background

Новая анлайн-выстава: "Якуб Колас і Уладзімір Дубоўка: асабістыя і творчыя стасункі"

17.07.2020

Сёлета спаўняецца 120 гадоў з часу нараджэння слыннага беларускага дзеяча Уладзіміра Дубоўкі – пісьменніка з няпростым і пакалечаным лёсам. Творчасць паэта яшчэ ў 1920-х гг. вылучалася навізной і арыгінальнасцю выкарыстання паэтычных сродкаў выразнасці, а яго творчы патэнцыял атрымаў шырокі розгалас сярод ягоных сучаснікаў.

  • Новая анлайн-выстава: "Якуб Колас і Уладзімір Дубоўка:  асабістыя і творчыя стасункі"
  • Новая анлайн-выстава: "Якуб Колас і Уладзімір Дубоўка:  асабістыя і творчыя стасункі"
  • Новая анлайн-выстава: "Якуб Колас і Уладзімір Дубоўка:  асабістыя і творчыя стасункі"
  • Новая анлайн-выстава: "Якуб Колас і Уладзімір Дубоўка:  асабістыя і творчыя стасункі"
  • Новая анлайн-выстава: "Якуб Колас і Уладзімір Дубоўка:  асабістыя і творчыя стасункі"
  • Новая анлайн-выстава: "Якуб Колас і Уладзімір Дубоўка:  асабістыя і творчыя стасункі"
  • Новая анлайн-выстава: "Якуб Колас і Уладзімір Дубоўка:  асабістыя і творчыя стасункі"
  • Новая анлайн-выстава: "Якуб Колас і Уладзімір Дубоўка:  асабістыя і творчыя стасункі"
  • Новая анлайн-выстава: "Якуб Колас і Уладзімір Дубоўка:  асабістыя і творчыя стасункі"
  • Новая анлайн-выстава: "Якуб Колас і Уладзімір Дубоўка:  асабістыя і творчыя стасункі"
  • Новая анлайн-выстава: "Якуб Колас і Уладзімір Дубоўка:  асабістыя і творчыя стасункі"
  • Новая анлайн-выстава: "Якуб Колас і Уладзімір Дубоўка:  асабістыя і творчыя стасункі"
  • Новая анлайн-выстава: "Якуб Колас і Уладзімір Дубоўка:  асабістыя і творчыя стасункі"
  • Новая анлайн-выстава: "Якуб Колас і Уладзімір Дубоўка:  асабістыя і творчыя стасункі"

 

 

 

Такія знакамітыя пісьменнікі як Максім Гарэцкі і Язэп Пушча адзначалі  глыбіню думкі і мастацкую дасканаласць у лірычных вершах і вершаваных паэмах Дубоўкі.

На фарміраванне напрамкаў мастацкага пошуку Ул. Дубоўкі моцна паўплывалі класікі беларускай літаратуры Янка КупалаЯкуб Колас і Максім Багдановіч.

 

 Уладзімір Дубоўка браў актыўны ўдзел у беларускім літаратурным руху — сябар літаратурных аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша», таксама з’яўляўся першым рэдактарам часопіса «Беларускі піянэр». Якуб Колас, натуральна, з’яўляўся для Дубоўкі старэйшым калегам. Трэба адзначыць, нягледзячы на тое, што ў маладнякоўцаў з Якубам Коласам і Янкам Купалам былі досыць напружаныя адносіны, частка маладых творцаў з павагай і піетэтам ставілася да беларускіх класікаў.

