background

Дактары Якуба Коласа

17.06.2020

Напярэдадні дня медработніка Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, Музей гісторыі медыцыны Беларусі і газета “Медыцынскі веснік” прадстаўляюць сумесны праект – анлайн выстаўку “Дактары Якуба Коласа”. Аб дактарах класіка беларускай літаратуры мы не раз распавядалі на старонках газеты “Медвеснік”, кожны раз гэта быў матэрыял з новымі малавядомымі фактамі аб жыцці песняра. Нам бы хацелася павіншаваць усіх дактароў з прафесійным святам, падзякаваць спецыялістам, якія змагаюцца з каранавіруснай інфекцыяй і кожны дзень ратуюць жыцці людзей, а таксама ўзгадаць лекараў, якія лячылі класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа.

  • Дактары Якуба Коласа
  • Дактары Якуба Коласа
  • Дактары Якуба Коласа
  • Дактары Якуба Коласа
  • Дактары Якуба Коласа
  • Дактары Якуба Коласа
  • Дактары Якуба Коласа
  • Дактары Якуба Коласа
  • Дактары Якуба Коласа
  • Дактары Якуба Коласа
  • Дактары Якуба Коласа
  • Дактары Якуба Коласа
  • Дактары Якуба Коласа
  • Дактары Якуба Коласа
  • Дактары Якуба Коласа
  • Дактары Якуба Коласа
  • Дактары Якуба Коласа

 

         

Малавядомым з’яўляецца дарчы надпіс Якуба Коласа, прысвечаны дакторцы, з якой ён пазнаёміўся ў Грузіі ў 1941 годзе, калі адпачываў там разам са сваім сябрам Янкам Купалам. Аўтограф-прысвячэнне змешчаны на адваротным баку фотаздымка, які захоўваецца ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы. Ён адрасаваны Ціне Дзмітрыеўне Джавахішвілі:

“Міламу, дарагому Доктару, Ціне Дзмітрыеўне.

Мілая Ціна, сэрца Цхалтубо!

Прыміце падзяку Вы ад Якуба.

За Вашу увагу, за ласкі і лекі

Я буду насіць Вас у сэрцы навекі.

Якуб Колас благадарный пацыент.

14.ІІІ -1941 г. Цхалтубо”.

Ціна Дзмітрыеўна нарадзілася 15 сакавіка 1915 года ў сяле Ахтала ў Грузіі ў сям’і дактароў: маці Анета Магалашвілі – медсястра, бацька – Дзмітры Джавахішвілі доктар-курортолаг. Вышэйшую адукацыю Ціна Дзмітрыеўна атрымала ў Тбіліскім медінстытуце, які паспяхова скончыла ў 1937 годзе. Працавала тэрапеўтам у розных медустановах, у тым ліку і ў эвакогоспітале ў Цхалтубо, які ў той час быў усесаюзным курортам. Там яна і пазнаёмілася з класікамі беларускай літаратуры Янкам Купалам і Якубам Коласам. 

Аб гэтай сустрэчы Якуб Колас піша у лісце да Ніны Нагіной, знаёмай сям’і паэта: “Со второго марта я нахожусь в Цхалтубо. Я не один: со мной и Янка Купала. Он уже третий раз здесь, и человек, можно сказать, свой. Поэтому мы окружены вниманием со стороны медицинского персонала. Наша докторша, Тина Дмитриевна, грузинка, очень милый человек и прекрасная девушка, которой можно только восхищаться…”.

Адным з  дактароў Якуба Коласа быў Давід Рыгоравіч  Абрамовіч.  З 1944 па 1949 г. ён займаў пасаду загадчыка стацыянара лечкамісіі, у далейшым атрымаў ступень кандыдата медыцынскіх навук (1960 г.), з’яўляўся  асістэнтам кафедры ўнутраных захвораванняў Мінскага медыцынскага інстытута, у 1960-ых гг. працаваў на пасадзе галоўнага дыетолага Міністэрства аховы здароўя БССР.

