background

“Дзень роднай мовы ў Музеі Якуба Коласа”

17.02.2023

 

21 лютага 2023 г. Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае далучыцца да музейнай акцыі, прымеркаванай да Міжнароднага дня роднай мовы. Свята падштурхоўвае нас задумацца аб месцы матчынай мовы ў нашым жыцці, яе захаванні і перадачы наступным пакаленням.

Народны паэт Беларусі Якуб Колас усё жыццё аддаў працы на глебе айчыннай культуры. Ён з’яўляецца адным з заснавальнікаў сучаснай беларускай мовы і новай беларускай літаратуры. За некалькі месяцаў да смерці паэт напісаў свой знакаміты ліст-заклік аб крытычным стане беларускай мовы, радкі якога і па сённяшні дзень з’яўляюцца актуальнымі: “Найвялікшым духоўным багаццем народа з’яўляецца яго мова. У мове адлюстроўвалася гісторыя народа, яго працоўнае жыццё, яго барацьба, яго смутак і радасць, яго прырода, яго любоў і гнеў”.

У снежні 2022 года паміж Упраўленнем па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна г. Мінска і Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа было падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве. У рамках Пагаднення ў Міжнародны дзень роднай мовы 21.02.2023 г. у музеі Песняра з 11.00 да 16.00 адбудзецца музычна-літаратурная імпрэза “Колас і Купала: два яблыкі на адной галінцы” сумесна з сярэдняй школай № 164 Б. В. Карпенкі г. Мінска.

 

 

Сардэчна запрашаем!

Кантактны тэлефон: (017) 270 17 02

Адрас: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5

www.kolasmuseum.by; e-mail: info@kolasmuseum.by