background

Анталогія “ “Родныя вобразы” на мовах свету” папоўнілася перакладам на кітайскую мову

29.06.2023

Анталогія “ “Родныя вобразы” на мовах свету” папоўнілася перакладам на кітайскую мову

 

У выдавецкім доме “Звязда” сумесна з Дзяржаўным літаратурным мемарыяльным музеем Якуба Коласа рыхтуецца да выдання зборнік анталагічнага характару народнага песняра Беларусі Якуба Коласа. У мяркуемым коласаўскім шматмоўным зборніку – пераклады на англійскую, рускую, французскую, узбекскую, каракалпакскую, мангольскую, польскую, балгарскую, іспанскую, літоўскую і іншыя мовы. На кітайскую мову знакавы верш Якуба Коласа пераўвасобіў Гу Юй, перакладчык рускай і беларускай літаратуры, прафесар Інстытута замежных моў Нанкайскага ўніверсітэта (Кітай).

“Родныя вобразы” – легендарны верш у гісторыі беларускай паэзіі, які быў напісаны маладым Якубам Коласам на пачатку свайго творчага шляху. Твор прасякнуты святлом і цеплынёй, якія ідуць ад сэрца маладога творцы, у вершы паэт выяўляе замілаванне роднай старонкай, любоў да Радзімы. Галоўны рэдактар – дырэктар выдавецкага дома “Звязда” Алесь Карлюкевіч так расказвае пра гэты праект: “Зараз ідзе збор перакладаў на розныя мовы. Некаторыя пераклады здзейснены даўно. Іншыя рыхтуюцца наўмысна для кнігі, якая запланавана. У Беларусі быў вопыт падобнага кшталту выданняў. Выходзілі кнігі аднаго верша на мовах народаў свету. Напрыклад, кніга Янкі Купалы “ “А хто там ідзе?” на мовах свету”, у анталогіі змешчаны пераклады на сто моў народаў свету. Чатыры разы выходзіў зборнік “Францыск Скарына на мовах народаў свету”, дзе змешчана каля сямідзесяці перакладаў урыўка з прадмовы Францыска Скарыны да кнігі “Юдзіф”.”

Спадар Гу Юй – аўтар кітайскай версіі “Родных вобразаў”, з’яўляецца ўшанаваным даследчыкам і перакладчыкам рускай і беларускай літаратуры. Сярод перакладзеных і выдадзеных ім твораў рускай літаратуры: “300 знакамітых рускіх вершаў”, “Поўны збор любоўнай лірыкі А.Пушкіна”, “Выбраныя вершы А.Пушкіна”, “Выбраныя вершы А.Фета”, “Выбраныя вершы І.Буніна”, “Выбраныя вершы К.Бальмонта”, “Выбраныя вершы В.Брусава”, “Выбраныя вершы М.Цвятаевай”, “Выбраныя вершы Я.Бершына”, “Выбраныя вершы Р.Гамзатава”, “Выбраныя вершы Р.Раждзественскага” і многія іншыя. З беларускй літаратуры ён звяртаўся да творчасці Максіма Танка, Гу Юй пераклаў больш за сто вершаў беларускага паэта. З новых перакладаў – вершы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Цёткі і Анатоля Сыса.

Якуб Колас – адзін з першых беларускіх пісьменнікаў, перакладзеных на кітайскую мову. Але, нягледзячы на яго значную ролю ў развіцці беларускай і савецкай літаратуры, кітайскі чытач слаба знаёмы з творчасцю нашага славутага земляка. У перакладной літаратуры і літаратуразнаўстве Кітая паэзія і проза Якуба Коласа прадстаўлены дастаткова сціпла.

Першы пераклад Якуба Коласа на кітайскую мову, – верш “Абаронцам роднай зямлі” надрукаваны ў зборніку “Выбраныя вершы пра Вялікую Айчынную вайну” ў 1946 годзе. Перакладчыкам верша выступіў Лінь Лін (1912-1987). У 1957 годзе кітайскі чытач пазнаёміўся яшчэ з адным творам Якуба Коласа. Ім стала апавяданне “Макарка Навак” у перакладзе Чэнь Чжаоліня. “Дрыгва” – аповесць пра партызанскую барацьбу падчас польска-савецкай вайны 1919—1921 гг. на тэрыторыі Беларусі, на Палессі надрукавана ў Кітаі пад назвай “Стары герой-партызан”, і выдалася двойчы – у 1958 і 1959 гг. Дапамог пераўвасобіць твор беларускага песняра на кітайскую мову адзін з самых уплывовых перакладчыкаў замежнай літаратуры ў Кітаі – Лі Лянмінь (1919 – 1991), кітайскі перакладчк раманаў “Авадзень” Э.Л.Войніч, “Спартак” Р.Джаваньолі, “Белы раб” Р.Хільдрэта і інш. Ёсць згадкі пра пераклад на кітайскую мову паэмы Якуба Коласа “Рыбакова хата”, але дакладных звестак, што кніга была выдадзена, няма. У канцы семідзесятых творчасцю Якуба Коласа таксама зацікавілася перакладчыца Ма Дэцзюй. Яна выступіла ў перыёдыцы з перакладамі верша “Вецер” (1978) і апавядання “Васіль Чурыла”(1979).

