Прэзентацыя кнігі Сяргея Махнача «Арт-тэрапія»
11.11.2026
18 лістапада а 18-й гадзіне ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа ў Мінску адбудзецца прэзентацыя кнігі Сяргея Махнача «Арт-тэрапія».
Аўтар кнігі, які сумяшчае працу ў якасці юрыста і мэнэджэра з творчай дзейнасцю (Сяргей піша карціны, праводзіць выставы, выдаў шэраг кніг), сцвярджае, што самастойнае маляванне ў вольны час з’яўляецца адным з лепшых спосабаў справіцца са стрэсамі будняў і паступова змяняць сваё жыццё да лепшага. Гэтай тэме і прысвечана новая кніга Сяргея, асноўны кантэнт якой складаюць аўтарскія малюнкі, пераважна каляровымі алоўкамі: краявіды, партрэты, абстракцыі.
У ходзе прэзентацыі аўтар кнігі падзеліцца натхняльным расповедам пра сваю «арт-тэрапію» – пра тое, як маляванне і пісьменніцтва ўжо ў сталым узросце занялі важнае месца ў яго жыцці, а таксама пакажа той свет, які ён стварае на старонках новай кнігі: свет прыроды, людзей і жывёл, літаратурных герояў. Аповяд Сяргея дапоўняць унікальныя артэфакты, якія ён прадэманструе гасцям сустрэчы: яго творчыя дзённікі, скетчбукі, выбраныя малюнкі з якіх увайшлі ў новае выданне, а таксама шэраг насычаных колерам карцін аўтара, якія ўпрыгожаць гэты лістападаўскі вечар.
Падчас сустрэчы з Сяргеем Махначом можна будзе набыць яго новую кнігу, і, пры жаданні, атрымаць аўтограф аўтара.
🕕 18 лістапада а 18:00
🌱 7 рублёў
🏠 Акадэмічная, 5