.

Яшчэ адзін унікальны фотадакумент таго перыяду захоўваецца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі — фотапаштоўка з выявай і аўтографам народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Дакумент знаходзіўся ў асабістым архіве першага дырэктара бібліятэкі Іосіфа Бенцыянавіча Сіманоўскага.

Для коласазнаўства гэта вялікая знаходка. Да гэтага з найбольш ранніх нам былі вядомыя пагрудныя фотапартрэты Коласа-семінарыста 1901 года і фота 1908 года. Дадзеная ж картка — віленская фотапаштоўка — зроблена ў 1907 годзе. Колас зняты ў поўны рост з адным са сваіх сяброў. Маладыя людзі выглядаюць вясёлымі і спрабуюць танцаваць. Унізе пад фота аўтограф: «Огарки [н]акануне роковых событий. Вильня 1907 г. ЯК». На адвароце фота змешчаны тэкст ліста Якуба Коласа. А дагэтуль вядомае даследчыкам ліставанне адкрываў ліст паэта ад 2 ліпеня 1908 года, што яшчэ раз падкрэслівае значнасць знаходкі. Прыводзім тэкст на мове арыгінала, звяртаючы ўвагу на пэўную яго зашыфраванасць: «Се. — Са. Милый друг-огарок! Прими на память сие изображение. Вот как реагирую я на наше горькое будущее, на всю долю человеческую. Ты спрашиваешь, запасся ли я достаточно нравственными силами, дабы поблазновосприять благодать конституционную. И вот я пред очами всего мира танцую. Хоть и не умею, а танцую, нарочно танцую. ТвойЯкуб¼ [неразборлівачатыры літары]». Літары былі расшыфраваны дырэктарам БДАМЛіМ Г. В. Запартыкай: «Якуб ¼ века», што азначае 25 гадоў. Менавіта столькі было аўтару паштоўкі ў 1907 годзе.

Якуб Колас (справа) танцуе са сваім знаёмым, 1907 год.

Адрасат віленскай паштоўкі, «милый друг-огарок», «Се. — Са.» — гэта Сямён Самахвал, блізкі сябар Якуба Коласа з в. Нейгартава, што насупраць коласаўскай Мікалаеўшчыны праз раку Нёман, з якім яны разам вучыліся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі і які стаў прататыпам Янкі Тукалы з трылогіі «На ростанях». На старонках рамана Андрэй Лабановіч не раз пісаў лісты свайму сябру Янку. (Паводле даследавання В. Д. Міцкевіч).

Матэрыялы для віртуальнай часовай экспазіцыі падрыхтаваны вядучым навуковым супрацоўнікам Ірынай Казловіч.