background

Беларускія падручнікі пачатку ХХ ст.

30.10.2020

Шаноўныя сябры! Знаёмім вас з матэрыяламі нашай новай анлайн-выстаўкі "Падручнік - кніга асветы".

  • Беларускія падручнікі пачатку ХХ ст.
  • Беларускія падручнікі пачатку ХХ ст.
  • Беларускія падручнікі пачатку ХХ ст.

 

З другой паловы ХІХ ст. пачаўся працэс фармавання мадэрновай беларускай нацыі. Пачала выкрышталізоўвацца інтэлігенцыя, якая не толькі цікавілася беларускім краем, але з ім сябе непасрэдна атаясамляла. У другой палове ХІХ стагоддзя з’явіўся шэраг твораў беларускай літаратуры, што стала прарыўной з’явай на шляху стварэння беларускай нацыі і з’яўлення ў будучым дзяржаўнасці. Мовазнаўчыя даследаванні Івана Насовіча, Яўхіма Карскага  сцвердзілі факт існавання асобнай беларускай мовы і асобнага беларускага народа. Але каб стацца нацыяй – гэта няпросты і доўгі працэс, нястомная праца інтэлігенцыі з рознымі пластамі насельніцтва ў справе пашырэння нацыянальнай свядомасці. Працэс выхавання і адукацыі ў нацыябудаванні займаў адно з найважнейшых месцаў. Рэвалюцыйныя падзеі 1905-1907 гг. паспрыялі  з’яўленню першых напаўлегальных школ некаторымі прадстаўнікамі беларускай шляхты нацыянальнай скіраванасці. Яскравым прыкладам можа быць арганізацыя Канстанцінам Гардзялкоўскім падобнай школы ў Папоўцы Сенненскага павета на Віцебшчыне, дзе ў 1908 г. выкладаў малады Якуб Колас. Між іншым, задума стварэння першых беларускіх падручнікаў з’явілася яшчэ напачатку ХХ ст. у асяродку Беларускай Рэвалюцыйнай Партыі, створанай студэнтам Пецярбурскага тэхналагічнага інстытуту Вацлавам Іваноўскім.

Першай спробай стварыць ілюстраваны дзіцячы падручнік стаўся «Белару́скі леманта́р, або Пе́ршая наву́ка чыта́ння» (у арыгінале: «Biełaruski lementar abo Pierszaja nawuka czytańnia»«Беларуски лемэнтар або Першая навука чытаньня»), што выйшаў у выдавецтве “Загляне сонца і ў наша аконца” ў 1906 годзе.

Лемантар выйшаў калі яшчэ не было ні беларускіх школ, ні беларускай дзіцячай кнігі. Падручнік апярэдзіў на цэлае дзесяцігоддзе ўзнікненне першых беларускіх публічных школ, таму яго выкарыстанне абмяжоўвалася хатнім ужыткам, а таксама падпольнымі беларускімі школамі, што паўставалі пасля рэвалюцыі 1905 г. Падручнік упершыню ў гісторыі быў спробай акрэсліць асноўныя прынцыпы правапісу сучаснай беларускай мовы, прапаноўваў некаторыя беларускія лінгвістычныя тэрміны, а таксама спэцыфічную для гэтай мовы графіку. “Беларускі лемантар” да першай сусветнай вайны фактычна служыў для пісьменнікаў і выдаўцоў адзіным свайго роду практычным дапаможнікам па мове.

На працягу XIX стагоддзя сфарміравалася практыка друкавання беларускіх кніг і іншых выданняў альтэрнатыўна — лацінкай або кірыліцай. Гэта адлюстроўвала як спецыфіку рэлігійнай сітуацыі ў Беларусі, так і матывацыі паасобных аўтараў. Рашэнне выдаць лемантар двума алфавітамі, у адрозненне ад практыкі XIX стагоддзя, не надавала перавагі і не перадвызначала будучыні аднаго з іх. Гэта падвойвала выдаткі на друк, але яны не былі такімі высокімі ў параўнанні са спадзяваным вынікам, г. зн. развіццём нацыянальнай свядомасці і інтэграцыяй беларускага грамадства на падставе агульнанацыянальнай культуры. Рыгор Семашкевіч, напрыклад, паказвае, што на тагачасным этапе гэта было адзіна правільнае рашэнне. Падручнік быў выдадзены як лацінкай, так і кірыліцай, з чаго вынікала, што прызначаўся лемантар як для каталікоў, гэтак і для праваслаўных. Выдаўцы імкнуліся нейтралізаваць наступствы рэлігійнай раз’яднанасці грамадства шляхам абуджэння агульнанацыянальнай свядомасці. У прадмове лемантара падрабязна апісваецца падыход аўтараў і іх нацыянальная пазіцыя:

