Лекцыя “Народнае вучылішча ў часы Якуба Коласа: настаўнікі і вучні”

06.10.2025

Якуб Колас вядомы нам усім найперш як Народны паэт Беларусі, класік нацыянальнай літаратуры, але нельга пакідаць па-за ўвагай Якуба Коласа – прафесіянальнага настаўніка.

Станаўленне Коласа як руплівага педагога пачыналася ўжо пры навучанні ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі і працягвалася пры выкладанні ў шматлікіх установах адукацыі ад працы настаўнікам у невялічкіх вясковых школках да асістэнта кафедры беларускай мовы ў БДУ.

Якуб Колас лічыў за гонар настаўніцкую працу, лічыў вельмі важнай і ганаровай задачай – несці асвету грамадству, спрыяць выхаванню ўсебакова развітай асобы.

З нагоды Дня настаўніка 8 кастрычніка 2025 г. а 18-й гадзіне ў музеі Якуба Коласа адбудзецца мерапрыемства “Народнае вучылішча ў часы Якуба Коласа: настаўнікі і вучні”, якое распавядзе, як выглядала знутры пачатковая школа ў часы настаўніцкай працы Канстанціна Міцкевіча. Галоўны выступоўца – навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства НАН Беларусі імя Янкі Купалы Анатоль Трафімчык, аўтар кнігі “Гісторыя Круговіцкае школы. Сшытак I: У часы Расійскай імперыі”.

Пад час мерапрыемства плануецца закрануць наступныя пытанні:

• кароткая гісторыя адкрыцця пачатковых школ у Расіі;

• перспектывы, якія адкрываліся перад выпускнікамі народнага вучылішча;

• вучнёўскі кантынгент: характарыстыка па розных аспектах;

• настаўнікі: нагрузка і заробкі.

Кошт уваходнага білета – 7 рублёў. Сардэчна запрашаем!