background

Узнаўляем Коласаў сад!

29.10.2020

А ў нас навіны! Мы пачалі працу над узнаўленнем Коласава панадворка ў такім выглядзе, які быў пры гаспадары. Па ўспамінах родных Песняра пачаў узнаўляцца сад.

  • Узнаўляем Коласаў сад!
  • Узнаўляем Коласаў сад!
  • Узнаўляем Коласаў сад!
  • Узнаўляем Коласаў сад!
  • Узнаўляем Коласаў сад!
  • Узнаўляем Коласаў сад!
  • Узнаўляем Коласаў сад!
  • Узнаўляем Коласаў сад!

Першай з'явілася тая самая "купіна жыта на клумбе" - "гераіня" верша “З майго летапісу”:

                            Стаіць мая хата між хвой кучаравых,

                            І купіна жыта на клумбе пры ёй.

                            Свая ў мяне пожня, і дрэўцы, і травы,

                            Пляцоўка, і двор свой, і я сабе свой.

Наступная новая жыхарка - яблынька малодшага сына Якуба Коласа Міхася Канстанцінавіча, якую ён у свой час прывіў ад бацькоўскага дрэва.

У садзе нашчадкаў Песняра ёй цудоўна жылося, але наспеў час дрэўцу "пераехаць" на тое самае месца, дзе расла яго "маці", пасаджаная самім народным паэтам...

Чакаюць "пераезду" і наступныя навасёлы (гл. фота), якія прыехалі ў Мінск з радзімы паэта - Стаўбцоўшчыны. 

...Якуб Колас увесь час удасканальваў сваю сядзібу. Яшчэ ў маі 1945 года было пасаджана шмат дэкаратыўных дрэваў, сярод іх любімы вяз, пад якім на лаўцы часта адпачываў гаспадар. У канцы кастрычніка 1945 года пасадзілі яблыні, адна з іх расце і сёння.Восенню 1947 года тэрыторыя сядзібы пашырылася, узбуйнілі пладовы сад: на месцы спілаваных абгарэлых у час вайны дрэваў пасадзілі саджанцы вішняў, чарэшняў, сліваў, грушаў, кусты агрэсту, парэчак, малінаў. Да сённяшняга дня на тэрыторыі музея растуць ліпы, клёны, каштаны, цешыць вока серабрыстая елка. Колас вельмі любіў свой двор і сад: з прыгараднага лесу быў прывезены ядловец і пасаджаны ў кампанію да барбарысу, японскай айвы, язміну, бэзу. А пад адным з вокнаў Колас саджаў тытунь, але пасля таго, як дактары забаранілі пісьменніку курыць, ён быў бязлітасна вырваны. У 1952-1953 гадах паэт пасеяў у сябе пад акном жыта і нават зрабіў вядомы дослед па сумеснаму пасеву жыта і ячменю, пра які вычытаў у дарэвалюцыйным часопісе. Вынікі цікавага пісьменніцкага эксперыменту публікаваліся ў “Вестях АН БССР” і рэспубліканскіх газетах.