background

Вясна ў французскім стылі!

17.03.2022

Давайте святкаваць Міжнародны дзень тэатра разам!

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа

Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Тэатро”

Rêves d'enfants” (“Мары дзяцей”)

Літаратурна-музычная праграмма з удзелам акцёраў МГА “Тэатро”.

25 сакавіка 2022 года а 16 гадзіне Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае аматараў творчасці адзначыць Міжнародны дзень тэатра разам з таленавітымі французскімі артыстамі з МГА “Тэатро”, якія прадставяць на суд гледачоў літаратурна-музычную праграму Rêves d'enfants” (“Мары дзяцей”).

Штогод 27 сакавіка ў Беларусі, як і ва ўсім свеце, адзначаецца Міжнародны дзень тэатра. Гэтае свята было арганізавана дзеля распаўсюджвання мастацтва па ўсім зямным шары, каб людзі розных прафесій, узростаў і сацыяльнага статусу маглі зразумець і адчуць яго каштоўнасць.

Працэс станаўлення прафесійнага беларускага тэатра быў непасрэдна звязаны з творчасцю Якуба Коласа – рэжысёры і артысты выхоўваліся менавіта на яго творах. Цікава, што сам Канстанцін Міхайлавіч меў не толькі літаратурны талент, але і артыстычныя здольнасці. Калі вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, не раз прымаў удзел ў творчых вечарах, выступаў на сцэне ў якасці артыста, дэкламатара, апавядальніка. Праз гады ён напіша, што на гэтых вечарынах «меў надзвычайны поспех і сярод таварышаў, і настаўнікаў, і гарадской публікі». Успамінаючы п’есу-жарт «Пашыліся ў дурні» ў  пастаноўцы Беларускага музычна-драматычнага гуртка  Колас адзначаў:  «Тэатр страшэнна зацікавіў мяне, і ў ім я пачуў вялікую сілу падняцця народнага духу і яго гонару, і нішто, як ён, не можа зрабіць столькі для адраджэння Беларусі». Якуб Колас напісаў пяць п’ес, да таго ж спектаклямі сталі шматлікія паэтычныя і празаічныя творы песняра.

Міжнародны дзень тэатра ў розных краінах свету традыцыйна праходзіць пад дэвізам: «Тэатр як сродак узаемаразумення і ўмацавання міру паміж народамі».

25 сакавіка ў літаратурна-музычнай праграме Rêves d'enfants” (“Мары дзяцей”) у выкананні артыстаў МГА “Тэатро” прагучыць фартэпіянная музыка сусветна вядомых кампазітараў, песні і вершы на рускай і французскай мовах.

Кошт уваходнага квітка – 1, 50 руб.

Сардэчна запрашаем!

Кантактны тэлефон: (017) 270 17 02

Адрас: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5

www.kolasmuseum.by; e-mail: info@kolasmuseum.by