background

Шчыра запрашаем!

21.01.2021

Прэс-рэліз выстаўкі “Уладарства холаду вяліка”: зімовыя матывы ў творчасці Якуба Коласа і Васіля Шаранговіча

  • Шчыра запрашаем!
  • Шчыра запрашаем!
  • Шчыра запрашаем!
  • Шчыра запрашаем!

Прэс-рэліз выстаўкі “Уладарства холаду вяліка”: зімовыя матывы ў творчасці

Якуба Коласа і Васіля Шаранговіча

 

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае на адкрыццё часовай экспазіцыі “Уладарства холаду вяліка”: зімовыя матывы ў творчасці Якуба Коласа і Васіля Шаранговіча, якое адбудзецца а 16-й гадзіне 26 студзеня. Якуб Колас – адзін з лепшых прыродаапісальнікаў у беларускай літаратуры.  Больш за тое, класік беларускай літаратуры Якуб Колас выдатны мастак слова, які вельмі тонка і пранікнёна апісвае беларускія краявіды, а яго прыродаапісальная лірыка не можа не кранаць. Кожная пара года ў творчасці Якуба Коласа вельмі хораша і рэалістычна перададзена чытачам рознага ўзросту. Зімовы час у творчасці Якуба Коласа выступае як вясёлая пара для дзяцей, адметная сваімі надзвычай прыгожымі малюнкамі і з’явамі, што ствараюць непаўторную атмасферу:

Надышлі марозы,

Рэчкі закавалі,

Белыя бярозы

Шэранем убралі.

Замялі дарогі

Ветрыкі снягамі.

Лес, як дзед убогі

З доўгімі вусамі…

Вельмі яскрава зімовая пара перададзена Якубам Коласам і ў выдатнай паэме “Новая зямля”, радкі з якой далі назву часовай экспазіцыі. Цэлыя главы паэмы апісваюць не толькі прыгожыя зімовыя краявіды, але і святочны калядны час і настрой. У паэме яскрава перададзены рэалістычныя вобразы зімовай прыроды, што ствараюць адчуванне навакольнай прыгажосці і святочнасці:

Мароз – паважны. Як вяльможа,

Знасіць свавольніцтва не можа,

І на той час, як ён пануе.

Па небе хмарка не вандруе,

І ўсе стварэнні занямеюць,

І патыхаць вятры не смеюць.

Ўсё ціха, мёртва, нерухома.

 Не менш маляўніча і выдатна перадае радкі Якуба Коласа, што апісваюць зімовыя краявіды, у графічных работах Васіль Шаранговіч. Яго мастацкія працы тонка перадаюць апісанне прыроды беларускага класіка і ствараюць рэалістычныя зімовыя карціны, што моцна прывабліваюць сваёй вобразнасцю. Сімвалічна, што Васіль Шаранговіч нарадзіўся зімовай парою, 14 студзеня. Менавіта сёлета спаўняецца 82 гады з часу нараджэння вядомага беларускага графіка і педагога. Яго творчасці ўласцівы разнастайнасць графічных тэхнік і стылявых прыёмаў, выразны малюнак, эмацыянальнасць і глыбокая змястоўнасць вобразаў. Работы ў кніжнай графіцы адметныя тонкім разуменнем структуры і ладу літаратурнага твора, паглыбленай пранікнёнасцю ў псіхалогію персанажа, вострым пачуццём гармоніі элементаў афармлення кнігі. Ілюстрацыі да паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” з’яўляюцца адным з лепшых прыкладаў яго мастацкага таленту. Народны паэт і народны мастак яскрава перадаюць непаўторную зімовую прыгажосць, хараство зімовай пары ў сваёй творчасці, якую можна будзе ўбачыць на часовай экспазіцыі “Уладарства холаду вяліка”.

У мерапрыемстве прымуць удзел прадстаўнікі сям’і Якуба Коласа і Васіля Шаранговіча.

 

 

Кантактны тэлефон: (017) 270 17 02

Адрас: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5

www.kolasmuseum.by; e-mail: info@kolasmuseum.by