background

Да 110-годдзя зборніка “Песьні-жальбы” Якуба Коласа

02.06.2020

“Песьні-жальбы” – першы паэтычны зборнік народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, выданню якога ў гэтым годзе спаўняецца 110 год. Гэта кніга паэтычных твораў з актуальнымі матывамі і цікавымі сюжэтамі. Менавіта ў ёй мы можам убачыць кола тэм і праблем, асноўныя матывы творчасці маладога паэта, якія ў далейшай пісьменніцкай дзейнасці будуць развівацца творцам.

  • Да 110-годдзя зборніка “Песьні-жальбы” Якуба Коласа
  • Да 110-годдзя зборніка “Песьні-жальбы” Якуба Коласа
  • Да 110-годдзя зборніка “Песьні-жальбы” Якуба Коласа

      Кніга паэзіі “Песьні-жальбы” выйшла пры дапамозе калег і сяброў з “Нашай нівы”. Прычым падтрымка была не толькі ў выданні зборніка, але і ў яго рэдагаванні, бо Якуб Колас у гэты час знаходзіўся за кратамі Пішчалаўскага замку. Кніга паэзіі, выдадзеная ў 1910 годзе ў адным з тагачасных беларускіх нацыянальна-культурных цэнтраў - Вільні, увайшла ў залаты фонд беларускай літаратуры, сталася яе класікай.

     Канечне, ў зборніку “Песьні-жальбы” ёсць вершы больш моцныя і вядомыя, ёсць практычна невядомыя і аднастайныя. Аднак кожны з вершаў малюе рэалістычную карціну тагачаснага жыцця простага народа, хараство роднай прыроды і непаўторнасць краявідаў Бацькаўшчыны. Нягледзячы на час напісання паэтычнага зборніка, пэўныя вершаваныя радкі і мэсэджы аўтара ў нечым дагэтуль актуальны і цікавы для сённяшніх пакаленняў беларусаў. Яскравейшы прыклад – перапрацоўка невялікага верша “У турме” (апошняга твора зборніка) знакамітым беларускім рокерам Лявонам Вольскім. Радкі верша не проста паклаліся на гітарныя рыфы, але і загучалі па-новаму, адлюстроўваючы сэнсы сучаснай беларускай рэчаіснасці. Тым не менш верш “У турме” - гэта найперш сведчанне таленту Якуба Коласа, адчуванне ім тагачаснай эпохі і стану беларускага краю. Пры гэтым нельга забываць, што беларускі класік пісаў і пра свой няпросты лёс, а лірычны герой яго кнігі паэтычных твораў часта асацыяваў уласнае становішча з няпростым і гаротным палажэннем простага народа:

 

Сонцэ ўстане, сонцэ зайдзе,

Дзень заменіць ночкі цьма,

А над намі чорнай хмарай

Вісьне цесная турма.

        Птушкі вылятуць на зіму,

       Птушкі зноў лятуць сюды,

       А мы томімся ў вастрозе,

       Трацім лепшыя гады.

  Дні праходзяць, дні праходзяць,

  Летам зьменіцца зіма,

  А мы сохнем і марнеем;

  Нам тут радасьці німа.

 

       Ёсць, дарэчы, і тыя вершы, якія могуць падавацца на сёння дзіўнаватымі, але напачатку ХХ стагоддзя Якуб Колас у сваёй творчасці апісваў некаторыя новыя з’явы для тагачаснага грамадства, як то ў вершы “Чугунка” (напісанне згодна арыгіналу!):

 У два рады меж палёў

Стройна рэйкі ляглі,

Рэжуць нетру лясоў,

Точаць грудзі зямлі;

          Гдзе стрэлою лецяць,

          А гдзе дужкай бягуць

          Цераз горы і гладзь,

          Сьмела рэчкі сякуць…

Эх, і быстры-ж той гон!

Толькі пыхае дым,

За вагонам вагон

Мчыцца зьмеем ліхім!

            Мчыцца ў ноч і у дзень,

            Толькі поле дрыжыць, -

            Лёгканогі алень,

            Так арол не ляціць!

       Зборнік вершаў “Песьні-жальбы” быў надрукаваны ў цвёрдай вокладцы, фармат выдання якога можа вызначацца як дастаткова малы, г.зн. што памеры друкаваных старонак зборніка невялікія. Аднак тоўсценькая кніжыца на той час, верагодна, магла прыцягваць увагу не толькі гучнай назвай, але і візуальным афармленнем. Назва гэтага зборніка павінна пісацца праз злучок нягледзячы на тое, што на вокладцы напісана “Песьні жальбы”. Дарэчы, цікава атрымоўваецца калі на вокладцы назва зборніка вялікім шрыфтам пазначана без злучка, але з ім на карэнчыку кнігі. Даследчыкі схіляюцца да таго, што назву зборніка трэба пісаць праз злучок, бо ён захаваны ў адным з першых вершаў “Рана засмуцілісь…”. Больш за тое, калі пісаць назву кнігі праз злучок, “жальбы” становяцца азначэннем-эпітэтам “песень”, што цалкам адпавядае кантэксту вершаваных твораў народнага паэта. На сёння мы можам таксама карыстацца факсімільным выданнем зборніка 1982 года, якое выйшла нямалым накладам у 10 тысяч асобнікаў на 100-годдзе Песняра і сталася важнай падзеяй у папулярызацыі ранняй творчасці Якуба Коласа.