З Якубам Коласам пазнаёміўся пад час работы ў лечкамісіі, аб гэтым доктар Абрамовіч пакінуў цікавыя ўспаміны:

“На працягу 1944-1949 гадоў, калі я працаваў загадчыкам стацыянара спецпрызначэння, народны паэт БССР Якуб Колас два разы знаходзіўся там на лячэнні. Стан яго здароўя ў той час не быў цяжкім, але ён меў патрэбу ў працяглым спакоі і сістэматычным назіранні… Канстанцін Міхайлавіч быў выключна дысцыплінаваным хворым, строга прытрымліваўся вызначанага рэжыму і акуратна выконваў усе прызначэнні дактароў…З усім персаналам бальніцы Якуб Колас трымаў сябе вельмі проста і сціпла. Мы ніколі не заўважалі ў яго зласлівасці, прыдзірлівасці або павышанай патрабавальнасці. Заўсёды спакойны і ветлівы, ён горача дзякаваў абслугоўваючаму персаналу за самую маленькую паслугу. А калі пакідаў стацыянар, выносіў усім пісьмовую падзяку. Асабліва ўважлівы быў Канстанцін Міхайлавіч да санітарак і медсясцёр, цікавіўся іх жыццём, працай, нярэдка дапамагаючы ім парадай, цёплым словам. 

Колас звычайна быў стрыманы і нешматслоўны, ды і мы імкнуліся паменш яго непакоіць, хоць многім з персаналу хацелася пагаварыць і бліжэй пазнаёміцца з народным паэтам. Нярэдка пасля абходу, калі Канстанцін Міхайлавіч адчуваў сябе няблага, я заставаўся ў яго ў палаце і гутарыў з ім, што прыносіла мне вялікае задавальненне. Пасля кожнай гутаркі заставалася такое адчуванне, нібы я напіўся чыстай свежай вады з жыватворнай крыніцы.

Аднойчы я зайшоў да Канстанціна Міхайлавіча ў палату, калі ён пісаў сваім чоткім бісерным почыркам вершы.

—  Гэтыя вершы, доктар, я прысвячаю Вам, — усміхаючыся сказаў паэт. — Хутка я іх скончу.

Можна ўявіць, з якім нецярпеннем я чакаў гэтыя вершы. І сапраўды, праз некалькі дзён я атрымаў ад Якуба Коласа верш “РОЭ і хрыпы”. Справа ў тым, што з-за павышанай РОЭ (рэакцыі асядання эрытрацытаў) і хрыпаў, што праслухоўваліся ў лёгкіх і непакоілі нас, дактароў, мы затрымлівалі Канстанціна Міхайлавіча ў бальніцы і не дазвалялі яму выпісацца дадому”.

Вершы з цыкла “На медыцынскія тэмы” яшчэ не вельмі знаёмы шырокаму колу чытачоў, яны ўпершыню ўвайшлі ў Поўны збор твораў, які быў выдадзены да 130-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа. А ў іх так яскрава праявіўся гумар паэта:

 

РОІ і хрыпы

Плюну я на “роі”,

Наплюю на “хрыпы”

Ды пайду пад хвоі,

Пад дубы, пад ліпы.

 

Дайце ж перадышкі,

Няхай “роя” спухне.

Ні дна, ні пакрышкі,

Ёй, лацінскай кухні!

 

Дай, Божа, ніколі

Дактароў не ведаць.

Лепш у чыстым полі

Снедаць і абедаць.

24/V 1946 г.

У 1948 годзе Д.Р. Абрамовічу Якуб Колас падарыў кнігу “Рыбакова хата” з наступным дарчым надпісам: “Дорогому Давиду Григорьевичу Абрамовичу. “Да не услышит ухо Ваше легочных хрипов”. 

 А у асабістай бібліятэцы Якуба Коласа захоўваецца кніга “Влияние алкоголизма на здоровье, труд  и быт человека” (Минск, 1954 г.), якая выйшла пад рэдакцыяй доктара медыцынскіх навук, прафесара М.А.Чалісава і кандыдата медыцынскіх навук Д.Р. Абрамовіча. Напэўна Абрамовіч захацеў падзяліцца сваімі дасягненнямі з паэтам і нават пакінуў на кнізе дарчы надпіс: “Глубокоуважаемому Константину Михайловичу Мицкевичу (Якубу Коласу). Д.Г. Абрамович г. Минск, 21/ ІХ 1954  г.”. 

Дашкевіч Міліцыя Іванаўнадоктар стацыянара спецпрызначэння БССР, дзе ў 1940-1950 гг. лячыўся Якуб Колас.

 Міліца Іванаўна Дашкевіч працавала разам з Давідам Рыгоравічам Абрамовічам, які ўспамінаў: “У час другога знаходжання ў стацыянары, у 1948 годзе, Якуб Колас прысвяціў мне і працаваўшай са мной у той час урачу М.І. Дашкевіч верш “Маім цаліцелям”.Выздараўленне паэта было святам для ўсяго персаналу стацыянара, які горача любіў вялікага песняра беларускага народа, незвычайна сціплага і чулага чалавека, незабыўны вобраз якога як узор чалавечай мудрасці назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах.”