Лемэнтар гэты выдаем написаны дваякими знаками (литэрами). Ведаем мы ўсе, што меж нами палешуками, беларусами, ци як мы сябе яшчэ называем — тутэйшыми йосьць каталики и праваслаўные, каталики больш да лацинских литэр — што йих несправядлива «польскими» называюць, прывыкли; праваслаўные — да славянских — ци як кажуць да «руских» прывыкли. Гэтые руские — гэтаж нашы спрадвечные беларуские, а лацинскими цяпер увесь сьвет пишэ. Ци раз у нас сварка бывае: зыдуцца каталик з праваслаўным и сваруцца «ах ты, кажэ, паляк, — а ты маскаль». И абодва ня ведама што кажуць: ани той паляк, ани гэты маскаль, абодва яны хоць рознае веры, а народу аднаго, бо абодва вырасли на зямельцы тутэйшай палескай — беларускай и першае слова ў мови нашай бацькаўскай ад бацькоў пачули, а сваруцца тольки сабе на крыўду и на сорам, людзям на сьмех. Вось і знарок выдаем лемэнтар дваякими знаками, выбирай, што спанараўна, каб усяки пазнаў, што ци такие, ци сякие знаки, а зыки, склады и словы тыеж, мова — таяж и людзи што мовай адной гаворуць — браты родные.

3 двух запланаваных варыянтаў лемантара першым у друкарні Пянткоўскага ў Пецярбургу выйшаў варыянт на лацінцы (ліпень 1906 г.), кірылічны з’явіўся на некалькі тыдняў пазней.  Працай над лемантаром на лацінцы пачаў займацца з восені 1904 г. Вацлаў Іваноўскі, якому спатрэбілася крыху больш за паўгады, каб падрыхтаваць выданне. Прычым за прыклад у выданні лемантара Вацлаў Іваноўскі ўзяў польскі лемантар Казімежа Промыка. Іваноўскі пераняў методыку выкладання і канцэпцыю ўкладання падручніка Промыка, а менавіта метадычныя ўказанні настаўнікаў: як паказаць літары і склады, уступныя практыкаванні, алфавіт, тлумачэнне галосных і зычных, назвы знакаў прыпынку і інш. Некаторыя элементы польскага падручніка былі проста перакладзены на беларускую мову, некаторыя з пэўнымі мадыфікацыямі. Але ж тым не менш у беларускім лемантары ўпершыню выкарыстоўваецца беларуская лінгвістычная тэрміналогія. Лемантар быў арыгінальны сваім дыдактычным матэрыялам. Як трапна заўважыў Семашкевіч, усе ілюстрацыі, словы ці тлумачэнне гукаў абапіралася на прыклады з жыцця беларускай вёскі, што мусіла спрыяць лепшаму засваенню вучнямі зместу. Пры гэтым важна адзначыць, што закладзеная тэндэнцыя будзе працягнута ў двух чытанках Цёткі і Якуба Коласа, дзе практычна ўсе тэксты будуць адлюстроўваць менавіта жыццё беларускай вёскі.

Укладаннем кірылічнага варыянту "Беларускага лемэнтару” займаўся непасрэдна Карусь Каганец (Канстанцін Кастравіцкі). Задача ў Каганца была значна прасцей, бо яму трэба было перапісаць кірыліцай лацінкавы тэкст і распрацаваць ілюстрацыі да абодвух варыянтаў падручніка. У кірылічным варыянце К. Каганец карыстаўся рознымі знакамі змякчэння — апострафам і мяккім знакам (мысл', болиць), нескладовае «и» выражаў аднолькава як літарай «й», так і «ǐ» (рай, маǐ), а «о» пасля мяккага зычнага — ці пры дапамозе «ё», ці «іо», ці нават « ǐо» (ён, іон, ǐон). Таксама ў рукапісах К. Кастравіцкага не сустракаецца літары «щ», якую ён паслядоўна замяняў складзеным з дзвюх літар знакам «шч», што стала несумненным вынаходніцтвам, якое было прынята выдавецтвам і назаўсёды ўвайшло ў беларускі алфавіт.