     Сюжэты і матывы многіх вершаў зборніка часта ствараюць адчуванне пакуты і нэндзы беларускіх прастораў пачатку ХХ ст., аднак пры гэтым мастацка-вобразныя характарыстыкі напаўняюць уяўленні чароўнасцю і непаўторнасцю краю, імя якому Беларусь. Аўтар разважае не толькі пра лёс людзей і роднага краю, аднак і малюе вершаваным словам вобразы краіны, для якой характэрны пэўны прыродны ланшафт і ўнікальныя краявіды. Песімістычны настрой многіх вершаў зборніка стварае ўражанне, што аўтар апісаў свой жаль і боль, гледзячы як просты народ гібее ў сваіх хатах, як бедна і беспрасветна жыве мужык. Больш глыбокія даследванні, аднак, паказалі іншае прачытанне  паэтычнай кнігі: суцэльны твор з шматслойнай канцэптуалістыкай, з дзвюма сюжэтнымі лініямі (рэалістычная і метафізічная), якія аўтарам звязваюцца ў адно цэлае, ствараючы філасофскую карціну перажыванняў-роздумаў лірычнага героя. Аднак адкуль тады ўзніклі падставы лічыць зборнік “Песьні-жальбы” як суцэльны плач і жаль аўтара? На мой погляд, не ў малой ступені на гэтае азначэнне і ўспрыняцце паўплывала мастацкае афармленне вокладкі кнігі.   

      Сапраўды ў некаторых вершах яўна прасочваюцца нэндза і жальба, як у вершы “Песьняр”. Прычым аўтар не хавае, што яму цяжка гаварыць пра шчасце і радасць, бо ў думках адзін толькі смутак:

Кажуць людзі: “Што ты смутны?

“Што сьпеваеш ўсё пра горэ?

“Твае песьні – стогн пакутны,

“Слёзы ветра на прасторы!

           “Ты злажы нам песьню волі,

            “Песьняй шчасьця залівайся!

           “Ціхім сьпевам нівы ў полі

            “Ў струнах сэрца адклікайся,

“Каб весна на нас дыхала,

“Грэла душу цеплатою. –

“Каб нам сэрцэ сагрэвала

“Ціхім шчасцем, дабратою”…

               - Ой, вы людзі! Німа-ж волі:

                Скуты мысьлі ланцухамі,

                Пусты нівы нашы ў полі,

                Злосны віхар дзьме над намі!

Ці-ж я сэрцэм не балею?

Ці-ж мне смутак лёгка даўся?!

Я сьпеваю, як умею, -

Я пра радасць пець ня здаўся.

      Пры гэтым візуальнае афармленне вокладкі зборніка даволі моцна ўплывае на чытача, ужо ствараючы пэўныя вобразы і стаўленне да зместу кнігі. Малюнак на вокладцы зборніка можна апісаць наступным чынам: крумкачы, якія кружаць над пустой нівай, з акуратна складзенымі стагамі. Гэты вобраз якраз адпавядае меркаванню, што “песні” Якуба Коласа “плакалі”, бо ў паэта нарадзіўся жаль, гледзячы на жыццё людзей і сумныя краявіды прыроды. Пры гэтым малюнак на вокладцы глядзіцца сэнсава звязаным з назвай зборніка і можа сапраўды асацыявацца з жальбай, смуткам, які пануе ў родным краі.

       Важна адзначыць, што ў вершы “Восень” паэтычным словам намалявана шэрая карціна прыроды, якая ў нечым блізкая па сюжэту да ілюстрацыі вокладкі: “Пуста ў лузе. Толькі стогі/Парыжэўшыя стаяць,/Ды шпакі каля дарогі/Цэлы дзень, адно, крычаць”. З аднаго боку карцінка ўспрымаецца як песімістычны і шэры вобраз роднага краю, калі над пустымі палямі з стагамі лятаюць крумкачы, а іх крык толькі надае больш суму. Крумкач як птушка з рэзкім крыкам і чорным колерам можа ўспрымаецца як медыятар паміж жыццём і смерцю. Гэты вобраз можна прачытаць і як адміранне нечага старога і нараджэнне нечага новага. Мусіць гэтую ідэю і хацелі данесці аўтары/аўтар ілюстрацыі зборніка.

       Тым больш, што ў кнізе паэтычных твораў, акрамя песімізму, нямала і мажорных нотак, спадзяванне на лепшую долю, як у вершы “Не бядуй”:

Не бядуй, што сонцэ нізка,

Што праходзіць нудны дзень;

Не бядуй, што восень блізка

І легла на землю цень.

<…>

Будзе час, і сьнег растане,

Прыйдзе к нам ізноў весна;

Ціха з неба сонца гляне,

Ачуняе старана!

<…>

- Пойдзе дымам ўсё ліхое,

Усё, што душыць нас і гне!

Вер, што жыцце залатое

Будзе ў нашай старане!

       Такім чынам, можна лічыць, што вокладка паэтычнага зборніка “Песьні-жальбы”, аформленая ў сумных танах, перадае амбівалентныя матывы: з аднаго боку жаль і смутак праз шэрую будзённасць краявідаў, з другога боку вобраз крумкача як сімвала нараджэння новага парадку.

Матэрыял падрыхтаваў старшы навуковы супрацоўнік навукова-асветніцкага аддзела Аляксандр Крыжэвіч.