 

Маім цаліцелям

Д.Г. Абрамовічу і М.І. Дашкевіч

 

Настане дзень халодны,змрочны.

Ты ловіш водгукі начы…

У свой абвыклы час урочны

Прыходзяць з трубкамі ўрачы.

 

Я прысядаю на пасцелі

Спіною голай к дактарам,

Каб больш прастору яны мелі

Паслухаць, што тварыцца там.

 

Дышу, як мех, па іх загаду.,

Спыню дыханне, кашляну

Ды зноў кладуся на спіну,

Чакаю вынікаў агляду.

 

Давід Грыгор’евіч сярдзіты.

Ну, значыць, з лёгкімі я ўліп!

І кажа доктар дзелавіта:

- У правым лёгкім хрып ды хрып!

 

І так штодзень іх кажа трубка,

Хоць зноў Тамарына ты кліч…

Глядзіць Міліца, як галубка,

А я насуплюся, як сыч.

 

Эх, хрыпы, хрыпы, штоб вы скіслі!

Ну, хоць бы “хрыпікі”, “хрыпкі”…

Адказ адзін плыве на мыслі –

Не ездзіць, брат табе ў грыбкі!

Якуб Колас 10 Х 1948 г.

Цудоўным падарункам для дакторкі стала кніга  “Рыбакова хата” з аўтографам класіка: “Дорогой Милице Ивановне Дашкевич. Якуб Колас”. 

Сяргей Міхеевіч Мелкіх – прафесар, доктар медыцынскіх навук, заснавальнік і першы загадчык кафедры факультэтскай тэрапіі медыцынскага факультэта БДУ, член-карэспандэнт АН БССР (1940 г.), дырэктар інстытута тэарэтычнай і клінічнай медыцыны АН БССР (1940-1941,1945-1952 гг.), займаўся праблемамі паталогіі нырак, захвораваннямі органаў дыхання, сардэчна-сасудзістай сістэмы. У фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа захоўваецца віншавальная тэлеграмма Якубу Коласу на яго 60-годдзе ад прафесара Мелкіх С.М., а таксама некалькі фотаздымкаў 1948 года на якіх Якуб Колас і С.М. Мелкіх сфатаграфаваны разам у двары лечкамісіі. 

Лёс наканаваў Якубу Коласу сустрэцца з яшчэ адным доктарам, доктарам, які выратаваў яму жыццё… Быў  1955 год. 17 студзеня Якуб Колас адкрывае вечар, прысвечаны 2400-годдзю з дня нараджэння Арыстафана. Вечар быў арганізаваны Беларускім таварыствам сувязі з замежжам, Саюзам пісьменнікаў БССР і Беларускім Рэспубліканскім камітэтам абароны міру. Якуб Колас абяцаў выступіць з уступнай прамовай на вечары задоўга да яго правядзення, не хацеў парушыць свайго абяцання, таму і не прызнаўся дактарам, што адчувае сябе не важна. Бо вядома дактары забаранілі б выходзіць паэту з дому і трапіць на святочны вечар было б не магчыма. Наступным днём стан здароўя паэта значна пагоршыўся. Максім Лужанін успамінае:  Якуб Колас “гаварыць і нават шаптаць не можа. Вочы замгліліся пялёнкаю болю, моцна сціснутыя вусны здаюцца бледна-жоўтым рубчыкам, знакам, што застаецца ад сечанай раны”. Хоць паэт і быў супраць, але прыйшлося выклікаць дактароў. Па словах Максіма Лужаніна ў хуткім часе “на парозе спаленькі з’яўляецца магутнейшая дакторская брыгада. Прафесары Д.А. Маркаў і Б. І. Трусевіч і ўрач, які бываў тут на правах “хатняга доктара”, заўсёды вясёлы і бадзеры, хоць і сам цяжка хворы, выключнай спрактыкаванасці і светлай натуры чалавек С.О. Ліяранцэвіч”. З дыягназам “востры апендыцыт” хворы быў гаспіталізаваны. Кансіліум дактароў лечкамісіі пацвердзіў пярвічны дыягназ. Калі хворы згодзіцца на аперацыю, будуць выклікаць хірурга з Масквы.