Відаць, апошняе слова ў справе канчатковага тэксту падручніка належала выдавецтву, канкрэтней — В. Іваноўскаму, які аддаваў перавагу  цэнтральным беларускім гаворкам. Канцэпцыя К. Кастравіцкага была ў тым, каб выкарыстоўваць паўднёва-заходні дыялект як аснову для стварэння беларускай агульнанароднай мовы, аднак шырокай падтрымкі яна не знайшла. Але не ўсе паўднёва-заходнія дыялектызмы былі выдаленыя з рукапісу кірылічнага варыянту лемантара, захаваліся, напрыклад, сляды окання (познаваць, покажы, богатый). Не ўжываў К. Кастравіцкі і некаторых лексем, якія сустракаліся ў лацінкавым варыянце, папракаў В. Іваноўскага за ўжыванне паланізмаў і ўвёў у свой тэкст многія словы, якія адрозніваліся з пункту гледжання фанетыкі, марфалогіі, а часам і сэнсу («раней» замест «dauniej», «абодва» замест «aboja»). Гэтыя разыходжанні пацвярджаюць, што два варыянты падручніка былі справай розных аўтараў.

У лемантары Каруся Каганца было 19 малюнкаў, лічыцца, што яны належалі самому аўтару. Малюнкі былі просценькімі — карова, баба, бот, маці, тын, лён, рыба, заяц — але менавіта яны сталі першым узорам аздаблення дзіцячай кнігі ў Беларусі. Такім чынам, лемантар — сапраўдная аўтарская кніга.

У 1906 годзе выйшла таксама “Першае чытанне для дзетак беларусаў”, што ўяўляе сабой кнігу тэкстаў на беларускай мове дыдактычнага, выхаваўчага, развіваючага зместу, у якой багата шчырага гумару, элементаў гульні і забавы. “Першае чытанне...” складаецца з дзвюх частак і ўключае разнажанравыя творы: апавяданні, вершы, казкі, прыказкі, прымаўкі, прыпеўкі, загадкі. У аснове гэтых твораў – уласныя аўтарскія або літаратурна апрацаваныя фальклорныя сюжэты. Аповед вядзецца або ад імя аўтара, або ад імя саміх юных апавядальнікаў. Частка матэрыялаў, уключанных у гэту кніжачку – аўтарскія, напісаныя для “Першага чытання”, а частка – апрацоўка народнай творчасці пісьменніцай і адаптацыя фальклору да дзіцячага ўзросту. Усе творы чытанкі разлічаны на тое, каб выхаваць у падрастаючага пакалення любоў да сваёй радзімы, да роднай прыроды і акаляючага свету. Так, напрыклад, вершы “Сынок маленькі”, “Мой сад”, “Лес”, “Родная вёска”, змешчаные Цёткай у гэтай кніжачцы, уражваюць глыбокім лірызмам, пачуццём цеплыні і шчырасці. Для ўзору прывядзём радкі з твора “Мой сад”:

Стаіць мой сад пад белым цветам:

Нарцыс, стыдлівых поўны крас,

Звісае бэз ў акно букетам,

Тульпанаў куст расцвёў зараз.

…Люблю мой сад, як расцвітае,

Як салавей свой трэль вядзе,

Як цвет галінку прыгібае,

Як пчолка мёд адтуль нясе.

Захапленне роднай прыродай у вершы перарастае ў пачуццё вялікай любові да радзімы. Вершаваная прастора твора поўніцца адчуваннем квітнення і буяння жыцця. У ім чуецца сапраўдная песенная рапсодыя навакольнага свету. Паэтка захоплена цудам прыроды, у якой пануе суладнасць фарбаў і красак, працякаючых працэсаў і перыядаў.

