Часовая экспазіцыя “КОСМАС – НАШ!”

15.10.2024

11 кастрычніка 2024 года ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа пачала сваю працу часовая экспазіцыя з фондаў музея “КОСМАС – НАШ!”, прысвечаная творчасці Язэпа Драздовіча.

 Фенамен Язэпа Нарцызавіча Драздовіча (13.10.1888-15.09.1954гг) – гэта неверагоднае спалучэнне ў адной асобе вялікай колькасці рознабаковых талентаў і схільнасцей. Больш вядомы шырокай грамадскасці як мастак-жывапісец, Я. Драздовіч праяўляе сябе і як таленавіты краязнаўца-графік,  і як этнограф, і як археолаг, і як літаратар.

Язэп Драздовіч першы беларускі мастак, што звяртаецца да тэмы космаса ў сваёй творчасці, дамінуючай гэтая тэма у ягоным мастацтве не стане, але прагу да касмічных глыбінь Сусвету Драздовіч пранясе праз усё жыццё, у ёй ён праявіць сябе як літаратар і даследчык, на свет з’явіцца першая на Беларусі кніга па астраноміі “Нябесныя бегі”.

 У сталыя гады  паралельна з касмічнымі творамі, Драздовіч будзе займацца “аздабленнем” сялянскіх хацін маляванымі дыванамі. Маляваныя дываны ў перадваенныя і пасляваенныя часы былі амаль у кожнай сялянскай хаце, разам з эстэтычнай і аздабленчай функцыямі, яны найперш выконвалі ролю сямейнага абярога, што пераносіў невыносна цяжкае сялянскае жыццё ў чароўныя казкі.

Маляванне дываноў, да якога ў першыя часы Драздовіч ставіцца не сур’ёзна, дасць яму магчымасць не толькі заробку, але і стане спосабам рэалізаваць ягоныя педагагічныя і адукацыйныя памкненні і здольнасці: прыходзячы на заказ у хату маляваць дываны, мастак улучае магчымасць чытаць лекцыі вяскоўцам пра небазнаўства і тлумачыць ім пры дапамозе спадручных сродкаў бег планет і зорак.

На часовай экспазіцыі “КОСМАС – НАШ!”, падрыхтаванай сумесна з Гісторыка-культурным музеем-запаведнікам “Заслаўе” і Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа НАН Беларусі, прадстаўленыя маляваныя дываны, карціны, рукапісы Язэпа Драздовіча, фальклорныя сшыткі Якуба Коласа.

Сардэчна запрашаем!

Кантактны тэлефон: (017) 270 17 02

Адрас: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5

www.kolasmuseum.by; e-mail: info@kolasmuseum.by