Максім Лужанін успамінае: “На досвітку па тэлефоне дазнаюся ў дзяжурным пакоі: аперацыю зрабіў, узяушы ўсю адказнасць на сябе, лепшы наш хірург Мікалай Іванавіч Бобрык. Становішча хворага цяжкое”.

 Сам паэт у лісце да свайго сябра і перакладчыка Сяргея Мітрафанавіча Гарадзецкага піша: “Если бы я приехал на операцию на сутки позднее, то уже не было бы смысла делать ее…Через несколько часов могло бы быть воспаление брюшины, и тогда Якубу Коласу был бы крах”.  Аб перажытым паэт дзеліцца і з М. М. Прозаравай, знаёмай яго сям’і: “О многом я мечтал и думал за своё долгое житьё, но никогда не приходила мне в голову мысль, что придётся оперироваться, чтобы вырезать аппендицит. Сегодня месяц, как меня оперировали. Обычно после этих операций больной выписывается дней через десять. Я же немного запоздал на оперирование: еще через сутки, и операция была бы бесполезна. Отросток слепой кишки принял настолько агрессивную форму, что уже начался воспалительный процесс, который вызвал бы воспаление брюшины, чего я едва ли перенес бы. Операцию я перенес легко, но было очень тяжело после операции. Были моменты, что я жалел, что согласился на операцию. Через несколько дней после операции заболел воспалением лёгких”. П. А. Сямыніну, сябру і перакладчыку, Якуб Колас паведамляе: “никак я не гадал, не думал, что некую часть своего организма придётся выбросить. Операцию перенес хорошо, даже шутил во время операции, несмотря на то, что отросток слепой кишки сильно разбух и уже начинал гноиться. Только когда хирург потянул кишку, я почувствовал сильную боль и застонал. Потом спрашивал, скоро ли придёт портной – имелось в виду зашивание разреза, т.е. конец операции”.

Свайму збавіцелю Якуб Колас падарыў кнігу – першы том збора твораў, які выйшаў у друку ў 1952 годзе ў Мінску ў Дзяржаўным выдавецтве БССР. На кнізе паэт пакінуў дарчы надпіс: “Дарагому Мікалаю Іванавічу Бобрыку на памяць ад удзячнага пацыента. Якуб Колас. 7.ІІІ. 1955 г.”

 Не абмінём увагай  асобу самаго Мікалая Іванавіча Бобрыка. Ён – не просты хірург, а загадчык кафедры агульнай хірургіі Мінскага медыцынскага інстытута (1955-1956 гг.), загадчык хірургічнага аддзялення Рэспубліканскай бальніцы 4-га лячэбна-санітарнага праўлення Міністэрства аховы здароўя БССР (1949-1956 гг.), галоўны анколаг Міністэрства аховы здароўя БССР (1949-1954 гг.), заслужаны ўрач БССР (1948 г.).  Значная колькасць навуковых работ Мікалая Іванавіча прысвечана пытанням анкалогіі. Ён быў прыхільнікам тэорыі вірусагенетычнага паходжання злаякасных пухлін, вывучаў пытанні іх дыягностыкі, клінікі і лячэння.  У 1948-1949 гг. працаваў на пасадзе галоўнага ўрача Рэспубліканскага анкалагічнага дыспансера.  У 1953 годзе выйшаў у друку навукова-папулярны нарыс Мікалая Іванавіча Бобрыка “Рак і барацьба з ім.”   Мікалай Іванавіч узнагароджаны 4 ардэнамі, у тым ліку двума баявымі, ордэнам Леніна, медалямі. 

         Мікалай Іванавіч працаваў над праблемамі клінікі, дыягностыкі і лячэння хірургічных захвораванняў органаў брушной поласці (апендыцыт, перытаніт і інш.), займаўся вывучэннем аддаленых вынікаў хірургічных умяшанняў. Аўтар звыш 40 навуковых прац.

Удзячны пацыент Якуб Колас не толькі падарыў Мікалаю Іванавічу  кнігу з дарчым надпісам. Незадоўга да выпіскі з бальніцы классік беларускай літаратуры прачытаў яму верш, які быў напісаны Максімам Лужаніным, беларускім паэтам, сябрам і асабістым сакратаром Якуба Коласа. Верш быў напісаны нібы ад імя хворага. Выслухаўшы верш, Якуб Колас папрасіў запісаць яго, а прачытаўшы сам, падвастрыў два радкі ў заканчэнні:

Добры доктар Бобрык,

Але страшны ножык:

Выража апендыкс,

Пакладзе на ложак.