У прыватнасці, Уладзімір Дубоўка ў артыкуле “Маладнякоўскія шляхі”  так ахарактарызаваў адзіна правільную, сапраўдную пазіцыю паэтаў і празаікаў “Маладняка” ў адносінах да старэйшага пакалення пісьменнікаў: “Кожны маладняковец разумее, што, каб не было ў свой час твораў старэйшых пісьменнікаў, на якіх гадаваліся маладыя, не было б і “Маладняка”. Відавочна, што з пэўнай павагай Уладзімір Дубоўка ставіўся і да Якуба Коласа, бо менавіта па яго ініцыятыве ў 1926 годзе ў Маскве да 20-годдзя літаратурнай і грамадскай дзейнасці выйшаў зборнік артыкулаў “Літаратурная творчасць К.М. Міцкевіча (Якуба Коласа)”. Прычым зборнік паўстаў у Маскве з падачы спецыяльнай камісіі па ўшанаванню дваццацігоддзя літаратурнай і грамадскай дзейнасці Якуба Коласа (у яе непасрэдным чынам уваходзіў Ул.Дубоўка). У гэты зборнік між іншым увайшоў артыкул і Дубоўкі “Мастацкая проза Якуба Коласа”.

 У аналізе апавяданняў і аповесцяў Якуба Коласа малады ў тыя часы пісьменнік Ул. Дубоўка дае досыць станоўчыя характарыстыкі мастацкай прозы Якуба Коласа. Пры гэтым трэба адзначыць, што ў публіцыстычным артыкуле Дубоўкі нямала і крытычных водгукаў пра творчасць Якуба Коласа. Напрыклад, пра зборнік Якуба Коласа “У ціхай вадзе” Дубоўка выказваецца наступным чынам: “У агуле, кажучы пра зборнік “У ціхай вадзе”, прыходзіцца верыць, што Якуб Колас з цягам часу скарыстае гэтыя эскізы і эскізы не занатаваныя на паперы для вялікага палатна, для вялікай карціны, у якой адаб’е Беларусь ува ўсім яе харастве і нягодзе, ува ўсім барваваньні імкненьняў, радасьцяў і смуткаў яе спрадвечных”

Ці вось наступнае выказванне маладога крытыка пра “Казкі жыцця” Якуба Коласа: “Казкі жыцьця”, як гэта мо ня дзіўна на першы погляд, зьяўляюцца далейшым адыходам Якуба Коласа ад народных казак. Калі ў зборніку “У ціхай вадзе” мы знаходзім яшчэ ўсе адзнакі народных казак (і з боку поэтыкі, і з боку апрацоўкі матар’ялу, напр. “Стараста”), дык у “Казках жыцьця” сувязь застаецца толькі ў назве “казкі” і ў алегорычнасьці. Прытым, гэта алегорычнасьць дыямэтральна процілеглая народным казкам”. 

Цікавы выпадак апісвае малодшы брат Якуба Коласа Міхась Міцкевіч, які згадаў яго ў лісце да Юркі Віцьбіча: «Аднойчы ўвечары ў Менску Уладзімер Дубоўка і Мікола Равенскі /.../ вырашылі па аднэй пільнай справе наведаць Якуба Коласа. Дайшоўшы да ягонае хаты, яны пабачылі, што дзьверы на вуліцу адчыненыя. Яны ўвайшлі ў першы пакой, потым у другі, нікога не сустракаючы, і нарэшце пачулі скрыпку і сьпяваньне. У паўзмрочным пакоі стаяў сьпіной да тых, што ўвайшлі, Якуб Колас і пад скрыпку ўголас пяяў:

Колеснице гонителя фараона погрузи

Чудотворяй иногда моисейский жезл...

     Заўважыўшы Дубоўку і Равенскага, Якуб Колас спалохаўся і сказаў: «Як вы няўпрыцям увайшлі. Вы нічога ня бачылі і ня чулі. Добра?». 

     Не ўсё з перапіскі двух пісьменнікаў захавалася, у збор твораў Якуба Коласа ўвайшоў усяго адзін ліст класіка да Уладзіміра Дубоўкі, датаваны 1 сакавіка 1955 г.:

“Дарагі Уладзімір Мікалаевіч!

