background

Адбылося адкрыццё новай часовай экспазіцыі да Дня народнага адзінства

16.09.2021

Часовая экспазіцыя “Радзіма Якуба Коласа на ваенна-тапаграфічных картах 30-х гг. 20 ст.” заклікана адлюстраваць сітуацыю з падзелам Беларусі  на заходнюю і ўсходнюю часткі ў 1921 годзе.

Па матэрыялах,  якія прадстаўлены на часовай экспазіцыі і ў якія ўвайшлі родныя мясціны нашага песняра, выдатна можна прасачыць лінію падзелу паміж Заходняй і Ўсходняй Беларуссю, якая была сцёрта толькі ў верасні 1939 г. Два стэнды прысвечаны ваенна-тапаграфічным картам Генеральнага штаба РСЧА маштабам 1:50000.

Падзел радзімы ў 1921 годзе лёг незалечнай ранай і на сэрцы народнага паэта Беларусі Якуба Коласа – менавіта там, за непраходнай мяжой, у Заходняй Беларусі, засталася малая радзіма паэта – родныя сэрцу мясціны Стаўбцоўшчыны, дзе жылі бліжэйшыя родныя (у тым ліку і маці паэта), а таксама сябры і паплечнікі. Пясняр моцна сумаваў па Стаўбцоўшчыне, часта прыгадваў яе у сваіх творах, а таксама ў перапісцы, у размовах з сябрамі і роднымі. Страшэнным ударам для паэта сталася і тая акалічнасць, што ён не змог прыехаць на пахаванне маці, якая памерла ў 1929-м.

 

Толькі праз дваццаць гадоў пасля расстання з роднай зямлёй давялося Я. Коласу пабачыць яе з акна вагона, калі ён ехаў на Міжнародны кангрэс пісьменнікаў у абарону культуры ў Парыж у 1935 годзе. “З вялікім хваляваннем і жалем пазіраў я на тыя мясціны, — пісаў Я. Колас, — дзе колісь хадзіў я і ездзіў. Тыя ж убогія, вузенькія палоскі зямлі, тыя ж панскія маёнткі... Усюды на станцыях пышныя постаці паноў, паўпанкаў і розных дробных шляхцюкоў. І толькі дзе-нідзе на задворках мільгала заношаная світка беларуса”. Пасля доўгага расстання Колас упершыню наведае Мікалаеўшчыну толькі ў канцы чэрвеня 1940 года…

 

 Ніякімі словамі нельга апісаць шчасце, якім поўнілася душа пісьменніка, калі ў верасні 1939 года Заходняя Беларусь урэшце рэшт увайшла ў склад БССР. У вершы “Свайму народу” Колас пісаў:

 

На прастор, на шырокі разлог

Выхадзі, мой народ, грамадою, —

Сотні новых і ясных дарог

Рассцілае жыццё прад табою!..

 

На часовай экспазіцыі таксама прадстаўлены творы Якуба Коласа, прысвечаныя падзелу і ўз'яднанню Беларусі, яго рукапісы, дарчыя надпісы, рэдкія фотаздымкі. Шчыра запрашаем наведаць музей!