 

Не чапні рукою,

Не мяльні нагою,

Покуль каля пупа

Дзіркі не загоіш.

 

Гэта ўсё мінецца,

Час усё заліжа…

Дзякуй, дзядзька Бобрык,

Што не рэзаў ніжай.

Мікалаю Іванавічу верш спадабаўся. М. Лужанін у кнізе “Колас расказвае пра сябе” успамінае: “Падзяка табе ад Бобрыка, – сустрэў мяне Канстанцін Міхайлавіч перад выпіскай з бальніцы. – Ён вельмі рагатаў і забраў твой верш”.  

Так атрымалася, што  і Якуб Колас і Мікалай Бобрык пайшлі з жыцця ў адзін год, таленавітага хірурга не стала 21.12.1956, ён памер на 55 годзе свайго жыцця, перажыўшы класіка беларускай літаратуры  крыху больш чым на чатыры месяцы. Пахаваны Мікалай Іванавіч Бобрык на Вайсковых могілках у Мінску недалёка ад магілы класіка беларускай літаратуры.

У фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа захоўваецца рукапіс верша “Дактарам”, пад назвай якога рукою класіка беларускай літаратуры пазначана “Маім шаноўным дактарам – Д.А.Маркаву, Б.І. Трусеву і С.І. Ліяранцэвічу, свяцілам зямлі Беларускай”:

Эх дактары – замахі вашы мелкі,

Відаць прывучаны к таму вы змалку

Чаму, чаму замест сідзелкі

Вы не прыставіце ляжалку.

5 ХІ 1955

Дактары, якім Якуб Колас прысвяціў верш, і сапраўды былі выбітнымі асобамі, таленавітымі дзеячамі беларускай медыцыны. Так Трусевіч Барыс Іпалітавіч – доктар медыцынскіх навук (1943 г.), загадчык кафедры факультэтскай тэрапіі Мінскага медыцынскага інстытута (1943-1961 гг.), загадчык кафедры тэрапіі Беларускага інстытута ўдасканалення дактароў (1945-1949 гг.), галоўны тэрапеўт Міністэрства аховы здароўя (1952-1954 гг.), акадэмік АН БССР (1956 г.). 

         Маркаў Данііл Аляксандравіч – выдатны неурапатолаг, асістэнт клінікі нярвовых захворванняў медыцынскага факультэта БДУ (1926-1930 гг.), дырэктар Дзяржаўнага інстытута фізіятэрапіі, артапедыі і неурапаталогіі (1930-1941 гг.), адначасова дацэнт кафедры нярвовых захворванняў Беларускага медыцынскага інстытута, загадчык кафедры фізіятэрапіі і нярвовых захворванняў Беларускага (Мінскага) медыцынскага інстытута (1931-1934 гг.), доктар медыцынскіх навук (1936 г.), прафесар, акадэмік АН БССР, галоўны неурапатолаг Міністэрства аховы здароўя БССР, заслужаны дзеяч навукі БССР (1964 г.), лаурэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1974 г.). 

Якуб Колас не толькі дарыў дактарам свае кнігі і прысвячаў вершы, некаторыя з яго дактароў сталі прататыпамі герояў яго твора. Пісьменнік аўтар такога цікава жанру, як казка жыцця. Алегарычныя казкі жыцця Якуба Коласа ўвабралі ў сабе філасофскую мудрасць прытчаў, павучальнасць баек, вобразнасць фальклорных твораў. Такіх алегарычных казак у Якуба Коласа 34, паэт пісаў іх на працягу ўсяго жыцця, яны прасякнуты загадкавасцю, мудрасцю, роздумам аб чалавеку і яго жыццёвым прызначэнні, сэнсе чалавечага існавання.

 У адной з апошніх казак жыцця “Як птушкі дуб ратавалі”, па меркаваніі малодшага сына Якуба Коласа Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча,  добра праглядаюцца “дзеючыя асобы”: “Так, пад крумкачом схаваны акадэмік Б.І. Трусевіч, пад дзятлам – акадэмік Д.А. Маркаў, пад галубкамі – сыны, пад сарокаю і сойкаю – нявесткі Коласа адпаведна Зарына і Наташа. А той стан, у якім знаходзіўся дуб, – гэта стан здароўя самога аўтара. Пад хворым дубам меўся на ўвазе менавіта ён”. Вось як Якуб Колас апісвае дзятла: “Нарэшце ўсё ж такі дзяцел з птушкамі-пасланцамі прыбыў да старога дуба. Не спяшаючыся, як і належыць сталаму доктару, дзяцел агледзеў усе дубовыя галінкі і невялікія дуплінкі. Агляд рабіў уважна. Старанна, залазіў сям-там і ў самае дупло. Часамі ён, нібы доктар-неўрапатолаг, стукаў сваёй доўгай і вострай дзюбай-малаточкам па дубовай кары, па галінках. Птушкі з заміраннем сэрца сачылі за кожным спрактыкаваным рухам дзятла і дзівіліся яго ў высокай ступені спрытным доктарскім прыёмам і захоўвалі ўрачыстае маўчанне”.

