background

«Туды, дзе неба з долам абняліся як браты…»

05.08.2022

6 жніўня 2022 года а 12-й гадзіне на мемарыяльнай сядзібе “Смольня” філяла Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа “Мікалаеўшчына” адбудзецца літаратурна-музычнае свята «Туды, дзе неба з долам абняліся як браты…» да 110-годдзя першай сустрэчы народных паэтаў Беларусі Якуба Коласа і Янкі Купалы.

7 кастрычніка 1928 года ў лісце да Льва Клейнбарта Якуб Колас піша: “Наша первая встреча состоялась в августе месяце 1912 года. Купала специально приехал повидаться со мною… На меня он произвел прекрасное впечатление, и я полюбил его искреннею товарищескою любовью”.

Смольня займае значнае месца ў біяграфіі і творчасці Якуба Коласа. Калі будавалася хата, Канстанцін Міцкевіч сядзеў у мінскай турме, і толькі 19 верасня 1911 года прыехаў сюды ўпершыню. Сядзіба здалася паэту запусцелай. І каб крыху яе аздобіць, Якуб Колас пасадзіў на сядзібе дрэвы – ліпы, якія растуць і сёння. Пад гэтымі дрэвамі і сядзелі будучыя народныя паэты у час першай сустрэчы.

Апошні раз Якуб Колас наведаў Смольню 30 красавіка 1956 года. Як бы развітваючыся з ёю, “хадзіў асцярожна, нібы баючыся, каб не патрывожыць уяўленняў…”, а ў 1967 годзе тут быў адкрыты філіял музея. Таму яшчэ адна юбілейная дата ў 2022 годзе – 55-годдзе філіяла “Мікалаеўшчына”.

У Год гістарычнай памяці такія юбілейныя мерапрыемствы – яшчэ адна нагода ўспомніць вядомыя з дзяцінства імёны, якія праз глыбокае вобразнае спасціжэнне нацыянальнага быцця данеслі каларыт беларускай ментальнасці да жыхароў многіх краін свету.

Музеі народных паэтаў пры падтрымцы аддзела культуры Стаўбцоўскага райвыканкама рыхтуюць святочную праграму з удзелам паэтаў і пісьменнікаў, землякоў Якуба Коласа, членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі і музычных калектываў.

Разынка свята – тэатральны абразок “Сустрэча Янкі і Якуба” ў выкананні вядомых беларускіх акцёраў.

Літаратурна-музычнае свята ў Смольні стане выдатным днём для сямейнага адпачынку на малой радзіме класіка беларускай літаратуры. Калі хто хоць аднойчы пройдзецца сцежкамі песняра, той абавязкова мімаволі адчуе небачную прысутнасць паэта, і яго неадольна будзе цягнуць яшчэ і яшчэ ў родны кут Якуба Коласа.

 

САРДЭЧНА ЗАПРАШАЕМ ПРЫНЯЦЬ УДЗЕЛ!

Тэл. для даведак: 8 (017) 270-17-02.

Афіцыйны сайт: www.kolasmuseum.com

e-mail: info@kolasmuseum.by