Тэксты гэтай кнігі адкрывалі перад маленькімі чытачамі свет, з дзяцінства ім вядомы і свойскі. І ў гэтым была педагагічная знаходка Цёткі: даць магчымасць дзецям прачытаць пра сваё, добра вядомае, убачыць гэта як бы збоку. Напрыклад, у абразку “Наша гаспадарка” ад імя дзяўчынкі даецца ацэнка хатняга ладу, апісваюцца адносіны да розных жывёл і ўрэшце робіцца вывад пра эканамічнае і сацыяльнае становішча сям’і: “Мне здаецца, што мы не вельмі багаты і не надта бедны. Сярэдняе рукі гаспадары”. З народных казак, апрацаваных пісьменніцай і ўключаных у “Першае чытанне для дзетак беларусаў”, мы знаходзім такія як “Журавель і Чапля”, “Курыца і пятух”, “З прыску ды ў агонь”, “Пакуль не ў руках, не кажы, што тваё”, “Сварба”. Кожная з іх па-свойму цікавая і адметная. Напрыклад, у канцы казцы “Журавель і Чапля”, па прыкладу баек, змешчана вершаваная мараль: “Горька рэдзька – ды ядуць./ Кепска замужам – ды йдуць/хоць за вала, толькі б ў хаце не была”. Падобны прыём можна сустрэць і  напрыканцы верша “Сынок маленькі”, бо мараль у гэтым творы выконвае хутчэй ролю перасцярогі: “Абяцанка-цацанка, а дурному радасць/ Часта абецаюць, рэдка датрываюць”.

Нягледзячы на невялікую колькасць старонак, яна была складзена, па вялікаму рахунку, з асабістых твораў пісьменніцы. Гэту кнігу-падручнік можна лічыць паўнавартаснай працай Алаізы Пашкевіч. Асноўная тэматыка твораў “Першай чытанкі…”: апісанне вясковага жыцця і вясковых краявідаў, ілюстрацыя прыгожосці беларускай прыроды, закранаюцца пытанні школьнага навучання. Пры гэтым ў вясковым жыцці ўвага акцэнтуецца менавіта на жыцці дзяцей, іх навучанні, працы і вольным часе. Змешчана таксама  некалькі беларускіх казак у апрацоўцы аўтаркі, творы розных фальклорных жанраў (прыказкі, песні, загадкі, прыпеўкі). Важна адзначыць, што ў кнізе спалучаны як паэтычныя творы Цёткі, так і проза. У некаторых выпадках верш становіцца працягам і падмацаваннем празаічнай замалёўкі, у якім закладзены вынік ці кароткі змест твору. Выданне складаецца з дзвух частак, першая з якіх змяшчае 11 твораў, а другая – 9. Важна адзначыць, што канкрэтная жанравая дыферэнцыяцыя гэтых твораў не ва ўсіх выпадках з’яўляецца відавочнай і простай.

Больш дасканалым у гэтым плане з’яўляецца “Другое чытанне для дзяцей беларусаў”, якое раздзелена на сем частак, якія змяшчаюць творы, прысвечаныя розным порам года, а таксам два раздзела з вершамі, байкамі і казкамі, як ўласнага, так і народнага паходжання. Для чытанкі Якуба Коласа характэрна, натуральна, большая сістэматызаванасць і лагічнасць. Тым не менш, чытанка Цёткі для Якуба Коласа была добрым прыкладам, які быў для маладога настаўніка пэўным узорам, што бачна і па ўзнятых тэмах, сугучных у двух чытанках. Верагодна чытанка Цёткі стала прыкладам і ў жанравым паказчыку твораў, бо ў Якуба Коласа таксама прысутнічаюць як народныя народныя казкі і байкі, апрацаваныя аўтарам, так і паэтычныя творы з ўласнымі апавяданнямі. Пры гэтым спалучэнні верша з апавяданнем адной тэматыкі таксама нярэдкасць, што ствараюць вельмі дасканалую і шматколеравую карціну з’яў. Падобны аўтарскі прыём быў вышэй адзначаны і ў “Першым чытанні…” Алаізы Пашкевіч. Аднак відавочна, што колькасць і тэматыка твораў, іх вобразнасць і фарбавая палітра, больш шырока і дасканала прадстаўлена менавіта ў “Другім чытанні для дзяцей беларусаў”.  Больш у “Другім чытанні…” Якуба Коласа і этнаграфізму ў замалёўках вясковых краявідах і апісанняў вясковага жыцця, хаця ў “Першым чытанні для дзетак беларусаў” ён таксама прысутнічае.

