Аляксандр Ключнікаў – ураджэнец Рэчыцы, музыкант, даследчык Поўначы, таленавіты фотамастак, які частку свайго жыцця аддаў працы ў «Беларуснафце». Доўгі час жыў з сям'ёй на Камчатцы. Менавіта там у 80-я гады ён стаў сапраўдным прафесіяналам у сферы фотамастацтва. У камандзіроўках па Каракскай аўтаномнай акрузе наведваў вёскі, аленегадоўчыя брыгады. Заняткі і абрады абарыгенаў сталі галоўнай тэмай яго творчасці. Працы Ключнікава публікаваліся ў «Камчацкай праўдзе», «Каракскім камунісце». А яго дакументальныя фільмы пра традыцыі паўночнікаў набываў этнаграфічны музей у Ленінградзе.
Праз 14 гадоў Аляксандр Ключнікаў з сям'ёй вярнуўся ў Рэчыцу. Працаваў на заводзе «Рытм», затым – дэфектаскапістам у Рэчыцкім упраўленні разведачнага бурэння.
У 80-90-я гады выдатныя працы гэтага фотамастака, пазаштатнага аўтара газеты «Нафтавік», публікаваліся ў розных выданнях краіны. Сярод іх – газеты «Праўда», «Звязда», «Знамя юнасці». Яго каларытныя, запамінальныя фотаілюстрацыі ўвайшлі ў кнігу «Нафтавая жамчужына Беларусі», якая выйшла ў 1991 г. А здымкі, зробленыя на Вынгапураўскім і Навагоднім радовішчах, сталі сапраўдным фоталетапісам нафтаздабычы ў Заходняй Сібіры. Свае працы аўтар дэманстраваў на шматлікіх выставах у гарадах СССР і за мяжой. Цяперашняя фотавыстава – гэта свайго роду вяртанне нашага земляка Аляксандра Ключнікава на радзіму, адкрыццё творчасці гэтага таленавітага майстра для шырокай публікі.
Арганізатары выставы:
- РУП «Вытворчае аб'яднанне «Беларуснафта»
- Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа
У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі пасольстваў замежных краін у Рэспубліцы Беларусь, аб'яднання «Беларуснафта», творчыя дзеячы.