background

Сардэчна запрашаем на канцэрт у межах праекта "На струнах душы"!

16.05.2022

19 мая 2022 года ў 16. 00 у Вялікай гасцёўні Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа адбудзецца канцэрт выпускнога курса спецыяльнасці “Акцёр музычнага тэатра” Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (педагогі: заслужаная артыстка Беларусі дацэнт В. С. Пятліцкая і Н. В. Дзяменцьева, канцэртмайстар Г. А. Палажыева).

За сваё жыццё акцёр пражывае сотні жыццяў. Яго творчасць заварожвае, даючы гледачам тэмы для разважанняў. Адным толькі жэстам, поглядам ён здольны адлюстраваць тое, для чаго іншаму не хопіць і сотні словаў. Акцёру музычнага тэатра для стварэння вобразу неабходны не толькі талент, знешнія дадзеныя, эмацыянальная памяць, жыццёвы і сцэнічны вопыт, але і дынамічны акцёрскі тэмперамент, цудоўныя вакальныя і харэаграфічныя дадзеныя, бо менавіта ў музычным тэатры спевы, танцы і рухі служаць для развіцця дзеяння, паказу ідэі спектакля і складаюць адзінае цэлае з драматычным дзеяннем.

Варта заўважыць, што класік беларускай літаратуры Якуб Колас заўсёды любіў музыку, добра спяваў, валодаў скрыпкай. Цікава, што Канстанцін Міхайлавіч меў не толькі музычны і літаратурны талент, але і артыстычныя здольнасці. Калі вучыўся ў настаўніцкай семінарыі, не раз прымаў удзел ў творчых вечарах, выступаў на сцэне ў якасці артыста, дэкламатара, апавядальніка. На гэтых вечарынах “меў надзвычайны поспех і сярод таварышаў, і настаўнікаў, і гарадской публікі”. Успамінаючы п’есу-жарт “Пашыліся ў дурні” у пастаноўцы Беларускага музычна-драматычнага гуртка, Колас адзначаў: “Тэатр страшэнна зацікавіў мяне, і ў ім я пачуў вялікую сілу падняцця народнага духу і яго гонару, і нішто, як ён, не можа зрабіць столькі для адраджэння Беларусі”. Якуб Колас напісаў пяць п’ес, да таго ж спектаклямі сталі шматлікія паэтычныя і празаічныя творы песняра.

У канцэрце “На струнах душы” у выкананні студэнтаў БДАМ прагучаць арыі, дуэты, ансамблі з опер,  аперэт, мюзіклаў і музычных камедый, а таксама народныя песні.

Сардэчна запрашаем!

Кантактны тэлефон: (017) 270 17 02

Адрас: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5

e-mail: info@kolasmuseum.by

сайт: www.kolasmuseum.by