Калі параўноўваць паэтыку назваў, можна ўбачыць пэўную розніцу ў падыходах Цёткі і Якуба Коласа. Калі кніга Цёткі вызначаецца аўтаркай як “чытанка” і прызначаецца менавіта “дзеткам” – выкарыстоўваецца памяншальна-ласкальная форма слова, то Якуб Колас падыходзіць да назвы з большай сур’ёзнасцю, называючы сваю кнігу грунтоўна – “чытанне” – і прысвячае ўжо “дзецям беларусаў”. Гэта трапная заўвага Карчашкінай ілюструецца не толькі ў большым аб’ёме Коласаўскай чытанкі, але і ў большым ахопе тэмаў. Аўтараў “Першага чытання” і “Другога чытання” адрознівае таксама тое, што абодва мелі на той час пэўны педагагічны вопыт, чаго не скажаш пра стваральнікаў “Беларускага лемантара”.

Звяртаючыся да гісторыі напісання “Другога чытання…”, адзначу, што пісьменнік пачаў пісаць падручнік восенню 1906 года і зімой 1906-1907 гг., калі жыве з роднымі ў леснічоўцы ў Цёмных Лядах. Час пражывання ў Цёмных Лядах быў вельмі плённым ў творчасці паэта. Менавіта ў гэты час малады паэт і настаўнік актыўна распрацоўвае будучы падручнік, маючы ўжо пэўны педагагічны вопыт. У лісце да сябра ён адзначаў: “Калі пачалі выходзіць часопісы “Наша доля”, “Наша ніва”, з’явілася надзея на тое, што будуць беларускія школы. К таму часу быў ужо лемантар, зложены Цёткай. Я хацеў прадоўжыць яе работу”. Задума пра падручнік для беларускіх дзяцей выспявала паступова. У гэты час Якуб Колас шмат друкуецца ў “Нашай ніве”, у тым ліку публіцыстычныя тэксты на тэму роднай мовы (“Беларуская мова ў казённых школах”, 1906, №7).

“Другое чытанне…” складаецца з 84 твораў, падзеленых на сем частак (раздзелаў). Першыя чатыры часткі прысвечаны порам года: кожная з іх пачынаецца творам з адпаведнай назвай. Пяты раздзел мае назву “Родныя абразы” і распавядае пра жыццё беларускай вёскі. Шосты ўключае вершы, сёмы – казкі. Сярод усіх твораў 30 вершаваных тэкстаў і адпаведна 54 празаічных. Асаблівасць чытанкі ў тым, што выйшла яна толькі кірылічным шрыфтам, хаця Якуб Колас падрыхтаваў і адправіў у Пецярбург не адзін, а два рукапісы зборніка, г.зн. кірыліцай і лацінкай. Планавалася, што зборнік выйдзе ў двух варыянтах, бо нават на вокладцы  “Другога чытання…” ўнізе было напісана наступнае: “Скора выйдуць: “Druhoje čytannie Jakuba Kolasa. Аднак гэтага не адбылося. Прычына, што перашкодзіла выданню кніжкі лацінкай, дагэтуль невядома.

Метадалагічна “Другое чытанне..” Якуба Коласа пісалася пад уплывам педагагічнай спадчыны К. Д. Ушынскага, які шмат увагі ўдзяляў пытанням навучання дзяцей у пачатковай школе і стварыў “Детский мир” і “Хрестоматию” у 1861 годзе. Сам Якуб Колас адзначаў, што падручнікі К. Д. Ушынскага “Роднае слова” і “Дзіцячы свет” пакінулі глыбокі след і адбіўся на матэрыяле “Другога чытання для дзяцей беларусаў”.

