background

“Я слаўлю мамы светлае імя..”

07.10.2021

Вось ужо 26 гадоў, як Дзень маці адзначаецца ў Беларусі на дзяржаўным узроўні. У апошнія некалькі гадоў ён істотна вырас і ператварыўся ў тыдзень — насычаны падзеямі, напоўнены віншаваннямі і словамі падзякі ў адрас жанчын, якія нараджаюць і выхоўваюць дзяцей.

Шмат твораў літаратуры і мастацтва прысвечана менавіта маці. Паэты і пісьменнікі пішуць пра мудрасць мамы, пра мужнасць мамы, аб матчыным шчасці, аб матчыным сэрцы. Якуб Колас успамінаў пра Ганну Юр’еўну: “…Што ўражвала больш за ўсё: матчын голас. Нават калі яна сварылася на нас і пачынала ўшчуваць, голас не траціў мяккасці і дабраты. Я вельмі любіў, як яна спявала. <...> Управіўшыся з чарнейшаю работаю па хаце і па гаспадарцы, маці садзілася, як на адпачынак, за верацяно або за шытво. Яна спачатку абзывалася ледзь чутна, тонка-тонка, як шчыгол, прабуючы голас, ці не ахрыпла часам за ноч. Потым матчына песня бралася ў сілу і запаўняла хату. <...> А ўлюбёная матчына песня расказвала пра нешчаслівае каханне, і галоўнаю асобаю, разлучнікам, выступаў Нёман".

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа далучаецца да святкавання тыдня маці.

Мы запрашаем усіх да ўдзелу ў творчым спаборніцтве – той, хто правільна адкажа на пытанні віктарыны і выканае творчае заданне, атрымае запрашальны білет у музей!

Віктарына “Слова пра маці”

1.  Адкажыце, як звалі маці Якуба Коласа.
А) Марыя;
Б) Ганна;
В) Вераніка;
Г) Юлія.

2.  Колькі гадоў было матулі Якуба Коласа, калі ён нарадзіўся?
А) 25;
Б) 30;
В) 31;
Г) 20.


3.  Колькі дзяцей нарадзілася ў сям’і?
А) 2;
Б) 5;
В) 13;
Г) 4.

4.  Творчае заданне. Напішыце пажаданні для сваёй матулі да Дня маці. У паэтычнай альбо празаічнай форме. Аб’ём не абмежаваны.

Свае адказы дасылайце на электронны адрас музея: info@kolasmuseum.by
Пытанні па тэлефоне: 270 17 02

14 кастрычніка ў музеі адбудзецца акцыя “Музей у падарунак маме”. Усе матулі, якія прыйдуць у гэты дзень у дом Коласа разам з дзецьмі, атрымаюць у падарунак бясплатнае наведанне экспазіцый музея. І справа тут не толькі ў тым, што кожны зможа прывесці маму ў музей па свайму білету, колькі ў зносінах маленькага чалавека з самым дарагім для яго чалавекам – мамай. У наш імклівы час нам усім гэтага вельмі не хапае, а мемарыяльная сядзіба і дом паэта захоўваюць непаўторную аўру святла і добразычлівасці Якуба Коласа. Кожны, хто хоць раз завітае у музей, на ўсё жыццё пранясе ў сваім сэрцы памяць пра Дом беларускага песняра.

 

САРДЭЧНА ЗАПРАШАЕМ!

 

Кантактны тэлефон: (017) 270 17 02

Адрас: г. Мінск, ул. Акадэмічная, 5.

www.kolasmuseum.by;

e-mail: info@kolasmuseum.by