Акадэмік АН БССР Барыс Іпалітавіч Трусевіч у казцы жыцця атрымаў наступную характарыстыку: “За даўгавечнасць, за веданне жыцця, адны называлі яго прафесарам, другія – акадэмікам”.

Сяргей Іосіфавіч Ліаранцэвіч – таленавіты доктар-дыягност, служыў палкавым урачом на Заходнім фронце пад час Першай сусветнай вайны. У гады Вялікай Айчыннай вайны – працаваў загадчыкам тэрапеўтычнана аддзялення ваеннага шпіталя, пасля вайны – асістэнт Мінскага медыцынскага інстытута, намеснік галоўнага ўрача стацыянара Рэспубліканскай бальніцы 4-га галоўнага ўпраўлення Міністэрства аховы здароўя Беларусі, заслужаны ўрач БССР (1949). 

У кнізе “Колас расказвае пра сябе” беларускі пісьменнік і асабісты сакратар паэта Максім Лужанін адзначаў: “Жартоўныя прысвячэнні дактарам, усхваляючы іх цудадзейную моц і высмейваючы сваю нядужасць, Канстанцін Міхайлавіч пісаў часта. Асабліва шанцавала С.О. Ліяранцэвічу, які ў вершаваных коласаўскіх пасланнях іменаваўся “мітрапалітам Сергіем”. Менавіта з гэтым лекарам, якога класік беларускай літаратуры ласкава называў доктарам Ле-Лі, у Якуба Коласа склаліся вельмі цёплыя сяброўскія адносіны. Ліаранцэвічу паэт прысвяціў найбольшую колькасць вершаў – “Малітва доктару Ле-Лі”, “Добраму ўрачу Ліо-ра-чу”, “Пажаданні доктару-паляўнічаму” і іншыя.  Вось некаторыя з  іх:

 

Пасланне прэпадобнаму Сергію

на вуліцы Захарава

 

О,Сергій прэпадобны!

Пішу даклад падробны.

 

Мала сплю без парашкоў,

З парашкамі горай.

Я прашу, каб я здароў,

Дапамогі скорай.

 

“Без музыкі,без дуды

Ходзяць ногі не туды”.

 

Сказана ў пісанні,

У святым сказанні.

Эх,вы, палкі-елкі

Стопачку б гарэлкі!

14/ХІ 1955 г.

 

С.І. Ліаранцэвічу

Без малітвы, без заявы

Доктар добры і ласкавы

Сам пайшоў насустрач мне.

Не патрэбны песні, слава

І прамоў узнёслых лава –

Я ад іх у старане.

А вось чуласць, чалавечнасць –

Ім дарога проста ў вечнасць –

Больш за ўсё нам даражэй.

Хай агорне іх бяспечнасць,

Хай дарогу ў бесканечнасць

Ім асвеціць санцавей.

 

