background

Якуб Колас і Пятрусь Броўка: прысвячэнні і інскрыпты. Да 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа

15.11.2022

Мой даўні друг, мой мілы Петрусёк!

Надыдзе час, мы твой спакой парушым,

І гэты час не так ужо далёк:

Зашыемся ціхусенька ў куток

І пляшачку «амброзіі» раздушым.

Так заканчваецца верш, які Якуб Колас прысвяціў свайму сябру, вядомаму беларускаму пісьменніку Пятру Броўку. Якуб Колас і Пётр Усцінавіч сябравалі, пачынаючы з 1930-ых гадоў. Пятрусь Броўка ўпершыню наведаў дом паэта на Вайсковым завулку ў Мінску разам з сябрамі ў 1931 годзе, калі там ратаваліся ад павадкі Янка Купала і яго жонка Уладзіслава Францаўна. А з творчасцю класіка Пятрусь Броўка пазнаёміўся яшчэ ў дзяцінстве, першым прачытаным творам стала «Тоўстае палена», ад якога будучы пісьменнік быў у захапленні. У сваіх успамінах Пётр Усцінавіч пісаў:  «хіба я мог уявіць, што прыйдзе такі час, калі я буду часта бачыць, слухаць любімага пісьменніка і нават стану блізкім да яго».

Аб сяброўскіх адносінах пісьменнікаў сведчаць не толькі дзённікавыя запісы, ліставанне, вершы-прысвячэнні, але і кнігі, якія аўтары дарылі адзін аднаму з вельмі цёплымі дарчымі надпісамі.

У асабістай бібліятэцы Петруся Броўкі ў яго мемарыяльнай кватэры захоўваюцца некалькі кніг Якуба Коласа з аўтографамі

Кніга «Адплата» была падаравана Пятру Броўку ў 1946 годзе з наступным дарчым надпісам: «Міламу, любаму Пятрусю Броўку на памяць ад Якуба Коласа 10 ХІ 1946 г.». Цікава, што ў гэты ж дзень такую ж кнігу ад аўтара таксама з аўтографамі атрымалі Пятро Глебка і Максім Лужанін. Магчыма беларускія пісьменнікі завіталі да Коласа, каб павіншаваць яго з днём нараджэння, які адзначаўся 3 лістапада і атрымалі падарункі ад паэта. Менавіта Пятрусь Броўка, як галоўны рэдактар часопіса «Полымя», спрыяў выхаду гэтай паэмы ў друку. Якуб Колас пераслаў яму машынапіс паэмы 14 студзеня 1945 года, а ўжо ў лютым паэма пачынае друкавацца часткамі («Полымя», 1945 г., № 2-3).

         

Яшчэ адной кнігай з аўтографам, падараванай класікам Броўку, з’яўляецца  першы том чатырохтомнага збору твораў, які выйшаў на рускай мове ў Маскве ў 1951 годзе. У томе змешчаны вершы, апавяданні ў вершах і паэма «Рыбакова хата». Якуб Колас пакінуў наступны дарчы надпіс: «Дарагому Пятрусю Броўку. Дарагому спадарожніку майму, дасканаламу паэту. Калі ўсе этапы майго жыцця не абхадзіліся без яго – на памяць. Якуб Колас 20 VII 1951 г.». Адзначым, што Пятрусь Броўка ўваходзіў у рэдакцыйную калегію збораў твораў Якуба Коласа ў 7-мі, 12-ці і 14-ці тамах на беларускай мове і 4-х томнага выдання збораў твораў на рускай мове, разам з М. Ісакоўскім і Я. Мазальковым.

Апошняй кнігай, якая выйшла пры жыцці Якуба Коласа і якую аўтар прэзентаваў сваім сябрам і калегам, была трылогія «На ростанях». У асабістай бібліятэцы Пятра Усцінавіча захоўваецца асобнік з наступным дарчым надпісам ад класіка: «Дарагому Пятру Броўку на памяць. Якуб Колас 26 VІII 1955. г. Мінск». Як вынікае з ліста Якуба Коласа да Ніны Ульянаўны Кулакоўскай ад 26 жніўня 1955 года, у той дзень Якуб Колас ездзіў у Каралішчавічы, дзе на хутары адпачываў Пятрусь Броўка, але дома ён яго не застаў і яны не сустрэліся. Таму, напэўна, кніга была падаравана пазней.

