background

Сёння юбілей Якуба Коласа!

03.11.2022

3 лістапада – дзень нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.

“У хвалях няспыннага руху ідзе-плыве час. Нячутна для нашага слуху, нябачна для нас”… Сто сорак гадоў аддзяляе нас ад моманту, калі ў засценку Акінчыцы, што на Стаўбцоўшчыне, у сялянскай сям’і Міхаіла Казіміравіча і Ганны Юр’еўны Міцкевічаў нарадзіўся хлопчык Костусь. Зразумела, тады ніхто не мог падумаць, што малы, накіроўваючыся “наперад, к тым далечам сінім”, пройдзе па жыцці шмат дарог – незаўсёды роўных, гасцінных – і вырасце знакамітым пісьменнікам, паэтам, навукоўцам, грамадскім дзеячам.

У сузор’і слынных імёнаў, якімі па праве ганарыцца беларускі народ, Якубу Коласу (Канстанціну Міхайлавічу Міцкевічу) належыць адно з найбольш пачэсных месцаў. Класік нацыянальнай і сусветнай літаратур, непераўзыдзены мастак слова, аўтар паэтычных шэдэўраў, педагог, літаратурны крытык, публіцыст, перакладчык, вучоны, дзяржаўны дзеяч, чалавек вялікай і шчодрай душы — такім быў Якуб Колас ва ўспрыманні сучаснікаў. Такім ён застаецца і сёння ў свядомасці беларускага грамадства, шматлікіх прыхільнікаў яго таленту. Творчасць Якуба Коласа — гэта цэлы сусвет, дзівосны і непаўторны, у якім спалучаюцца вобразы роднай зямлі, яе народа, яго жыццё і гісторыя.

У яго «Запавеце», напісаным у 1946 г., ёсць словы: «Я прыйшоў у жыццё не дзеля сябе самога, я прыйшоў дзеля Вас. Калi Вам будзе добра, калi Вы (я тут разумею ўвесь комплекс жыцця) пойдзеце па праўдзiвай дарозе жыцця, калi Вы будзеце мець на ўвазе не толькi сябе, але i народ, якi Вас пусцiў у жыццё, i калi Вы будзеце жыць народам дзеля народа, тады я скажу: "Няхай жа будзе шчаслiва Ваша дарога”. Здавалася, Якуб Колас пісаў проста, але гэта геніяльная прастата. Ён гутарыў з чытачом даступнай мовай, прымушаючы таго здзіўляцца: маўляў, гэта ж і я так думаю. Не выпадкова ў вёсках вершы і раздзелы  з “Новай зямлi” паэта многія ведалі на памяць. Але ж, з іншага боку, у яго творах схавана глыбокая філасофія, у іх шмат яркіх вобразаў.

Паэма “Новая зямля” прыдатная для таго, каб забраць яе ў касмiчны карабель i накiравацца з ёй у мiжзорнае падарожжа, каб пасля даводзiць iншапланецянам, хто такія беларусы, як гэта прапаноўваў Алесь Адамовiч. Дый і зямлянам гэтая кнiга скажа галоўнае пра космас беларусаў.

…У пачатку XX стагоддзя народны паэт Беларусі Якуб Колас марыў, каб “дарожанькі людскія” вялі ў “шлях прасторнай плыні і далягляд ружова-сіні, дзе так панадна свеціць сонца”. І вось шлях гэты красуе сёння!

Падчас юбілейнага года на Беларусі праходзіць мноства адметных мерапрыемстваў, якія бліжэй знаёмяць дзяцей і дарослых з Якубам Коласам – не толькі як з песняром, вучоным і грамадскім дзеячам, але і клапатлівым бацькам і дзядулем, надзейным сябрам, дбайным гаспадаром...