background

Хронас і Колас. Красавік 1950 года

15.04.2020

Сёння, у Міжнародны дзень культуры, мы працягваем друкаваць для вас матэрыялы нашай новай рубрыкі «Хронас і Колас». І мы па-ранейшаму пераносімся ў 1950 год, роўна на 70 гадоў назад у мінулае…

  • Хронас і Колас. Красавік 1950 года
  • Хронас і Колас. Красавік 1950 года
  • Хронас і Колас. Красавік 1950 года

"Радасці, шчасця, дабрабыту!"

Якуб Колас быў вельмі добрым і спагадлівым чалавекам. Дапамагаў тым, каму сапраўды патрэбна была падтрымка.

…І вось 18 кастрычніка 1950 года ён з засмучэннем паведамляе паэтэсе і перакладчыцы Святлане Сомавай пра тое, што грашовы перавод на яе імя, зроблены ў пачатку (!) студзеня, быў вернуты адпраўшчыку як незапатрабаваны. "С одной стороны, меня это очень удивило, а с другой – сильно огорчило". Напярэдадні дня нараджэння Святланы (30 красавіка) віншуе яе і жадае паэтычных поспехаў, удач у жыцці, радасці, шчасця, дабрабыту.

Пачэсны абавязак

Красавік,  21

Уступнай прамовай адкрывае навуковую сесію Аддзялення грамадскіх навук АН БССР, прысвечаную 80-годдзю з дня нараджэння У. І. Леніна.

Знойдзены 37 невядомых вершаў!

Красавік, 22

"ЛіМ" паведамляе, что ў Вільнюсе, у рукапісным аддзеле бібліятэкі АН Літоўскай ССР выяўлены трыццаць сем невядомых вершаў Я. Коласа на рускай мове, змешчаных у двух вучнёўскіх сшытках!

Першы датаваны 1902 (!) годам (адзін верш нават мае датаванне 1898 год!), другі – 1905. Упершыню гэтыя знаходкі былі апублікаваны ў зб. "Беларуская літаратура" (1958 г.)

Колас-крытык

Красавік, 25

У "Звяздзе" апублікавана рэцэнзія Я. Коласа пад назвай "Кладкі Градоўскага" на аднайменную паэму М. Лужаніна. Класік піша, што паэма цікава і па тэме, і па вырашэнні, вабіць навізной, вобразамі людзей, свежай і вольнай плыннню верша, музыкальнасцю і выразнасцю мовы.

Навіны творчага жыцця

Красавік

У 4 нумары часопіса "Полымя" надрукаваны 15-21 раздзелы 3-й часткі "На ростанях".

***

У Дзяржаўным выдавецтве БССР у серыі "Школьная бібліятэка" у красавіку-чэрвені выходзіць зб. апавяданняў "Раніца жыцця".