Копію Вашай заявы на адрас пракуратуры СССР я атрымаў. Разам з гэтым пісьмом да Вас я пасылаю ад сябе, як дэпутата Вярхоўнага Савета СССР, у пракуратуру просьбу, каб паскорылі разгляд Вашай заявы. Як паставяцца там да мае просьбы, не ведаю. Толькі ведаю адно, што ўсе людзі, беспадстаўна рэпрэсіраваныя, вернуцца на свае сядзібы і паселішчы, і з іх будзе знята судзімасць, і яны будуць адноўлены ў сваіх правах. Усё пытанне зводзіцца к часу: засуджаных і высладных, як Вам вядома, многа.

Забыліся Вы ці памятаеце беларускую мову? Цешу сябе надзеяй пабачыць Вас тады і пагутарым. 19ІІ гэтага года рабілі мне аперацыю – выразалі апендыцыт. Яшчэ і да гэтага часу не магу цвёрда стаць на ногі. Усяго добрага

Якуб Колас”. 

З гэтага ліста можна зрабіць выснову, што абодва пісьменніка добра ведалі адзін аднога, а стылістыка і тон ліста Якуба Коласа даюць падставы меркаваць, што знаёмства Уладзіміра Мікалаевіча і Канстанціна Міхайлавіча адбылося яшчэ ў 1920-х гадах. Больш за тое, заступніцтва Якуба Коласа за пісьменнікаў досыць вядомая з’ява і не дзіва, што будучы дэпутатам Вярхоўнага Савета, беларускі класік рабіў шмат для вызвалення і рэабілітацыі беспадстаўна асуджаных пісьменнікаў і навукоўцаў, у тым ліку і Уладзіміра Дубоўкі. Натуральна, што Якуб Колас хадатайнічаў аб Ул.Дубоўку і вяртанні яго на радзіму. І сапраўды дзякуючы Якубу Коласу Уладзімір Дубоўка будзе канчаткова рэабілітаваны 15 лістапада 1957 года, стане сябрам Саюзу пісьменнікаў БССР з 1958 года, а таксама будзе лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1962 г.) за кнігу паэзіі «Палеская рапсодыя».

У асабістым архіве Якуба Коласа захоўваецца адказ Уладзіміра Дубоўкі на гэты ліст. Ён напісаны з Абанскага раёна Краснаярскай вобласці, датаваны 20 сакавіка 1955 г., прыводзім яго цалкам:

«Высокапаважаны і дарагі Канстанцін Міхайлавіч!

Шчыра дзякую за ліст і добрае слова. Мажліва, што з маёй просьбы нічога не будзе, але няхай жа яна ідзе «ў свет і людзі», каб пасьля ня думалася, бо ўжо абрыдла мне маё вандроўнае жыццё.

За гэтыя 25 год  я аб’ехаў, здаецца, цэлы свет і ўсе яны змарнаваліся.

Да 37  гадоў прабаваў дзе што пісаць, пераклаў “Шыльлёнскага вязьня” і бадай большую палову “Чайльд Гарольда”. У 1937 г. усё гэта забралі ў Чэбаксарах.  На Волзе і без звароту. Напісаў сёлета ў ЦК КПСС наконт гэтых і другіх сваіх рукапісаў, адтуль пайшло па інстанцыі, а нядаўна атрымаў з Чэбаксар паведамленне, што “литература не сохранилась”…

У далейшым ужо і ня пісаў, тым больш, што ўмовы далейшага жыцця выключалі, часам, мажлівасць напісаць ліст да родных… Нічога ня пішу  і цяпер, працую ў сталярнай майстэрні.

Дажываем веку са сваёй жонкай ў Сыбіры (сын забіты з выбуху бомбы ў 1943 г.)

Быў бы вельмі задаволены, каб давялося пабачыць Вас, але гэта – ў выпадку рэабілітацыі.

Ад усяго сэрца дзякую Вам за Ваш ліст, жадаю добрага здароўя і новых твораў на славу і радасць беларускаму народу.

Вы пытаецеся – ці памятаю беларускую мову. Мая мова спынілася на ўзроўні 30 гадоў як у слоўніку, так і правапісе.

