background

Дзень нараджэння музея Якуба Коласа!

04.12.2022

Свой дзень нараджэння музей адзначае на Нацыянальным форуме "Музеі Беларусі ".

4 снежня 2022 года Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа адзначае 63 гады з моманту адкрыцця першай экспазіцыі.

Пасля вяртання ў амаль цалкам разбураны, але вызвалены ад фашысцкіх захопнікаў Мінск, Якуб Колас з сваёй сям’ёй быў вымушаны пасяліцца ў маленькай драўлянай хаце. Мураваны дом на яе месцы быў пабудаваны толькі ў 1952 годзе да 70-годдзя з дня нараджэння пісьменніка. Аўтарам праекту новага будынку з’яўляецца вядомы архітэктар Георгій Заборскі. Захаваўся праект макета дома, на якім коласавай рукою напісана, што ён з планам згодзен. 

Праз 3 гады пасля смерці народнага паэта 4 снежня 1959 года адчыніліся дзверы літаратурнага музея. На першым паверсе прадстаўлена літаратурна-дакументальная частка экспазіцыі, а на другім – мемарыяльная, дзе можна ўбачыць рэчы, якімі карыстаўся Якуб Колас і члены яго сям’і, прадметы інтэр’ера і адчуць атмасферу, якая панавала ў Коласавым доме.