З Софьяй Козыравай Якуб Колас пазнаёміўся калі знаходзіўся на лячэнні ў крамлёўскай бальніцы ў Маскве ў лютым 1949 года. У Маскву Колас паехаў разам з беларускімі пісьменнікамі на святкаванне дэкады беларускай літаратуры, але неўзабаве захварэў на запаленне лёгкіх. У 1950 годзе Коласу зноў не пашанцавала, 13 кастрычніка ён едзе ў Маскву на Другую Усесаюзную канферэнцыю прыхільнікаў міру, але вярнуцца ў Мінск не дазволіў стан здароўя. На гэты раз хвароба надоўга падарвала самапачуванне класіка беларускай літаратуры, тры доўгія месяцы ён знаходзіўся ў крамлёўскай бальніцы (з 17 кастрычніка 1950 г. па 10 студзеня 1951 г.), хварэў на запаленне лёгкіх, непакоіла сэрца: “Мае лёгкія – гнілая торба, на якой то там, то сям тады-сяды загараюцца вандроўныя балотныя агні. Да гэтага далучылася сэрца, і ў ім зараз самая найбольшая небяспека”. “Ляжу я адзін у палатцы №19, IV паверх. Мой цяперашні адрас – Москва, ул. Грановского, 2…Каб ты ведаў, як моташна мне тут – піша Якуб Колас свайму сябру, Пятру Броўку  – Мімаволі прыгадваю свае астрожныя гады. У гэтай бальніцы я адчуваю сябе нявольнікам”. На той момант Якубу Коласу было 68 год, канешне як і любому чалавеку ў такім сталым узросце, доўгае прыбыванне ў шпіталі не прыносіла радасці, а вытрымаць усе прызначэнні дактароў пісьменніку было даволі цяжка:“Я ўжо не чалавек, а рэч, над якой робяць эксперыменты. А колькі тут усякіх доследаў!…Заўтра зноў будуць ставіць клізмы, даваць пабел на галодны жывот, будуць мясіць, таўчы і мяць жывот, спіну, падымаць на неба і апускаць на зямлю, рабіць мёртвыя петлі”. “Спіна мая так зрэзана банкамі, усё роўна як бы мяне ссеклі бізунамі…” – скардзіцца пісьменнік. Але Якуб Колас стараўся не падаць духам і часам з жартам пісаў сябрам аб сваім знаходжанні ў бальніцы:  “Божа мой, чаго толькі не перацярпела маё цела! Калі б усе гэтыя працэдуры прарабілі над вярблюдам, то ён даўно ўжо здох бы”.

Да Софьі Козыравай Колас ставіўся з павагай, гэта вынікае з яго эпісталярнай спадчыны. “Дакторка мая—дарэчы сказаць, вельмі мілая жанчына – стараецца як можа, каб паставіць мяне на ногі” – піша ён Пятру Броўку. А ў лісце да Яўгеніі Пфляўмбаўм, жонкі Максіма Лужаніна, беларускага пісьменніка і асабістага саратара Якуба Коласа (ад 25 лютага 1949 года), паэт адзначае: “Лечыць мяне доктар-жанчына. Вельмі добрая кабета. Як святыню, я захаваю яе ў сваёй памяці.” Яўгену Сямёнавічу Мазалькову, перакладчыку твораў паэта на русскую мову, Якуб Колас скардзіцца: “Как на беду, заболел мой лечащий врач, единственный человек, которого я очень уважаю, прекрасной души и сердца женщина, к тому же еще и очень симпатичная”.

Калі Якуба Коласа збіраліся выпісаць і адправіць у падмаскоўны санаторый, ён чакаў выздараўлення свайго доктара: “Быў сягоння прафесар. Выслухаўшы,сказаў, што з яго боку няма пярэчання ехаць к новаму году ў “Барвіху”. Але я хачу параіцца з маёю дакторкаю, якой я давяраю болей, чым прафесарам” – пісаў ён Міхасю Лынькову і яго жонцы. У лістах да сяброў і знаёмых Якуб Колас называў Козыраву “вельмі мілай”, “разумнай і тактоўнай жанчынай”, “сур’езнай і уважлівай”, “слаўным чалавекам”, “моцнай у медыцыне”, “чуткім чалавекам і наслаўнейшай жанчынай, дасканалым доктарам”, “милым человеком, прекрасным и внимательным врачом”. 

Якуб Колас і Софья Анатольеўна працягвалі кантактаваць і пасля выпіскі паэта з бальніцы. У асабістым архіве беларускага песняра захавалася некалькі пісем і дзве тэлеграмы ад дакторкі, ў якіх яна цікавіцца станам здароўя свайго былога пацыента, дзеліцца сваімі дасягненнямі ў прафесійнай сферы – яна абараніла дысертацыю па медыцыне ў 1949 годзе, была ўзнагароджана ордэнам “Знак пашаны”. У знак удзячнасці Якуб Колас падараваў дакторцы свою кнігу – паэму “Рыбакова хата” ў перакладзе на рускую мову, а яе сыну Льву – гадзіннік. З просьбай купіць ручны гадзіннік паэт звяртаееца ў лісце да сваіх сыноў і нявестак: “Хацелася б мне зрабіць нейкі падарунак сыну мае дакторкі. Яму гадоў 13. Можа не кепска было б купіць для яго ручныя часікі, але добрыя? Пытацца ў маткі не выпадае. Словам, гэта трэба прадумаць”. Просьба бацькі была выканана, бо Софья Анатольеўна дзякуе беларускаму песняру за цудоўны падарунак: “А  Лёва теперь ежедневно спрашивает, когда я могу разрешить ему носить его собственные часы (это его первая крупная собственность)”. Кніга, падарункі, лісты класіка беларускай літаратуры, напэўна, захоўваюцца ў нашчадкаў дакторкі. Супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа вядуць пошукі ў гэтым накірунку.

