background

Якуб Колас – настаўнік

16.10.2020

Шаноўныя сябры! Запрашаем вас азнаёміцца з нашай новай анлайн-выстаўкай “Якуб Колас-настаўнік”

  • Якуб Колас – настаўнік
  • Якуб Колас – настаўнік
  • Якуб Колас – настаўнік
  • Якуб Колас – настаўнік
  • Якуб Колас – настаўнік
  • Якуб Колас – настаўнік
  • Якуб Колас – настаўнік
  • Якуб Колас – настаўнік
  • Якуб Колас – настаўнік

 

Штогод у кастрычніку у нашай краіне адзначаецца Дзень настаўніка. Гэта прафессія мае вялікае значэнне для адукацыі і станаўлення новых пакаленняў беларусаў.

Як многа ў жыцці чалавека залежыць ад таго, хто з’яўляецца яго настаўнікам! Педагогі не толькі даюць нам веды па прадмеце, яны вучаць любіць і быць спагадлівымі, верыць і спадзявацца, не траціць упэўненасць у сваіх сілах.

Выдатным настаўнікам быў класік беларускай літаратуры, народны паэт Беларусі Якуб Колас. На станаўленне Якуба Коласа як педагога паўплывала тое, што ён здолеў атрымаць сістэматызаваную педагагічную адукацыю. Вясной 1896 года чатырнаццацігадовы Кастусь Міцкевіч скончыў народнае вучылішча ў Мікалаеўшчыне.

Далейшую адукацыю К. М. Міцкевіч атрымаў у Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі.

Там выкладалі не толькі тэалогію, вучні вывучалі і асновы педагогікі, рускую і стараславянскую мовы, арыфметыку, асновы геаметрыі, каморніцтва, лінейнае чарчэнне, а таксама гісторыю, геаграфію, чыстапісанне і спевы. Такім чынам, вучоба ў семінарыі і ўпартае самастойнае авалодванне педагагічнымі і літаратуразнаўчымі ведамі зрабілі К. М. Міцкевіча адным з перадавых людзей свайго часу, залажылі асновы развіцця яго педагагічнага і літаратурнага таленту. Вялікі ўплыў на станаўленне К. Міцкевіча як маладога паэта аказаў Ф. А. Кудрынскі, які ўмеў зацікавіць сваіх вучняў, прапаноўваў ім цікавыя заданні – рабіць запісы паданняў і легенд тых мясцін, дзе яны бываюць. Маладога семінарыста Ф. А. Кудрынскі, прачытаўшы яго фальклорныя запісы і ўласныя творы на рускай мове, спытаў ці ёсць ў яго творы на роднай мове. І калі К. Міцкевіч прачытаў яму свой верш “Вясна” на беларускай мове, настаўнік параіў яму пісаць менавіта на роднай мове. 

13 ліпеня 1902 года Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч быў удастоены звання настаўніка пачатковага вучылішча.

Дырэкцыя народных вучылішчаў Мінскай губерні з 1 верасня 1902 года прызначыла К. М. Міцкевіча ў Люсінскае народнае вучылішча Хатынскай воласці Пінскага павета (цяпер Ганцавіцкі раён). 3 марай дапамагчы асвеце сялянства едзе выпускнік семінарыі ў палескую глуш – у сваю першую школу. Крыху пазней ён адзначыць, што «...сваю працу сціплага сельскага настаўніка я лічыў самай ганаровай. Перада мной стаяла вялікая і ганаровая задача – усімі сіламі, усім сэрцам служыць працоўнаму народу». 

У жніўні 1903 года К. М. Міцкевіча перавялі ў Пінкавіцкае народнае вучылішча Пінскага павета. Гэты перыяд жыцця К. М. Міцкевіча вельмі добра паказаны ў трылогіі «На ростанях». У галоўнага героя твора Лабановіча і К. М. Міцкевіча многа агульнага, і ў лёсе, і ў характары, і ў адносінах да абавязкаў настаўніка.

Вялікая педагагічная і грамадская работа настаўніка Міцкевіча, папулярнасць яго сярод працоўнага сялянства былі не па душы мясцовым уладам. Начальства знайшло, што педагагічныя ідэі і палітычныя погляды настаўніка дрэнна ўздзейнічаюць на моладзь, і ў пачатку 1906 года яго перавялі ў Верхменскае народнае вучылішча Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Смалявіцкі раён). Але К. М. Міцкевіч астаўся верным сваім поглядам, усё глыбей пранікаўся ідэямі неабходнасці выхавання ў вучняў свядомых адносін да навакольнай рэчаіснасці, важнасці агульнай адукацыі.

