background

"Усё водгук знаходзіць ў бязмежных абшарах..."

18.03.2022

У музеі прайшла прэзентацыя факсімільнага выдання зборніка Якуба Коласа "Водгулле".

Сімвалічна, што факсімільнае выданне «Водгулле», прымеркаванае да 100-годдзя яго выхаду ў друк, прэзентуецца ў юбілейны год з часу нараджэння класіка айчыннай літаратуры.

Пасля вяртання на радзіму з Куршчыны ў 1921 годзе Колас актыўна пачынае займацца стваральнай працай. Ужо праз год у беларускім кааперацыйна-выдавецкім таварыстве “Адраджэньне” выходзіць паэтычны зборнік “Водгулле”, другі зборнік паэзіі Коласа пасля "Песняў жальбы". Ён не такі вядомы як іншыя творы Якуба Коласа, аднак мае пэўную цікавасць для аматараў беларускай літаратуры і для даследчыцкіх колаў. 

 Зборнік «Водгулле» аб’яднаў вершы, напісаныя не толькі падчас Першай сусветнай вайны і прабывання на Куршчыне, а значна большага перыяду. У яго ўвайшлі творы 1908-1921 гадоў. Тэматыка паэтычных твораў розная – пачынаючы ад пейзажных і натурфіласофскіх вершаў і заканчваючы вершамі грамадзянскага гучання. На той час было рознае стаўленне да паэтычных твораў гэтага зборніку: ад моцнай крытыкі да ўхвальных выказванняў.

Сур’ёзна раскрытыкавалі Коласаўскі зборнік на старонках часопіса «Адраджэнне» (1922), адзначаючы, што «Водгулле» не робіць вялікага ўражання, а паэтычныя вобразы і тэматыка амаль не змянілася з пачатку творчасці Канстанціна Міцкевіча: «У Водгульлі зьмешчаны вершы з розных часоў – ад 1908 да канца 1921 року ўключна. Дзеля гэтага, а таксама ў сілу вышэйпаказаных прычын (адсутнасць аддзелаў) – зборнік пэўнай фізіяноміі ня мае, цалкавітага нейкага ўражаньня ня робіць. У зьвязку гэтым, адмоўныя адзнакі выступаюць больш рэзка. Першае, што кідаецца ў вочы, – гэта адсутнасьць новых матываў: поэта і дагэтуль круціцца ў тым самым коле вобразаў, у якое ён уступіў пры пачатку свае поэтыцкае кар’еры». Іншыя ж наадварот прыхільна ставіліся да выданага зборніка Якуба Коласа, выказваючы пэўнае захапленне творчай працай паэта. Найперш варта адзначыць вядомейшага грамадска-палітычнага дзеяча Антона Луцкевіча, які адзначаў: «Заглянем да апошняга зборніка Коласа “Водгулле”, перачытаем яго найнавейшыя, апошнія вершы і шчырае здзіўленне абхопіць душу: ад сялянскае лірыкі Колас дайшоў да настрояў сучаснага нэрвовага, з незвычайна зложанай псіхічнай арганізацыяй “цывілізаванага” эўрапейца».  Як ставіцца да гэтага зборніка, ці з’яўляецца ён адметным у творчасці самога Якуба Коласа, а таксама наколькі новымі паэтычнымі матывамі і вобразамі прасякнуты вершы, распавёў на прэзентацыі  коласазнавец, кандыдат гістарычных і філалагічных навук Анатоль Віктаравіч Трафімчык.

У імпрэзе таксама прынялі ўдзел дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа І. У. Мацяс, галоўны захавальнік фондаў музея В. В. Міцкевіч, унучка Якуба Коласа М. М. Міцкевіч, загадчык навукова-асветніцкага аддзела музея В. Я. Наважылава, старшы навуковы супрацоўнік А. С. Крыжэвіч, навучэнцы Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа разам з выкладчыцай Аленай Паўлаўнай Жураўлёвай.