Сярод шчаслівых уладальнікаў «На ростанях» з аўтографам ад аўтара – сябры сям’і Якуба Коласа Гаўрыла і Ларыса Гарэцкія, сябар Коласа і перакладчык Я. С. Мазалькоў, беларускі пісьменнік і асабісты сакратар Якуба Коласа М. Лужанін, дырэктар Белдзяржвыдавецтва З.П.Матузаў, знаёмыя паэта Аляксандра Кетлер і Соня Ваўчок, таварыш па камеры царскай турмы, прататып аднаго з герояў трылогіі Аляксандр Голуб, рускі пісьменнік-лаурэат нобелеўскай прэміі Міхаіл Шолахаў. Адну з кніг Якуб Колас падараваў музею Беларускага Палесся ў г. Пінску. Выяўлены асобнік з дарчым надпісам Пятру Броўку стаў дзесятым у гэтым шэрагу кніг.

 

Усе тры дарчыя надпісы класіка, адрасаваныя Пятру Усцінавічу не ўвайшлі ў асобны раздзела «Інскрыпты» збора твораў Якуба Коласа, які выйшаў да 130-годдзя песняра.

У асабістай біблятэцы Якуба Коласа ў яго мемарыяльным кабінеце захоўваюцца кнігі з аўтографамі ад Пятра Усцінавіча.

          Кніга «Беларусь » была падаравана Якубу Коласу  ў 1945 годзе з наступным дарчым надпісам: «Дарагому дзядзьку Якубу Коласу. У дзень нашае сустрэчы ў Маскве. Шчыра. Пятрусь Броўка. 5.І.1945 г.». З 12 лістапада 1943 года Якуб Колас знаходзіцца ў Клязьме пад Масквою, разам з сям’ёй паэт вярнуўся з эвакуацыі з Узбекістана. З 18 снежня 1944 года Якуб Колас жыве ў Маскве ў знаёмых, час ад часу сустракаецца з сябрамі-пісьменнікамі – Міхасём Лыньковым, Пятром Глебкам і Пятром Броўкам. У час адной з такіх сустрэч і была падараваана кніга.

Зборнік вершаў «У роднай хаце» быў падараваны Якубу Коласу аўтарам з насупным дарчым надпісам: «Дарагому Якубу Коласу. Ад усяго шчырага сэрца - Пятрусь Броўка. 3.ІІІ.47 г.» 

У 1947 годзе Пётр Усцінавіч падараваў класіку яшчэ аднгу кнігу – «Выбраныя творы». На кнізе аўтар пакіну вельмі цёплы дарчы надпіс: «Дарагому дзядзьку Якубу Коласу. Ад шчырага сэрца і шчырага пажадання: доўга жыць і ніколі не хварэць. Пятрусь Броўка. 16.ХІІ.47 г.».

 У гэтай кнізе на 292 старонцы змешчаны верш, прысвечаны класіку, які быў напісаны ў ваенны час у Маскве:

Толькі чутна –

Гудзе ўсхвалёваны голас

Па дарогах журботных,

Па самотных шляхах.

Гэта клічаш змагацца

Ты, любімы наш Колас,

І сыны адгукаюцца

 Грозна ў барах…

У асабістай бібліятэцы Якуба Коласа захоўваецца і яшчэ адна кніга-падарунак  – «Сонечнымі днямі» з інскрыптам аўтара: «Дарагому Канстанціну Міхайлавічу. Ад усяе душы. Пятрусь Броўка. 8.Х .50 г.» 

             

Праз пяць год дарагому дзядзьку Якубу, які ўжо цяжка хварэе, адчувае, што яго жыццёвы шлях заканчваецца, Пятрусь Броўка прэзентуе кнігу «Цвёрдымі крокамі» з вельмі цёплым інскрыптам «Дарагому дзядзьку Якубу Коласу. Якога вельмі люблю і якому ўсяго найлепшага ў жыцці жадаю. Пятрусь. 7. ІV. 55 г.» 

         

Інскрыпты, дарчыя надпісы пісьменнікаў адзін аднаму – цікавая тэма для вывучэння і даследавання. Юбілейная выстаўка, якая была створана ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа да 140-годдзя з дня нараджэння паэта ў межах праекта «Ад усяго сэрца, ад усёй душы: інскрыпты Якуба Коласа на кнігах», які атрымаў падтрымку спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дазваляе убачыць кнігі, якія Якуб Колас дарыў не толькі калегам па пяры, але і сваім блізкім, знаёмым, сябрам, вучоным, дактарам, грамадскім і дзяржаўным дзеячам. Дарыў, пакідаючы некалькі радкоў на памяць. Дароўныя надпісы Якуба Коласа з’яўляюцца сведчаннем яго сяброўскім адносін, любові і павагі да многіх асоб з яго акружэння.

 

Васіліна Міцкевіч, галоўны захавальнік фондаў