Між іншым афармленне вокладкі чытанкі Якуба Коласа, што было падрыхтавана Карусём Каганцом, была таксама выкарыстана Беларускім Выдавецкім Таварыствам у Вільні для выдання “Родны край. Першая пасьля лемантара кніжка для чытаньня” (1919). Укладальніцай гэтай кніжкі для чытання з’яўляецца Леаніла Чарняўская (Гарэцкая), якая на той час была выкладчыцай беларускай мовы ў Віленскай беларускай гімназіі. “Другое чытанне для дзяцей беларусаў” сталася першым падручнікам з ілюстраванай вокладкай, што адрознівае яе ад “Беларускага лемантара” і чытанкі Цёткі.

Такім чынам, першыя дзесяцігоддзі ХХ ст. сталі этапнымі для вызначэння падыходаў да канструявання вучэбнай літаратуры на беларускай мове. Кожны з прааналізаваных падручнікаў мае сваю адметнасць і з’яўляецца важнымі этапамі ў падрыхтоўцы вучэбнай літаратуры на беларускай мове. Найбольш дасканалым падручнікам з’яўляецца “Другое чытанне…” Якуба Коласа, бо гэта сістэматызавапны па тэматычным прынцыпе пазнавальна-дыдактычны матэрыял для чытання ў класе і самастойна,  а мэтавая група (ці катэгорыя навучэнцаў) чытанкі  ― усё тагачаснае насельніцтва беларускіх зямель.

 

Літаратура

  • Семашкевіч, Р. М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX ― пачатак XX ст.) / Р. М. Семашкевіч. — Мінск : Выдавецтва БДУ, 1971. — 132, [2] с
  • Мадэрная гісторыя Беларусі / Юры Туронак. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006. — 877 с. 
  • Бараноўская, С.М., Трансфармацыя традыцый народнай педагогікі ў творчасці Цёткі (Алаізы Пашкевіч)/ С.М. Бараноўская // Мастерство online [Электронны рэсурс]. Рэжым доступа: http://ripo.unibel.by/index.php?id=704. Дата доступа: 2.09.2020
  •  Ганчарова-Цынкевіч. Т.У. Асветніцкая дзейнасць Цёткі // Беларуская мова і літаратура ў славянскім этнакультурным кантэксце: Матэрыялы ІІ Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі. Адк. рэд. Г.А. Арцямёнак. Віцебск, 19-20 ноября 2015 г. – С. 179-183
  • Каганец К. Беларускі лемантар, або першая навука чытання. — Санкт-Пецярбург: Загляне сонца і ў наша аконца, 1906. — 30 с.
  •  Другое чытанне для дзяцей беларусаў. Санкт-Пецярбург: Загляне сонца і ў наша аконца,- 112 с.
  • Першае чытанне для дзетак беларусаў. Санкт-Пецярбург: Загляне сонца і ў наша аконца, – 30 с.
  • Куліковіч У.І. Тыпалагічныя адметнасці вучэбных выданняў Якуба Коласа / Літаратура ў культурнай прасторы Беларусі і Кітая : зборнік навуковых артыкулаў па матэрыялах Міжнар. канф. прысвечанай народнаму паэту Беларусі Я.Коласу, г. Цяньцзінь, Кітайская Народная Рэспубліка, 17-18 мая, 2019 г./ пад. Рэд. У.І.Куліковіча, В.В. Шахаб. – Мінск: БДТУ, 2019 -  С.102-108
  • Карчашкіна Д.В. “Першая чытанка для дзетак беларусаў” Цёткі і “Другое чытанне для дзяцей беларусаў” Якуба Коласа: асаблівасці гендарнага падыходу/ Каласавіны: матэрыялы ХХХІІІ навуковай канферэнцыі, прысвечанай 75-годдзю вызвалення Мінска ад нямецка-фашыскіх захопнікаў і 60-годдзю Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа (Мінск, 1 лістапада 2019 г.) / Мінск: Медысон, 2019. – С. 66-72  
  • Панасевіч З.М. “Другое чытанне для дзяцей беларусаў” Якуба Коласа/ Каласавіны: матэрыялы навуковай канферэнцыі з нагоды 90-годдзя творчай дзейнасці Якуба Коласа (1996 г.)

Падрыхтаваў старшы навуковы супрацоўнік навукова-асветніцкага аддзела Аляксандр Крыжэвіч