Рарытэты асабістай бібліятэкі Якуба Коласа
Кнігазборы вялікіх людзей заўсёды цікавяць нас сваёй таямнічасцю і загадкавасцю…
Даваенная бібліятэка Якуба Коласа стваралася пасля прыезду песняра з сям’ёй у Менск у 1921 годзе. На жаль, усе кнігі, рукапісы Коласа, яго дом, сад, сядзіба загінулі беззваротна ў пажарышчы ў Мінску ў першыя дні Вялікай Айчынай вайны, ужо 24 чэрвеня 1941 года.
Пасля вяртання з эвакуацыі ў Мінск у маі 1945 года Якубу Коласу давялося збіраць бібліятэку нанава. Прычым, трэба ўяўляць, што ў 1945 годзе і ў наступныя гады ў Мінску ў продажы кніг амаль не было. Таму прывозілі іх з Ленінграда, Масквы. Для таго каб узнавіць даваенную бібліятэку, сам паэт, яго сыны і сябры ездзілі туды і набывалі менавіта такія самыя кнігі. Напрыклад, на кнізе А. Сержпутоўскага “Казкі і расказы белорусаў-палешукоў” Санкт-Пецярбург, 1911 год ёсць адметны аўтограф: ”Дорогой Константин Міхайлович! В Вашей старой библиотеке когда-то была эта книга. Как воспоминание о старом, пусть будет она и в Вашей новой. Еще большей библиотеке. Володя. Ленинград. 16 мая 1945 г.” Валодзя — гэта Уладзімір Іванавіч Петухоўскі, сябра старэйшага сына Якуба Коласа, Данілы Канстанцінавіча. З Масквы часта кнігі прывозіў таксама Максім Лужанін, які ў той час быў сакратаром Якуба Коласа. Ён быў вялікім знаўцам кніг, расшукваў іх па ўсіх букіністычных крамах, дзе бываў.
У 50-я гады кнігі ўжо набывалі ў Мінску.
У 1984 годзе Даніла Канстанцінавіч набыў для музея у букіністычнай краме г. Масквы чатырохтомнік Шылера. 1900 год, “Сусвет і чалавецтва” у 5-ці тамах.1896 г.
Шафа з кнігамі знаходзіцца ў мемарыяльным кабінеце музея Якуба Коласа. У 1996 годзе (у ліпені якога памёр Д. К. Міцкевіч) кабінет быў перададзены ў дар музею сынамі Я. Коласа. У шафе, пісьмовым стале было каля 1000 адзінак кніг на беларускай, рускай, украінскай (з дарчымі надпісамі ад М. Рыльскага – 15 кніг, сябра Я. Коласа, П. Тычыны, Ю. Назарэнкі), англійскай, венгерскай, літоўскай, латышскай, балгарскай, польскай, казахскай, карэйскай, бурацкай, узбекскай, чэшскай мовах.
У бібліятэцы Якуба Коласа знаходзяцца і два каштоўныя старадрукі. У ёй невыпадкова з’явілася кніга аб навуцы вершаскладання.
Рыжскі Іван Сцяпанавіч «Наука стихотворства». Расійская імперыя. Санкт-Пецярбург. Выданне Імператарскай Акадэміі Расійскай імперыі. 1811 (папера анучная; папера з вадзянымі знакамі; папера ручнога адліву; кардон).
Рыжскі Іван Сцяпанавіч (1755-1811) — расійскі пісьменнік, філолаг. Доктар філасофіі. Першы рэктар Харкаўскага ўніверсітэта. Перакладаў з лацінскай мовы. Кнігі І. Рыжскага: «Сокращение богослужения древних римлян» (Масква, 1784 год); «Политическое собрание древнего Рима» (Масква, 1786 год). Выдаў два падручніка: «Умословие, или Умственная философия» (1790 год) и «Опыт риторики» (1796 год). Займаўся перакладам 12 выбранных прамоў Цыцарона. У 1811 г. І. С. Рыжскі скончыў сваю апошнюю працу — «Наука стихотворства» (была выдана на сродкі Імператарскай Расійскай Акадэміі).
Белорусский архив древних грамот. Ч.1 Расійская імперыя. Масква. Друкарня С.Селіванаўскага. 1824 г.
Асобнік неабрэзаны. Гравіраваны авантытул. Складальнік І.Грыгаровіч. 148 с., уступ, змест – 12 с./ на рускай мове (папера анучная блакітная; папера з вадзянымі знакамі; папера ручнога адліву; кардон).
Зборнік дакументаў па гісторыі ўсходніх беларускіх зямель XVI—XVIII. Першае археаграфічнае выданне дакументаў па гісторыі ўсходняй Беларусі. Выдаў археограф І.І. Грыгаровіч за сродкі графа М. П. Румянцава.
Румянцаў Мікалай Пятровіч (3 (14) красавіка 1754 — 3 (15) студзеня 1826) — расійскі дзяржаўны дзеяч. Вядомы таксама як мецэнат, калекцыянер, заснавальнік Румянцаўскага музея. Ганаровы член Імператарскай Расійскай акадэміі. Памёр у Санкт-Пецярбургу. Пахаваны ў Гомелі, у Петрапаўлаўскім саборы. У Гомелі ўстаноўлены помнік Мікалаю Румянцаву.
