background

Сардэчна запрашаем!

27.02.2021

Адкрыццё часовай экспазіцыі «Не проста сынам быць вялікага паэта» адбудзецца 2 сакавіка а 17-й гадзіне.

  • Сардэчна запрашаем!

Прэс-рэліз часовай экспазіцыі

«Не проста сынам быць вялікага паэта»

 да 95-годдзя з дня нараджэння сына Якуба Коласа

Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча

 

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае на адкрыццё часовай экспазіцыі «Не проста сынам быць вялікага паэта», прымеркаванай да дня нараджэння малодшага сына Якуба Коласа Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча, якое адбудзецца а 17-й гадзіне 2 сакавіка 2021 года.

У далёкім 1943 годзе Якуб Колас прысвяціў сыну Міхасю наступныя радкі:

Абнімаю цябе я, мой сыне,

Да гарачага сэрца тулю.

Дык расці ж нам на радасць, краіне,

Каб праславіў ты нашу зямлю.

Пажаданне знакамітага бацькі Міхась Канстанцінавіч спраўдзіў, ён не хаваўся за яго постаццю, ганарыўся сваімі каранямі, але быў вельмі сціплым, імкнуўся дасягнуць поспехаў сваімі ўласнымі сіламі. А гэта і сапраўды было не проста.

Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч стаў вядомым беларускім вучоным, доктарам тэхнічных навук. У 1980-ым годзе за дасягненні ў галіне навукі Міхась Міцкевіч быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі. Ён аўтар звыш 180 навуковых  публікацый, мае 30 патэнтаў і вынаходніцтваў.

Міхась Міцкевіч вядомы сваімі дасягненнямі не толькі ў  галіне навукі, але і ў спорце. Ён – майстар спорта па стэндавай стральбе, мае шматлікія ўзнагароды рэспубліканскага і міжнароднага маштабу.

Міхась Канстанцінавіч праявіў сябе і ў літаратуры, ён аўтар успамінаў пра Якуба Коласа «Пад бацькоўскім дахам»,  яго пяру належаць артыкулы  ў якіх раскрыты  цікавыя,  невядомыя старонкі жыцця класіка беларускай літаратуры і членаў яго сям’і.  Ён укладальнік кнігі, якая выйшла да 130-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі «Якуб Колас: у думках, у сэрцах,  у песнях», аўтар успамінаў пра брата Юрыя Міцкевіча, якія выйшлі ў кнізе «Апалены золак» (2013 г.), член рэдакцыйнай калегіі Збора твораў Якуба Коласа ў дваццаці тамах. У 2009 годзе ўзнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства культуры «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» за добрасумленную працу, значны ўклад у развіццё навуковага коласазнаўства і прапаганду творчасці народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Вершы-прысвячэнні Міхасю Канстанцінавічу напісалі многія дзеячы сучаснай беларускай літаратуры: Мікола Маляўка, Казімір Камейша, Яўген Хвалей, Генрых Далідовіч, Мікола Мятліцкі, Віктар Шніп. Радкі з верша апошняга і далі назву часовай экспазіцыі.

Акрамя літаратурнай дзейнасці Міхась Міцкевіч вёў актыўную грамадскую працу, выступаў на шматлікіх літаратурных імпрэзах і вечарынах, быў выдатным чытальнікам твораў свайго бацькі.

На часовай экспазіцыі прадстаўлены  матэрыялы з фондаў музея і асабістага архіва нашчадкаў Якуба Коласа – рукапісы, кнігі з аўтографамі, дакументы, асабістыя рэчы і фотаработы Міхася Міцкевіча. У яго архіве  каля 40 альбомаў з фотаздымкамі розных мясцін і куточкаў Беларусі, родных і знаёмых сям’і Якуба Коласа і канешне ж яго бацькі.

У мерапрыемстве прымуць удзел беларускія пісьменнікі, навукоўцы, прадстаўнікі сям’і Якуба Коласа.

Сардэчна запрашаем!

Кантактны тэлефон: (017) 270 17 02

Адрас: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5

www.kolasmuseum.by; e-mail: info@kolasmuseum.by