background

Хронас і Колас

07.04.2020

Шаноўныя сябры, сёння для ўсіх тых, хто любіць творчасць Якуба Коласа, хто жадае даведацца як мага больш цікавага аб яго жыцці, мы распачынаем новую рубрыку на нашым сайце – "Хронас і Колас" ("хронас" у перакладзе з грэчаскай мовы азначае "час"). У ёй будуць размяшчацца летапісныя звесткі аб тым, што адбывалася ў той ці іншы месяц дзясяткі гадоў таму: аб чым клапаціўся Пясняр, якія думкі ахоплівалі яго душу, якія творы выходзілі з-пад яго пяра.

  • Хронас і Колас

…Такім чынам, першы артыкул адправіць нас у красавік 1950 года. Што ж адбывалася ў жыцці Якуба Коласа роўна 70 гадоў таму?

Напачатку красавіка 1950 года ў "ЛіМе" быў апублікаваны артыкул Якуба Коласа "Развіваць і ўзбагачаць літаратурную мову". Пазнаёміцца з ім можна, адкрыўшы 17-ты том 20-томнага збору твораў Якуба Коласа на старонцы 561.

Колас піша: "Барацьба за якасць літаратурных твораў уздымае як адну з першапачатковых задач – авалоданне майстэрствам, дасягненне дасканалай літаратурнай формы.

<…>У літаратурнай рабоце мова з’яўляецца і матэрыялам, і інструментам. Вось чаму кожны пісьменнік, калі ён хоча быць сапраўдным інжынерам чалавечых душ, павінен дасканала валодаць сваім інструментам і ведаць уласцівасці матэрыялу, пры дапамозе якога ён перадае і рэзкія рухі характару, і танчайшыя адценні пачуцця.

Без гэтага валодання і ведання мы ніколі не будзем майстрамі.

Наша літаратурная мова знаходзіцца ў працэсе тварэння. Тварэц мовы – народ. Задача ж пісьменніка – у фармаванні, адборы лепшага, у прывядзенні мовы да літаратурных норм. Як бачым, задача немалая. Мы павінны  мець мову прыгожую, гучную, простую, але гнуткую і выразную.

<…>Пісьменнік, які не працуе над мовай, не клапоціцца аб папаўненні сваіх моўных запасаў, можа стаць перад небяспекай апынуцца за двярыма літаратуры.

<…>Жаданне пісаць буйныя творы – жаданне добрае, яго трэба вітаць і падтрымліваць. Аднак, выпраўляючыся ў вялікую дарогу, трэба як след падрыхтавацца да яе. Едучы ў лес ці па сена, калгаснік дзесяць разоў аглядае воз і збрую, падмазвае колы, добра корміць каня. Нешта падобнае трэба рабіць і нашым празаікам, каб у творы не адзываліся часам нямазаныя колы.

<…>Сумеснымі намаганнямі пісьменнікаў, як непасрэдных стваральнікаў мовы, і вучоных, якія распрацоўваюць мову навукова, савецкай інтэлігенцыі, якая карыстаецца мовай, пашырае яе, мы здолеем узняць нашу мову на высокую ступень, што будзе адпавядаць узроўню нашай вялікай эпохі"

***

8 красавіка 1950 года

Дзяржаўнае выдавецтва мастацкай літаратуры (г. Масква) распачало выпуск 4-томнага выдання твораў Я. Коласа на рускай мове.

У Вільнюсе ў анталогіі беларускай прозы выйшлі творы Я. Коласа, Зм. Бядулі, К. Чоргага і інш. пісьменнікаў.

9 красавіка

Разам з сынам Міхасём Канстанцін Міхайлавіч едзе ў сваю любімую Балачанку. Сустракаецца з сябрамі: Канстанцінам Сцяпанавічам і Марыяй Іванаўнай Дзятка. У лісце да С. Гарадзецкага ён пісаў: "Мы посидели за столом у гостеприимного хозяина, поговорили, порадовались, что ещё застали в живых друг друга".

Працяг – у наступным выпуску рубрыкі.