background

Заўтра ў музеі адкрыецца выстаўка мастацкіх работ Сямёна Геруса

14.12.2021

15 снежня шчыра запрашаем на выстаўку "Мастацкая каласіяна — графіка: прыжыццёвыя партрэты Якуба Коласа".

        У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа зберагаецца серыя графічных аркушаў Сямёна Геруса «Знаёмства з Якубам Коласам». Храналагічны перыяд іх стварэння — 1953 - 1956 гады. Мастак неаднаразова сустракаўся з Якубам Коласам, рабіў замалёўкі, эскізы яго партрэтаў. С. Герус успамінаў: «У розны час сустракаючыся з Коласам, я стараўся зрабіць замалёвачку, пару разоў Колас згаджаўся пасядзець спакойна, папазіраваць мне, хаця заўсёды гаварыў, што не любіць сядзець спакойна, чалавек павінен варушыцца як чарвячок».

        Мастак распавядаў, што ў 1950-я гады яго часта накіроўвалі на розныя з’езды, пленумы, канферэнцыі, сходы. Ён рабіў замалёўкі, накіды партрэтаў удзельнікаў, прэзідыума, залы. Так з’явілася цэлая серыя партрэтаў Якуба Коласа, зробленых падчас яго выступленняў на з’ездзе пісьменнікаў, пасяджэннях Прэзідыума Акадэміі навук БССР, юбілейным вечары, прысвечаным 100-годдзю Адама Міцкевіча і розных іншых мерапрыемствах. Часам падзеі, падчас якіх рабіўся той ці іншы эскіз, дакладна вызначыць немагчыма. Адна з замалёвак зроблена С. Герусам у лечкамісіі, калі мастак наведаў хворага паэта. «З Коласам было вельмі цікава размаўляць, толькі я не раз караў сябе ў душы, што я трохі саромеўся, бянтэжыўся перад аўтарытэтам… І цяпер, успамінаючы свае размовы, думаю, што калі б цяпер, то інакш сказаў бы, разумней, пагаварыў бы на шмат якія тэмы…» — успамінаў мастак.

На выстаўцы «Мастацкая каласіяна — графіка: прыжыццёвыя партрэты Якуба Коласа» прадстаўлены 22 замалёўкі Сямёна Геруса. Тыя, што датаваныя 1956 годам, выкананы літаральна ў апошні месяц жыцця народнага песняра. Асабліва ўражваюць і кранаюць нарачанскія замалёўкі: «Ішоў час… Некалькі гадоў я праводзіў летнюю практыку студэнтаў на Нарачы, і я бачыўся там некалькі разоў з Коласам. Ён прыязджаў да Міхася Лынькова. <…> Дача Лынькова толькі яшчэ будавалася, і каля яе на траве было шмат шчытоў, збітых з дошак. На іх было зручна пасядзець, пазагараць, прыладзіцца маляваць. Студэнтам падабаўся гэты беражок возера з маляўніча раскіданымі дошкамі. Колас прыходзіў да студэнтаў, цікавіўся, як яны кожны па-свойму бачаць “свет божы”, той самы беражок, але кожны інакш. <…> Запомнілася адна размова прыкладна такога зместу, што мастак павінен умець у звычайным убачыць незвычайнае, і звычайнае возера Нарач кожны раз бачыць сваімі вачыма, і што на Нарачы яшчэ і наступныя 100 пакаленняў студэнтаў і мастакоў будуць праходзіць практыку і бачыць усё сваімі вачыма, па-свойму» — успамінаў Сямён Герус. Пры параўнанні замалёвак С. Геруса з фотаздымкамі, зробленымі Міхасём Лыньковым, якія захоўваюцца ў фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, нельга не адзначыць выразнага партрэтнага падабенства. У гэтых працах Колас паказаны вельмі простым, здаецца, знаёмым і блізкім чалавекам. Такім ён быў на самой справе.

        Пазней (у 1975 - 1985 гадах) некаторыя з замалёвак паслужылі Сямёну Герусу падрыхтоўчым матэрыялам для напісання партрэтаў народнага паэта. На пачатку 1998 года Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа набыў у мастака аркушы з выявамі песняра, цікавыя і надзвычай каштоўныя, бо ўсе яны ствараліся з натуры.