background

Скарбы бібліятэк: кнігі з інскрыптамі Якуба Коласа

15.09.2022

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Колласа віншуе супрацоўнікаў бібліятэк Рэспублікі Беларусь з прафесійным святам!

Якуб Колас заўсёды з павагай ставіўся да кнігі. Пасля прыезду ў Мінск у 1921 годзе пачаў збіраць сваю бібліятэку. Старэйшы сын паэта Даніла Міцкевіч успамінаў: «Яна была не вельмi вялiкая: адчуваўся недахоп i сродкаў, i плошчы. Ды i не было тады i духу бяздумнага збiральнiцтва, так званай «прэстыжнасцi». Але ўсё ж было шмат цiкавых кнiг. Мне помняцца багата аформленае выданне Бракгаўза-Эфрона, шматтомнiкi Шэкспiра, Шылера, Пушкiна, творы Лермантава, Талстога, Някрасава, Гогаля, Шаўчэнкi, Барбюса, Келермана, Тагора, Гамсуна, многiх iншых пiсьменнiкаў, гiсторыя Расii Кастамарава, шыкоўныя навукова-папулярныя выданнi «Вселенная и человечество» ў 5 тамах, «Мужчина и женщина» ў 3-х тамах i шмат яшчэ якiя цiкавыя кнiгi.

Бiблiятэка беларускай кнiгi складалася перш за ўсё з кнiг самога Коласа, яго паплечнiкаў i сяброў – Янкi Купалы, Максiма Гарэцкага, Цiшкi Гартнага, Змiтрака Бядулi, пазней i больш маладзейшых калег. Амаль усе гэтыя кнiгi былi з цёплымi прысвячэннямi Коласу ад аўтараў. Значнае месца займала навуковая лiтаратура».

Асабістая бібліятэка Якуба Коласа згарэла разам з домам паэта ў самым пачатку вайны – 24 чэрвеня 1941 года. Па вяртанні ў вызвалены Мінск Якуб Колас пачынае аднаўляць сваю бібліятэку. Набываюцца кнiгi класiкаў – Пушкiна, Чэхава, Гогаля, Тургенева, Лермантава, Ляскова, Маякоўскага... З'яўляюцца падпiсныя выданнi, энцыклапедыi. 

Сёння асабістая бібліятэка Якуба Коласа налічвае каля 1000 кніг. Захоўваецца яна ў рабочым кабінеце Якуба Коласа мемарыяльнай экспазіцыі сталічнага музея Песняра.

Самымі каштоўнымі кнігамі коласавага збору з'яўляюцца кнігі з дарчымі надпісамі Якубу Коласу ад яго калег па пяру (П. Глебкі, П.Броўкі, Э.Агняцвет, Я.Брыля, М. Рыльскага, А.Твардоўскага, С. Гарадзецкага, М. Ісакоўскага, С.Маршака і інш ). 

 

У асабістай бібліятэцы Якуба Коласа 182 дарчых надпіса класіку ад пісьменнікаў, навукоўцаў, дактароў, знаёмых і сяброў пісьменніка. Таксама выданні Якуба Коласа, якія выйшлі пры яго жыцці   – першы збор твораў у 7-мі тамах, выдадзены ў 1952 годзе –да 70-годдзя паэта, збор твораў на рускай мове ў 4-х тамах.

  Якуб Колас быў членам Камітэта па Дзяржаўных прэміях СССР, для абмяркавання іх на Камітэце трэба было не толькі ўважліва іх прачытаць, але яшчэ і даць ім ацэнку, аналіз, характэрыстыку. Якубу Коласу дасылаліся кнігі, якія вылучаліся на гэтую прэмію, часта яны заставаліся ў ягонай бібліятэцы, так ён знаёміўся з лепшымі тагачаснымі творамі пісьменнікаў усіх саюзных рэспублік.

У бібліятэцы Якуба Коласа ёсць два старадрукі:

  • «Наука Стихотворства» (Санкт Пецярбург, 1811 г.)
  • «Белорусский архив древних грамот» (Масква, 1824 г.)         

 

Сярод унікальных кніг коласаўскай бібліятэкі – канвалют (зборнік, складзены звычайна адным укладальнікам з  розных самастойных выданняў, перапляцёных у адзін том). У канвалюце з коласаўскай бібліятэкі – 13 выданняў пад адной вокладкай, пераплёт пачатку 20 стагоддзя. Усе выданні ці на беларускай мове, ці маюць дачыненне да Беларусі. 7 выданняў з канвалюта няма нават у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Некаторыя кнігі з асабістымі ці прыналежнымі надпісамі Якуба Коласа таксама ўваходзяць у склад яго бібліятэкі. Напрыклад кніга Вальтэра Скота. Роб Рой. 1952. Рукою Я.Коласа: «Диана Вернон (Мой самый любимый литературный образ женщины). 24 лютага 1953 Якуб Колас.» На кнізе «Сымон-музыка» (Прага:1942 г.) прыналежны надпіс –«Якуба Коласа.20.ІУ. 1945». А на кнізе Л.Талстога “Война и мир” (1945 г.) – знакавы надпіс: «Бібліятэка  Якуба Коласа».  

Самае каштоўнае, што пакінуў наступным пакаленням беларусаў Якуб Колас – свае  кнігі. У гэтым годзе Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа рэалізуе праект «Ад усяго сэрца, ад усёй душы: інскрыпты Якуба Коласа на кнігах», які атрымаў падтрымку гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы культуры. Дзякуючы праекту, былі выяўлены дарчыя надпісы паэта пачынальніку рускай дзіцячай літаратуры Самуілу Якаўлевічу Маршаку, перакладчыку твораў Якуба Коласа Міхаілу Васільевічу Ісакоўскаму, вядомаму беларускаму навукоўцу Яўгену Іванавічу Барычэўскаму і многім іншым асобам. Вось і сёння падзелімся з нашымі чытачамі адной з такіх знаходак.