У зборнік “Белорусский архив древних грамот” уключаны 57 дакументаў (актаў): пра падтрымку праваслаўнай царквы ў Беларусі, аб развіцці беларускіх гарадоў, гандлю, дзейнасці царкоўных братстваў і іншае. Амаль усе акты са сховішчаў Магілёва.
2-я частка Архіва доўгі час лічылася згубленай. Яе знайшлі ў 1939 г. ў бібліятэцы г. Краснаярска. Рукапіс 2-й часткі зборніка захоўваецца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва Рэспублікі Беларусь.
На кнізе — дарчы надпіс беларускага, расійскага бібліёграфа, літаратуразнаўцы, бібліятэказнаўцы Хлябцэвіча Яўгена Іванавіча: “Пламенному певцу белорусского народа Якубу Коласу — в связи с 70-летием от белоруса из Гродненской губернии Евгения Хлебцевича. 1952 г.”
Хлябцэвіч Яўген Іванавіч (1884 в. Жыровічы, Слонімшчына – 1953, Масква) — беларускі, расійскі бібліятэказнавец, бібліёграф, літаратуразнавец, актыўны дзеяч беларускага культурна-грамадскага руху пачатку ХХ ст. Скончыў Пецярбургскі універсітэт (1913). Адзiн з арганiзатараў Беларускага навукова-літаратурнага гуртка ў Пецярбургскім універсітэце ў1912 г.
Яўген Хлябцэвіч на 2 гады маладзей за Коласа. У юнацтве абодва глыбока цікавіліся народнай творчасцю, вялі фальклорныя і этнаграфічныя запісы. Абодва адначасова друкаваліся ў “Нашай долі”: Я.Колас — вершы; Хлябцэвіч пад псеўданімам “Халімон з-пад Пушчы” як ананімны карэспандэнт пісаў пра жыццё сялян, брашуры пра дзейнасць студэнтаў-беларусаў у Пецярбургу. У 1912 г. зрабіў даклад “Очерк беларускай народнай думкі”, у якім высока ацаніў творчасць Я. Коласа, пазнаёміў прафесара С. А. Венгарава з выдатнымі творамі Я. Коласа і Я. Купалы. Дзякуючы гэтаму былі дасланы аўтабіяграфіі Я. Коласа і Я. Купалы для тагачасных энцыклапедый.
Я.Хлябцэвіч быў арганізарам бібліятэчнай справы, даследваў пытанні кіравання чытаннем, праблему “Пісьменнік і чытач”, таму вёў ліставанне з беларускімі, рускімі пісьменнікамі.
Займаўся прапагандай беларускай літаратуры, выступаў з лекцыямі пра Я.Коласа і Я.Купалу. Даследаваў тэму “Якуб Колас і чытачы”, вёў ліставанне з Я. Коласам, які даваў адказы на яго пытанні па гэтай тэме (1913, 1945, 1952). У 1919 – 1941 гадах на бiблiятэчнай рабоце, 1943-1953 гг. — выкладчык Маскоўскага бібліятэчнага інстытута.
У бібліятэцы Песняра знаходзіцца і рэдкі зборнік — канвалют (ад лацінскага: convolutus — згорнуты, сплецёны). Ён складзены звычайна адным укладальнікам з розных самастойных выданняў, перапляцёных у адзін том і ўключаных у агульны пераплёт па жаданні ўладальніка бібліятэкі з прычыны агульнай тэматыкі альбо для маскіроўкі забароненых выданняў.
У дадзеным выпадку прадстаўлены 13 алігатаў пад адной вокладкай, пераплёт пачатку 20 стагоддзя, усе яны ці на беларускай мове, ці датычацца Беларусі.
На большасці экземпляраў канвалюта аўтограф Пятра Глебкі, які і падараваў зборнік сябру.
Усе кніжачкі пераплецены ў адзін том пад самаробнай вокладкай. На шмуцтытуле зборніка пералік усіх кніг канвалюта:
1-2 “Беларуски лемэнтар або Першая навука чытання”. Кірыліцай і лацінкай,1906
3. “Скрыпка белорусска” Гаўрылы зъ Палацку, 1906
4. “Тарасъ на Парнасе”, 1898
5. В. Астаповичъ “Белорусская частушка”, 1903
6. Е. Романовъ “Белорусскіе тексты вертепнаго действа”, 1898
7. “Зямельная справа у Новай Зэляндии”, 1907
8. “Плачъ белорусской земли”, 1894
9. М. Запольскій “Гапонъ”, 1889
10. “Переложеніе некоторыхъ басень Крылова на белорусское наречіе”, 1903
11. “Краткая заметка о белорусскомъ наречіи”, 1895
12. В. Стукаличъ “Краткая заметка о белорусскомъ наречіи”, 1898
13. Ф. Покровскій “Археологическія экскурсіи по Виленской губерніи”, 1893
Кніжачкі, якія ўвайшлі ў зборнік, выдадзены ў 1889, 1893, 1894, 1895, 1898, 1903, 1906, 1907 гадах у Вільні, Віцебску, Магілёве, Маскве, Санкт-Пецярбургу, Чарнігаве.
Матэрыялы падрыхтавала навуковы супрацоўнік навукова-фондавага аддзела
Наталля Аляксандраўна Шувагіна-Адамовіч.