background

Сардэчна запрашаем!

25.08.2022

З 30 жніўня па 30 верасня 2022 года Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае наведаць часовыя экспазіцыі «Пскоўскі народны касцюм у мініяцюры» і «Казачныя мастакі. Кніжная графіка Юрыя і Лізаветы Васняцовых» са збораў Дзяржаўнага мемарыяльнага гісторыка-літаратурнага і прыродна-ландшафтнага музея-запаведніка А. С. Пушкіна «Міхайлаўскае» (Пушкінагорскі раён Пскоўскай вобласці, Расійская Федэрацыя).

Супрацоўніцтва паміж музеямі беларускага і рускага класікаў пачалося яшчэ ў 2011 годзе, калі кіраўнікамі абедзвюх устаноў было падпісана адпаведнае пагадненне. У 2012 годзе ў Пушкінскім запаведніку экспанавалася выстаўка да 130-годдзя народных паэтаў Беларусі Якуба Коласа і Янкі Купалы. У 2016 годзе супрацоўнікі Пушкінскага Запаведніка прыязджалі з культурна-адукацыйным праектам «Пушкін едзе ў госці да Коласа». І сёлета, у чарговы юбілейны год беларускага народнага паэта – 140-годдзя з дня нараджэння – супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа зноў будуць мець магчымасць з радасцю вітаць на беларускай зямлі расійскіх калег.

Праграма побыту музея-запаведніка дастаткова насычаная. 30 жніўня 2022 года ў 15.00 адбудзецца адкрыццё часовых экспазіцый. «Пскоўскі народны касцюм у мініяцюры» складаецца з 21 мініяцюрнага ўзора святочнага і паўсядзённага мужчынскага, жаночага і дзіцячага адзення, характэрнага для рэгіёна. Экспазіцыя «Казачныя мастакі. Кніжная графіка Юрыя і Лізаветы Васняцовых» распавядае аб пераемнасці пакаленняў знакамітай дынастыі мастакоў Васняцовых, запрашае наведвальнікаў у чароўны свет рускай казкі, свет бестурботнага дзяцінства, такі блізкі і знаёмы кожнаму, і ўражвае сваёй вобразнасцю і шматколернасцю: размаляваныя конікі, касалапыя мядзведзікі, працавітыя каты, апранутыя ў кашулькі і валёначкі, з кошыкамі і апалонікамі, - усе яны намаляваны з гумарам і кранальнай любоўю.

Запланаваны майстар-клас «Руская лубочная карцінка», дзе можна атрымаць звесткі з гісторыі «народных карцінак», даведацца пра спосабы іх вырабу і характэрныя сюжэты ў ХVІІІ – ХІХ стст., пазнаёміцца са старым рускім алфавітам і, выкарыстоўваючы ліпавыя дошкі, паспрабаваць вырабіць уласную копію лубочнай карцінкі ХІХ ст.

Шчыра запрашаем!

 

Наш адрас: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5

Тэл. для даведак: 270 10 55, 270 17 02

e-mail: info@kolasmuseum.by

Афіцыйны сайт: kolasmuseum.by