У 20 томе збору твораў Якуба Коласа асобным раздзелам пададзены інскрыпты паэта на кнігах і фотаздымках. Большасць з іх захоўваецца ў музеях, архівах і прыватных калекцыях. Але і бібліятэкі Беларусі валодаюць рэдкімі асобнікамі кніг з рукапісамі класіка беларускай літаратуры. Сярод іх – Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Слонімская цэнтральная раённая бібліятэка імя Якуба Коласа.

12 кніг паэт падарыў бібліятэцы Акадэміі навук. Сярод іх – зборнікі вершаў, аповесці «У палескай  глушы», «Дрыгва», паэма «Адплата», выбраныя творы на беларускай і рускай мовах. Усе кнігі былі падараваны ў адзін дзень – 6 лютага 1950 года, аб гэтым сведчаць аднолькавыя дарчыя надпісы на кнігах:«Бібліятэцы Акадэміі навук БССР. Якуб Колас 6. ІІ. 1950 г.». Акрамя кніг падпісаных аўтарам установе, у бібліятэцы беражліва захоўваюцца кнігі Якуба Коласа з інскрыптамі, адрасаваныя беларускаму этнографу, фалькларысту, мовазнаўцу, бацьку беларускага паэта Максіма Багдановіча Адаму Юр’евічу Багдановічу, беларускаму вучонаму Івану Іванавічу Замоціну, беларускім пісьменнікам Максіму Гарэцкаму, Пятру Глебку і Максіму Лужаніну, дзяржаўнаму дзеячу Панцеляймону Кандратавічу Панамарэнку.

Багатую калекцыю кніг з інскрыптамі Якуба Коласа мае Нацыянальная бібліятэка Беларусі, якая 15 верасня 2022 года адзначыць 100-годдзе з дня заснавання. Напярэдадні новага 1954 года Якуб Колас падараваў установе польскамоўнае выданне аповесці  «У палескай глушы», якое выйшла ў Варшаве ў 1950 годзе. Выданне захоўвае наступны дарчы надпіс аўтара: «Дзяржаўнай бібліятэцы імя Леніна. Якуб Колас. 31/ХІІ 1953 г.».

У 1952 годзе Якуб Колас падараваў сваю аповесць «Адшчапенец» бібліятэцы вёсцы Вялікая Кракотка. Гэту вёску з-за яе шыкоўнай прыроды Уладзімір Караткевіч называў самай прыгожай вёскай у свеце. Аднак яна не толькі прыгожая, але і знакамітая. У Вялікай Кракотцы яшчэ ў 1927 годзе пры гуртку Таварыства беларускай школы вясковая моладзь заснавала бібліятэку-чытальню, якую назвалі імем народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Гэта была першая ўстанова культуры рэспублікі, якой было нададзена імя песняра беларускага народа. На падараванай кнізе рукою класіка напісана: «Бібліятэцы імя Янкі Купалы в. Вялікая Кракотка. Якуб Колас 2/VIII 1952 г.». Зараз гэта кніга захоўваецца ў Слонімскай раённай бібліятэцы. 

Слонімская раённая бібліятэка носіць імя Якуба Коласа з 1944 года, якое атрымала яшчэ пры жыцці паэта. Яна мае ў сваім зборы свой асобнік кнігі «Адшчапенец» з аўтографам песняра: «Слонімскай раённай бібліятэцы. Якуб Колас. 6/ ІХ 1954 г.». 

Але ёсць аўтограф яшчэ адной бібліятэцы, які не ўвайшоў у раздзел інскрыптаў збору твораў Якуба Коласа. Зараз рэдкае выданне захоўваецца ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь. На першым томе свайго сямітомнага збору твораў, які выйшаў у Мінску ў 1952 годзе да юбілея пісьменніка, Якуб Колас пакінуў памятныя радкі: «Бібліятэцы Саюза Савецкіх Пісьменнікаў Беларусі на памяць Якуб Колас. 23. ІХ. 1954 г.». Аўтограф друкуецца ўпершыню. У сярэдзіне верасня 1954 года Якуб Колас з уступнай прамовай адкрывае Трэці з’езд пісьменнікаў БССР, абіраецца членам прэзідыума Праўлення Саюза Савецкіх Пісьменнікаў Беларусі і дэлегатам на Другі Усесаюзны з’езд пісьменнікаў. У той час і была падаравана кніга. 

Якуб Колас з радасцю дарыў свае кнігі сябрам, калегам і знаёмым, а таксама розным установам, пакідаючы некалькі радкоў на памяць. Дзяржаўныя і прыватныя бібліятэкі валодаюць каштоўнымі асобнікамі, якія памятаюць цеплыню рук беларускага песняра. Спадзяемся, што яшчэ многа невядомых коласазнаўцам  кніг з інскрыптамі паэта чакаюць свайго адкрыцця.

 

                                                                               Васіліна Міцкевіч,

галоўны захавальнік фондаў

Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага

музея Якуба Коласа

 

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа выказвае шчырыя словы падзякі дырэктару Слонімскай раённай бібліятэкі імя Якуба Коласа Гайдук Тамары Батыраўне за прадстаўленыя электронныя копіі кніг з аўтографамі Якуба Коласа