Радасна, што кітайскія перакладчыкі зноў звяртаюцца да творчасці Якуба Коласа, і больш шырока – да класічнай беларускай літаратуры. Такія працэсы змогуць змяніць успрыманне творчай спадчыны Якуба Коласа ў кітайскай літаратурнай прасторы, дапамогуць адысці ад аднабокага прачытання беларускага песняра, выразніка самабытнасці беларускага народа.

Прапануем да вашай ўвагі новыя пераклады з паэзіі Якуба Коласа на кітайскую мову – вершы “Родныя вобразы” і “Не бядуй”.

 

Вераніка Карлюкевіч

 

 

 

 

 

Якуб Колас

 

Родныя вобразы

 

Вобразы мілыя роднага краю,

Смутак і радасць мая!

Што маё сэрца да вас парывае?

Чым так прыкованы я

 

К вам, мае ўзгорачкі роднага поля,

Рэчкі, курганы, лясы,

Поўныя смутку і жальбы нядолі,

Поўныя сумнай красы?

 

Толькі я лягу і вочы закрыю,

Бачу я вас прад сабой.

Ціха праходзіце вы, як жывыя,

Ззяючы мілай красой.

 

Чуецца гоман мне спелае нівы,

Ціхая жальба палёў,

Лесу высокага шум-гуд шчаслівы,

Песня магутных дубоў...

 

Вобразы мілыя, вобразы смутныя,

Родныя вёскі і люд,

Песні цягучыя, песні пакутныя!..

Бачу і чую вас тут.

 

家乡的风光

 

亲爱家乡的这些风光,

我的喜悦和我的忧伤。

我的心为你们激动燃烧!

迢迢远方像披戴枷锁一样,

 

牢牢固定在祖传的土地上,

连接河流之歌,森林之歌,

险峻的峡谷回荡着忧愁,

到处是优美而悲伤的景色!

 

只要在瞬间合上眼睛,

无须观望,我向你飘浮。

你在我面前缓缓移动,

彩色鲜明,看得清清楚楚。

 

我听见金色田野的歌唱,

连续不停动人的声响,

莽莽的阔叶林跟它应和,

如同高空滚滚的波浪。

 

我的幸福呀,我的折磨,

故乡的村庄,故乡的人,

希望之歌呀,痛苦之歌!……

我遥望家乡、聆听乡音。

                 

谷羽译

 

Не бядуй!

Не бядуй, што сонца нізка,

Што прыходзіць нудны дзень,

Не бядуй, што восень блізка

І на дол кладзецца цень.

 

Не бядуй, што снег халодны

Скрые землю ад вачэй:

Не загіне край твой родны

У тэй цемені начэй!

 

Будзе час, і снег растане,

Прыйдзе зноў да нас вясна,

Ветла з неба сонца гляне,

Ачуняе старана.

 

Не бядуй, што цяжка стала

Жыць у вечнай цемнаце,

Што нас доля вечна гнала,

Што жывём у беднаце.

 

Не бядуй, што звіслі хмары,

Што нам сонца не відаць,

Не бядуй, што ўноч пажары

Сталі неба заліваць, –

 

Дымам пойдзе ўсё ліхое,

Усё, што душыць нас і гне.

Вер, брат, – жыцце залатое

Будзе ў нашай старане.

 

莫伤心!

 

莫伤心,太阳西沉,

白天缓慢地爬行,

莫伤心,秋季临近,

草地笼罩着阴影。

 

莫伤心:隆冬季节

把大地的面貌隐藏。

即便是幽暗夜色迷茫,

亲爱的家乡不会灭亡!

 

时刻一到,积雪融化,

春天来临,受到欢迎!

太阳在空中光芒闪耀,

我们的家乡必定苏醒。

 

莫伤心,日子艰难,

黑暗无光忍受熬煎,

有时不得不屈从命运,

庸庸碌碌,贫寒卑贱。

 

莫伤心,雾霾凶恶,

又一次遮蔽了太阳,

夜晚的余晖与光亮

开始在天空中游荡,——

 

阴霾的日子很快消遁,

带走令人窒息的乌云。

兄弟,请在家乡坚信,

美好的生活必定来临!

 

 

谷羽译