background

Дзень нараджэння Марыі Дзмітрыеўны

07.02.2022

Сёння дзень нараджэння любай жонкі Якуба Коласа Марыі Дзмітрыеўны Міцкевіч.

Марыя Дзмiтрыеўна была першым чытачом, слухачом, крытыкам твораў свайго мужа.

Колас заўсёды ёй першай чытаў толькі што напісаны верш або ўрывак з паэмы, аповесці. Ён вельмі цаніў заўвагі жонкі, лічыўся з яе думкай.

Руская па нацыянальнасці, сведчыць сын Даніла Міцкевіч, Марыя Дзмітрыеўна дасканала ведала і любіла беларускую мову, якая стала для яе роднай. Многім даказвала, што беларуская мова захавала больш ад старажытнаславянскай асновы, чым руская. У доме гаварылі па-беларуску, і яна часам папраўляла дзяцей у правільным вымаўленні слоў. Марыя Дзмітрыеўна ведала шмат беларускiх народных песняў, часта спявала "Ой, зацвiла ружа, белы цвет", "З гары па далiне галубы ляталi".

"Яна была чалавекам, поўным любові да людзей, - з цеплынёй адзначае Даніла Канстанцінавіч, - вельмі сціплай, нават самаахвярнай. Мама з вялікай любоўю і пяшчотай ставілася да нас, сваіх дзяцей, вучыла нас быць добрымі, сумленнымі, працавітымі".

Каханне Якуба Коласа і яго жонкі было вельмі моцным, чыстым, светлым і шчырым. Канстанцін Міхайлавіч і Марыя Дзмітрыеўна пранеслі яго праз усё жыццё...

Намала твораў прысвяціў Паэт сваёй каханай.

Вось адзін з іх.

М.Д.М.

Я радасці большай не ведаў бы ў свеце,

Каб толькі была ты здарова.

Ачуньвай жа, зорка, ачуньвай, мой квеце,

Пачуй маё шчырае слова!

 

Вясна пазірае з высокага неба,

У сонцавых косах іскрыцца.

З-пад снегу выходзіць знямелая глеба,

Расплюшчвае вочы крыніца.

 

I хата ўжо блізка, і лес наш духмяны

Пах смолак зычліва струменіць.

Няхай жа загояцца болі і раны

I сыдуць панурыя цені.

 

Вясна расчыняе наўсцяж аканіцы

I сцеле на дол аксаміты.

Зачэрпвай жа сілы з гаючай крыніцы,

З зямлі нашай, горам спавітай!

 

Распусціцца лісце на белай бярозе,

I ляжа прад намі шлях новы.

Дык рана яшчэ прыставаць у дарозе,

Не ўсе нашы сказаны словы.

 

Я радасці большай не ведаў бы ў свеце,

Каб толькі была ты здарова.

Ачуньвай жа, зорка, ачуньвай, мой квеце,

Пачуй маё шчырае слова!

 

21/ІІІ 1945