9 ліпеня 1906 года – дата, якую запомніў на ўсё жыццё не толькі Якуб Колас, але і многія яго сябры-настаўнікі. Менавіта ў гэты ліпеньскі дзень адбыўся нелегальны настаўніцкі з’езд у вёсцы Мікалаеўшчына ва ўрочышчы Прыстанька каля Нёмана. Гэтая падзея апісана ў трылогіі Якуба Коласа «На ростанях»: «У гутарках, у спрэчках прыйшлі на Прыстаньку...Усе сышліся на высокім і маляўнічым беразе Нёмана, дзе можна было прысесці ці проста пакачацца на зялёнай траўцы...». Месца, дзе адбываўся сход, маляўнічая прырода таго спякотнага летняга дня адлюстраваны на карціне Уладзіміра Сулкоўскага «Прыстанька». 

Удзельнікі з’езда – А. Аляшкевіч, А. Райскі, К. Міцкевіч, А. Вайцахоўскі,  М. Пальчэўскі, У. Міцкевіч, Ф. Калечыц, А. Камароўскі, І. Лапцэвіч, А. Мілюк, В. Віаленцій, А. Сянкевіч, С. Самахвал, І. Міцкевіч, І. Фёдараў, Н. Янкоўскі і А. Філіповіч – склалі некалькі важных дакументаў: 1) пратакол пасяджэння группы з подпісамі ўдзельнікаў; 2) брашуру «Всероссийский союз учителей», у якой былі вызначаны асноўныя задачы саюза, у першую чаргу – барацьба за рэарганізацыю народнай асветы; 3) адозву, у якой бяспраўнае становішча народнага настаўніка тлумачылася ўмовамі існуючага палітычнага рэжыму.

У ноч з 9 на 10 ліпеня ўдзельнікі з’езда былі выкрыты паліцыяй, а дакументы – канфіскаваны. Неўзабаве ўсе настаўнікі, якіх злавіла паліцыя, засталіся без работы. Супраць К. М. Міцкевіча і яго сяброў была ўзбуджана судовая справа. 

Чакаючы суда, Якуб Колас паўлегальна жыў у свайго брата-лесніка ў Смалярні. Ён арганізаваў тут «дамашнюю школу» і працаваў над вучэбнай кнігай на беларускай мове «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» .

15 верасня 1908 года адбыўся суд над К. М. Міцкевічам. Віленская судовая палата прыгаварыла настаўніка да трох год турэмнага зняволення. Пасля выхаду з турмы К. М. Міцкевіч заставаўся «нядобранадзейным» і не мог трапіць у дзяржаўную школу. Пэўны час працаваў у паўлегальнай школе ў Лунінцы, дзе вучыў 20 дзяцей чыгуначнікаў; даваў прыватныя ўрокі. Потым, у маі 1912 года, нарэшце атрымаў пасаду настаўніка ў палескай вёсцы Купяцічы. Неўзабаве яго перавялі ў Пінск, дзе настаўнічаў да пачатку першай сусветнай вайны. 

Летам 1923 года па ўсіх павятовых гарадах Беларусі Наркаматам асветы былі арганізаваны палітычна - педагагічныя курсы для настаўнікаў пачатковых школ. На курсах у Слуцку лекцыі па методыцы і граматыцы роднай мовы чытаў Якуб Колас. Такія курсы станоўча ўплывалі на працэс станаўлення маладых педагогаў.

Курсы былі прызваны выканаць наступныя задачы:

1. Вылучыць і кансалідаваць свядомую частку беларускай настаўніцкай інтэлігенцыі.

2. У месячны тэрмін правесці актыўную педагагічна-палітычную падрыхтоўку настаўнікаў ва ўмовах новай нацыянальнай палітыкі беларускага ўрада.

3. Пераарыентаваць настаўнікаў на безумоўны і шырокі ўвод беларускаій мовы ва ўсе сферы выкладання і выхавання.

4. Павысіць кваліфікацыю, педагагічны ўзровень і кругагляд маладых настаўніцкіх кадраў.

Якуб Колас у адным з лістоў той пары да жонкі Марыі Дзмітрыеўны піша: «Курсы тут пастаўлены незвычайна грунтоўна. Дысцыпліна на курсах самая строгая. Курсантаў 150 чалавек, і ходзяць усе да аднаго. Курсы пачынаюцца роўна з 10 гадзін. Да 12 ідуць практычна лекцыі, практыкуюць самі курсанты. Кожны дзень даецца чатыры лекцыі. А 12 гадзіне прыходзяць лектары. Чытаюцца лекцыі да чатырох гадзін. У 6 гадзін ідуць кружкавыя заняткі палітычнага зместу. У сем ― канферэнцыі наконт пробных лекцыяў. Канчаюцца курсы ў 8 гадзін вечара. Курсанты так заняты, што не маюць часу пайсці ў горад».

Якуб Колас з задавальненнем адзначае, што само настаўніцтва аказалася падрыхтаваным да такой напружанай працы, якая патрабавала максімуму сабранасці і адданасці справе, выявіла сталасць і сур'ёзнасць падыходаў да навукі. Разам з вялікім задавальненнем Якуб Колас адчуваў хваляванне аб тым, ці зможа ён прынесці карысць у такой важнай справе як падрыхтоўка маладых настаўнікаў. Канстанцін Міхайлавіч добра разумеў, што вялікая кагорта настаўнікаў чакала ад яго, дзеяча беларускай культуры, асаблівых слоў, яркіх, цікавых і змястоўных лекцый. Трэба было апраўдаць іх надзеі, пагаварыць шчыра аб надзённых задачах адукацыі і станаўлення новай нацыянальнай культуры.

