background

“Нас разлучыў няўмольны лёс…”

01.07.2021

2 ліпеня ў 14.30 адбудзецца адкрыццё часовай экспазіцыі“Нас ралучыў няўмольны лёс…”, прысвечанай сярэднему сыну Якуба Коласа Юрыю Міцкевічу, які прапаў без звестак у першыя месяцы вайны.

“Нас разлучыў няўмольны лёс…”

Адкрыццё часовай экспазіцыі, прысвечанай сярэднему сыну Якуба Коласа

Юрыю Міцкевічу, які прапаў без звестак у першыя месяцы вайны

 

         2 ліпеня ў 14.30 адбудзецца адкрыццё часовай экспазіцыі “Нас ралучыў няўмольны лёс…”, прысвечанай сярэднему сыну Якуба Коласа Юрыю Міцкевічу, які прапаў без звестак у першыя месяцы вайны.

         Трагічны лёс Юрыя назаўсёды стаў болем душы яго родных. У дзённіку “Гаворыць Клязьма” ў 1944 г. Якуб Колас пісаў: “30/IV. Бедная Маруся, яна засталася адна ў хаце, рыхтуецца да заўтрашняга дня. Успомніла дзень нараджэння Юркі – 1 мая, расчулілася, расплакалася. Як цяжка ёй было. Яе настрой перадаўся і мне. Юрка, Юрачка – загінуў ты бясследна. І мы не ведаем твайго лёсу. А як ты перажываў з таго дня, калі вайна, пажар Мінска разлучылі нас. І не ведалі мы, што разлучыліся навекі!”

         Нарадзіўся Георгій (Юрый) Міцкевіч 1 мая 1917 года ў горадзе Пярмі, дзе сям’я Якуба Коласа знаходзілася падчас Першай сусветнай вайны. У 1935-1937 гг. Юрый вучыўся на геолага-геаграфічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, пасля каля года правучыўся на геалагічным факультэце Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта, потым вярнуўся ў Мінск і закончыў геаграфічны факультэт БДУ (1940).

         У 1940 г. Юрый Міцкевіч быў прызваны на вайсковую службу і праходзіў яе пад Беластокам. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны яфрэйтар Ю. Міцкевіч знаходзіўся ў Мінску на спаборніцтвах па стэндавай стральбе, з Мінска і быў накіраваны ў 49-ы карпусны артылерыйскі полк. Удзельнічаў у абароне Смаленска. Юрый Міцкевіч загінуў у баях пад Вязьмай (верагодна) увосень 1941 г.

     На часовай экспазіцыі жыццёвы шлях Юрыя Канстанцінавіча Міцкевіча раскрываецца праз фотаздымкі, успаміны, дакументы, ліставанне з роднымі. Фотаздымкі паказваюць Юрку ў асяродку сваёй сям’і, а таксама сяброў і аднакурснікаў. Ліставанне з маці і бацькам у першыя месяцы вайны раскрывае Юрыя як мужнага і моцнага чалавека, і ваяра, і адначасова пяшчотнага і добрага сына. Свае перажыванні аб лёсе свайго сына Якуб Колас перадаў у вершаваных радках паэмы “Рыбакова хата”, а Міхась Міцкевіч боль аб страце любімага брата, якую пранёс праз доўгія гады, пакінуў ва ўспамінах пад назвай “Ліст наўздагон”. Значна пазней цэлую паэму, прысвечаную трагічнаму лёсу Юрыя Міцкевіча, напісаў паэт Мікола Мятліцкі, назваўшы яе “Апалены золак. Вяртанне Юркі Міцкевіча”.

На мерапрыемстве прагучаць творы Якуба Коласа, адбудуцца выступленні пісьменнікаў, навукоўцаў, а таксама нашчадкаў народнага паэта Беларусі.

Месца правядзення: Інфармармацыйна-выставачны цэнтр Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа НАН Беларусі, кабінет 110; вул. Сурганава, 15

Сардэчна запрашаем!

 

Адрас музея: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5

Тэлефон для даведак: 8 017 270 17 02

Афіцыйны сайт музея: kolasmuseum.by