background

Шчыра запрашаем на мерапрыемства!

09.12.2021

“Так зайздрасна: насіць вянок паэты…” Літаратурна-музычны вечар, прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча, сумесна з філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Літаратурным музеем Максіма Багдановіча.

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа

 

ПРЭС-РЭЛІЗ

 

Так зайздрасна: насіць вянок паэты…”

Літаратурны вечар, прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча, сумесна з філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Літаратурным музеем Максіма Багдановіча.

 

14 снежня 2021 года а 16-й гадзіне ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбудзецца літаратурны вечар, прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча, сумесна з філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Літаратурным музеем Максіма Багдановіча.

Максім Багдановіч – гонар і слава беларускай літаратуры, адзін з самых знакамітых і любімых паэтаў. Творчасць славутага майстра – гэта свет прыгажосці, гармоніі, асэнсавання жыцця. Ён  вядомы як паэт-наватар, празаік, цудоўны перакладчык, тонкі і ўдумлівы крытык, гісторык і тэарэтык літаратуры, публіцыст.  Але перш за ўсё Максім  Багдановіч – арыгінальны паэт з высокім ідэйна-мастацкім узроўнем твораў, іх жанравай і тэматычнай разнастайнасцю. Яго вершы  поўныя шчырых і хвалюючых пачуццяў, адзначаныя тонкім псіхалагізмам, музычнасцю, эмацыяналынасцю.

М. Багдановіч прыйшоў у беларускую літаратуру, калі ў ёй ўжо ўладарылі паэты магутнага даравання – Якуб Колас і Янка Купала. Будучыя народныя паэты, безумоўна, уплывалі на творчасць “пясняра чыстае красы”, якому прыйшлося жыць далёка ад радзімы.

Якуб Колас і Максім Багдановіч ніколі не сустракаліся, але з вялікай увагай  сачылі за публікацыямі адзін аднаго. Высока, але і даволі крытычна Максім Багдановіч ацаніў коласаўскія ’’Песні-жальбы’’. У артыкуле ’’Глыбы і слаі’’ ён назваў кнігу “цэльнай… па светапогляду”, але аднастайнай паводле тэм і матываў. Якуб Колас у сваіх крытычных артыкулах так характыразаваў маладога паэта: “Максім Багдановіч па праву заняў пачэснае месца ў нашай маладой паэзіі як высокаталенавіты паэт і майстра паэтычнай формы…”.

На літаратурным вечары прагучаць песні на словы знакамітага паэта ў выкананні Алесі Сівохінай, адбудзецца  дыяфільмавая рэтра-лекцыя “Максім Багдановіч. Жыццё і творчасць” (1984) ад загадчыка філіяла Бараноўскага Міхаіла, а ўнучка народнага паэта Міцкевіч Марыя Міхайлаўна распавядзе пра паралелі ў творчасці Максіма Багдановіча і Якуба Коласа.

Сардэчна запрашаем!

Кантактны тэлефон: (017) 270 17 02

Адрас: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5

www.kolasmuseum.by

e-mail: info@kolasmuseum.by