З прывітаннем і найвялікаю павагаю да Вас. Ул.Дубоўка»

 

 

У пасляваенны час сустрэчы Якуба Коласа і Уладзіміра Дубоўкі так і не адбылося, хаця апошні, як бачна з ліста, хацеў пабачыцца з песняром. Пры гэтым даследчык літаратуры Вячаслаў Рагойша у сваёй кнізе “Мой трыглаў” згадвае пра сустрэчу Уладзіміра Дубоўкі з Якубам Коласам у вёсцы Палачанка, што пад Ракавым, у 1955 годзе. Аднак гэтыя словы не падмацаваны канкрэтнымі дакументамі, тым больш што Дубоўка ў гэты час знаходзіўся ў зняволенні ў пасёлку Пачот Абаканскага раёна Краснаярскага края.

У фондах музея захоўваецца таксама неапублікаваны ліст Уладзіміра Дубоўкі да старэйшага сына класіка, перашага дырэктара музея Якуба Коласа Данілы Канстанцінавіча Міцкевіча ад 25.05.1968 года:

Дарагі Даніла Канстанцінавіч!

Толькі што прыехаў з (неразборліва), дзе працаваў – канчаў новую аповесць, застаў Ваш ліст ад 5-05 і адразу адказваю.

Як Вам вядома, нічога ў мяне са “старога жыцця”– з трыццатых гадоў – не засталося. Ёсць адзін ліст ад нябожчыка Канстанціна Міхайлавіча, але ён дужа асабісты. Я толькі крыху разбяру – здыму фотакопію і прышлю Вам асабіста, не для надрукавання.

З даваенных успамінаў пра сустрэчы, дык я, – калі не будзе  позна для Вас,– прыблізна 10-12 чэрвеня прышлю Вам невялікія ўспаміны пра святкаванне 20- годдзя К.[анстанціна] М.[іхайлавіча] ў Маскве. Я Вам пра тую падзею коратка пераказваў. Думаю, гэта можа быць цікавым для нашых чытачоў-прыхільнікаў творчасці Канстанціна Міхайлавіча. Там жа згадаю і выданыя ў Макве кнігі, прысвечаныя той падзеі. На вялікі жаль, гэтай кнігі ў мяне няма. Самому сфатаграфавалі і прыслалі ў Ленінград мой уласны артыкул, выдрукаваны ў той кнізе.

Ад душы жадаю Вам усяго самага найлепшага. З павагаю Ул. Дубоўка.” 

 

 

 

Гаворка вядзецца пра той ліст, што Якуб Колас напісаў Дубоўку ў 1955 годзе, а таксама пра крытычны матэрыял маладога пісьменніка пра творчасць Якуба Коласа, які быў напісаны ў 1920-х гг.

Ёсць і некалькі кніг – прыжыццёвых выданняў твораў Якуба Коласа, якія Дубоўка падараваў музею. Адна з іх “В глуши Полесья” (1929 г.) з яго аўтографам: “У музей ім. Якуба Коласа Уладзімір Дубоўка. 16/ХІІ 1965 г. ”. Цікава, што менавіта на гэтай кнізе размешчаны яшчэ адзін аўтограф. Дарчы надпіс Уладзіміру Дубоўку пакінуў перакладчык палескай аповесці Якуба Коласа Клімент Якоўчык: “Владимиру Дубовко, поводырю белорусской литературы на память о младенческих днях, т.е.Брюсовском институте. 6/І-29 г. К.Яковчик”. Яшчэ дзве кнігі першага тома збора твораў Якуба Коласа, што выйшаў у 1929 годзе былі падараваны музею Уладзімірам Мікалевічам у 1965 годзе.   

 

 

 

Такім чынам,  Якуб Колас і Уладзімір Дубоўка былі не проста добра знаёмы, але мелі паміж сабой прыязныя стасункі. Апошняе меркаванне пацвярджаюць нешматлікія лісты, якія ілюструюць стаўленне пісьменнікаў адзін да аднога. 

                   Васіліна Міцкевіч, галоўны захавальнік фондаў музея

                   Аляксандр Крыжэвіч, старшы навуковы супрацоўнік