background

Дасціпным і кемлівым

27.05.2021

Сёння ў межах праекта “Літаратурны чацвер” у музеі адбылася сустрэча з вядомай беларускай журналісткай, пісьменніцай-казачніцай Галінай Пшонік, рэдактарам аддзела часопіса «Народная асвета».

Якуб Колас значную частку свайго жыцця свядома аддаваў педагагічнай дзейнасці, выкладаў у розных навучальных установах краіны. Шчаслівае спалучэнне таленту настаўніка і паэтычнага дару дало магчымасць праз кожны радок, кожнае слова перадаць свой запавет будучым пакаленням. Народны паэт апрацаваў звыш 40 народных казак, напісаў шмат твораў для дзяцей. У сваіх творах Якуб Колас – не  толькі  дзіцячы  пісьменнік,  а  і  педагог-выхавацель,  які  з замілаваннем  расказвае  пра  прыгажосць  роднай  зямлі,  раскрывае магчымасці сакавітага беларускага слова.

Падчас мерапрыемства “Дасціпным і кемлівым” другакласнікі сталічнай гімназіі № 18 паўдзельнічалі у літаратурных конкурсах, паспаборнічалі ў чытанні скорагаворак, прадэманстравалі веданне твораў Якуба Коласа. Галіна Барысаўна Пшонік прачытала дзецям свае творы, а затым адбылося іх абмеркаванне.  Галіна Барысаўна падаравала класу сваю кнігу з дарчым надпісам.

І пад занавес дзеці загадалі патаемныя жаданні каля дубоў, пасаджаных рукамі Якуба Коласа, а затым патрапілі на сапраўную машыну часу і перанесліся дзякуючы ёй у далёкае мінулае! Глядзіце наш фотарэпартаж!