У крамлёўскай бальніцы Якуба Коласа кансультаваў яшчэ адзін доктар – прафесар Вінаградаў. Вінаградаў Уладзімір Мікітавіч (1882-1964) – тэрапеўт, акадэмік АМН (1944), у 1929-1942 гг. – загадчык кафедры тэрапіі 2-га Маскоўскага медінстытута, з 1943 г. і да канца сваіх дзён узначальваў кафедру факультэтскай тэрапіі 1-га Маскоўскага медінстытута імя Сечанава, адначасова галоўны тэрапеўт Лячэбна-санітарнага ўпраўлення Крамля.

 Ён быў доктарам І.В. Сталіна, лячыў і іншых партыйных кіраўнікоў. Тым не менш Вінаградаў стаў адным з галоўных фігурантаў судовай расправы, якая артымала назву “справа дактароў” або “забойцы ў белых халатах”. Яго (разам з іншымі дактарамі, па гэтай справе праходзіла больш за 20 дактароў і членаў іх сямей) абвінавачвалі ў смерці партыйнага і дзяржаўнага дзеяча Андрэя Жданава. Справа была сфабрыкавана па загаду Сталіна, які асабіста сачыў за яе ходам, а прычына арышту прафесара Вінаградава была ў тым, што ў медыцынскай карце хворага кіраўніка краіны ён зрабіў адзнаку аб неабходнасці прытрымлівацца строгага рэжыму са спыненнем усялякай дзейнасці, а гэта, напэўна, было ўспрынята Сталіным як спроба адлучэння яго ад палітычнай улады. Уладзімір Вінаградаў быў арыштаваны ў 1951 годзе і вызвалены і рэабілітаваны толькі праз месяц пасля смерці Сталіна 3 красавіка 1953 года.

Вінаградаў працягнуў сваю дзейнаць у сферы медыцыны. Пад яго кіраўніцтвам у бальніцы былі створаны кардыярэўматалагічны кабінет, першае ў краіне спецыяльнае аддзяленне для лячэння хворых інфарктам міякарда, кабінет функцыянальнай дыягносцікі сардэчна-сасудзістай сістэмы, уведзены ў клінічную практыку гастраскапія, бронхаскапія, радыяізатопная дыягностыка і інш. У 1969 годзе яму пасмяротна было нададзена званне лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР.

Цікава, што яго сын Уладзімір Вінаградаў(1920-1986) працягнуў справу бацькі, ён быў хірургам, доктарам медыцынскіх навук, прафесарам, доўгі час быў загадчыкам кафедры хірургіі Маскоўскага Універсітэта Сяброўства Народаў імя Патрыса Лумумбы (з 1963 па 1986 гг.). З траўня 2017 года Гарадская клінічная бальніца №64 г. Масквы носіць імя У.У. Вінаградава, а з 2000 года ў бальніцы праводзяцца Вінаградаўскія чытанні, прысвечаныя хірургіі брушной поласці. 

Малодшы сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч успамінае, што менавіта прафессар Вінаградаў сказаў Коласу, што калі пісьменнік хоча жыць, то трэба кінуць паліць. І Якуб Колас адказаўся ад цыгарэт. А паліў пісьменнік з юнацкіх гадоў. Канешне гэта негатыўна сказалася на стане здароўя песняра. У лісце да сваёй сястры Алены Лойка (ад 16 красавіка 1956 года) пісьменнік скардзіўся, што за апошнія дзесяць год ён 26 разоў хварэў на запаленне лёгкіх. Аб тым, ці адказаўся Якуб Колас ад курава ў адным з лістоў пытае і Софья Козырава: “Помню в больнице Вы бросили курить – а сейчас? Не начали снова?” – цікавіцца яна. Пісьменнік не пачаў, відаць прафессар Вінаградаў пераканаў классіка беларускай літаратуры адмовіцца ад гэтай дрэннай звычкі назаўсёды.

У анлайн выстаўцы выкарыстаны фотаздымкі з фондаў Музея гісторыі медыцыны Беларусі і фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа

Матэрыял падрыхтавала галоўны захавальнік фондаў музея Васіліна Міцкевіч