Якуб Колас намагаўся прачытаць неардынарную першую лекцыю, якая б запомнілася слухачам, прымусіла іх з нецярпеннем чакаць новай, яркай, незабыўнай лекцыі. Гэта той самы псіхалагічны захад-прынцып першага ўражання, калі трэба прыцягнуць увагу да свайго прадмета, сваёй асобы, каб далей вучань «лавіў» кожнае тваё слова, каб «ішоў» за тваёй думкай.

Вядомы, спрактыкаваны педагог, выдатны метадыст і знаўца чалавечых характараў, Колас будуе сваю першую лекцыю на аснове метаду праблемнага пытання (Якое практычнае значэнне мае беларуская мова?), ствараючы тым самым пошукавую сітуацыю для слухача. А творчы пошук развівае прагу да пазнання новага, невядомага дасюль, выклікае суб'ектыўнае ўспрыняцце фактаў рэчаіснасці праз прызму аб'ектыўна паданай вопытным настаўнікам інфармацыі. Адзначым, што Канстанцін Міхайлавіч астаўся задаволеным сваёй работай на Слуцкіх курсах, выдатны педагог здолеў зрабіць лекцыі цікавымі і карыснымі, ён зрабіў вялікі ўклад у развіццё творчага і інтэлектуальнага патэнцыяла маладых настаўнікаў.

У 1921 годзе Канстанцін Міхайлавіч прыязджае ў Мінск. У верасні 1922 года пачынае выкладчыцкую работу ў Беларускім педагагічным тэхнікуме, дзе на працягу многіх год вядзе заняткі па методыцы выкладання беларускай мовы. 

Якуб Колас для сваіх вучняў быў не толькі настаўнікам, але і сябрам, да якога яны маглі звярнуцца са сваімі праблемамі. Захавалася перапіска Якуба Коласа з яго вучаніцамі па Педтэхнікуме – Наталляй і Марыяй Туравец. Апошняй Якуб Колас падпісаў і падараваў кнігі “Дрыгва” і “Вершы і паэмы”. 

Удзячныя вучні Якуба Коласа напісалі ўспаміны аб сваім настаўніку, якія захоўваюцца ў фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

Канстанцін Міхайлавіч разумеў, што яго педагагічны вопыт патрэбны будучым выкладчыкам. 28 верасня 1923 года ён падае заяву ў Беларускі дзяржаўны універсітэт з просьбай назначыць яго асістэнтам кафедры беларускай мовы. У гэты час ён прымаў непасрэдны ўдзел у распрацоўцы шматлікіх праблем навучання і выхавання студэнтаў, практычнай падрыхтоўкі будучых настаўнікаў. Аб педагагічнай дзейнасці Якуба Коласа ва універсітэце захавалася многа ўспамінаў удзячных вучняў. Яны ярка ўзнаўляюць вобраз выдатнага педагога, метадыста, выхавальніка, цудоўнага чалавека.

Пасля 1930 года Якуб Колас ужо не выкладаў, але заўсёды праяўляў жывую цікавасць да работы школ.

Такім чынам, ён меў непасрэднае, практычнае дачыненне да дзейнасці школы розных яе ступеняў — пачатковай, сярэдняй, вышэйшай. Прычым ён не толькі працаваў як настаўнік, але і рыхтаваў настаўнікаў, распрацоўваў пытанні педагогікі, дыдактыкі, методыкі навучання роднаму слову. I натуральна, уявіць сабе той перыяд у развіцці беларускай школы і педагагічнай думкі, калі Якуб Колас выступаў як настаўнік і метадыст, аўтар беларускіх падручнікаў, без уліку таго, што было ім зроблена, проста немагчыма. Якуб Колас разам з некаторымі іншымі энтузіястамі асветніцка-педагагічнай дзейнасці ў Беларусі (Цётка, М. Гарэцкі і інш.) не проста стаяў ля вытокаў. У яго працы канцэнтравалася ўсё, што было звязана з развіццём беларускай школы, усе асноўныя ніці, тэндэнцыі гэтага працэсу. Іншымі словамі, дачыненні Якуба Коласа да асветніцка-педагагічнай дзейнасці ў Беларусі ў пачатку XX стагоддзя і пазней, у 20-я гады, выключна шырокія. Ён быў па сутнасці галоўнай або адной з галоўных фігур у працэсе стварэння беларускай школы, пачынальнікам і бацькам метадычнай навукі ў галіне моўнага і літаратурнага навучання ў Беларусі. Такім чынам, да канца сваіх дзён народны паэт БССР заставаўся і народным настаўнікам.

Матэрыял падрыхтавала галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Васіліна Міцкевіч