Альбуць

У 1890 годзе Міхаіл Міцкевіч, радзівілаўскі ляснік, у чарговы раз змяніў месца жыхарства. 22 красавіка 1980 года ён прыняў Альбуцкую сядзібу, якая стала чацвёртым месцам службы. Архіўныя матэрыялы на рускай і польскай мовах падаюць гэту мясціну пад назвай Альбута.

Парэчча – слаўная мясціна,
Куток прыгожы і вясёлы:
Як мора – лес, як неба – долы,
Зіхціць у кветках лугавіна…
А колькі ягад і парэчак!
Як пахне мёдам поле грэчак,
Калі пачнуць яны цвісці!

Якуб Колас. “Новая зямля”

Праз год іх жыцця на новым месцы, 30 сакавіка 1891 года, на сядзібе адбыўся пажар, які знішчыў усё датла, бо дома не было на гэтым часе мужчын. Сям’я стражніка Міцкевіча засталася без нічога – ні хаты, ні хлеба, ні адзення.

Ды йзноў бяда: праз год вясною
Згарэла хата з варыўнёю
І ўвесь набытак, што быў ў дому…

Якуб Колас. “Новая зямля”

Новую хату на Альбуцкай сядзібе паставілі ў тым жа 1891 годзе. Архіўныя дакументы сведчаць, што збудавана яна была  “на каменным падмурку, з абчасаных хваёвых брусоў, у гладкі вугал, накрыта гонтай, з дашчанай падфутроўкай пад дахам, з двума шчытамі з дошак”. Хата складалася з святліцы, сенцаў і кладоўкі, печ цагляная, падлога і столь – дашчаныя.

Незабыўныя малюнкі дзяцінства і юнацкіх гадоў (Якуб Колас тут жыў з 1890 па 1902) сталі асновай і тым падмуркам, на якім мацнеў і вырастаў талент паэта. У сваёй аўтабіяграфіі Якуб Колас піша: “Альбуць запомнілася мне найболей яскрава. Там была надзвычай цікавая прырода. Леснікова пасада стаяла на бойкай дарозе, кудою ішлі і ехалі людзі. Нязмоўклыя цікавыя гутаркі новых людзей пашырылі мой запас ведаў аб людзях і наогул аб жыцці і далі мне багаты матэрыял для назірання”.

У Альбуці Кастусь навучыўся чытаць, адсюль хадзіў у народнае вучылішча ў вёску Мікалаеўшчыну, менавіта тут ён напісаў свой першы верш. Адсюль паехаў на вучобу ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, сюды ўлетку вяртаўся з Палесся ўжо маладым настаўнікам, Канстанцінам Міхайлавічам Міцкевічам. Альбуцкія мясціны паэт уславіў у многіх творах, у паэме “Новая зямля” Альбуць апісана як Парэчча.
У 1902 годзе, так і не дачакаўшыся здзяйснення сваёй мары аб уласнай зямлі, памёр бацька, Міхаіл Казіміравіч.

Бог не судзіў мне бачыць волі
І кідаць зерні ў свае ролі…
Зямля… зямля… туды, туды, брат,
Будуй яе… ты дай ёй выгляд…
На новы лад, каб жыць нанова…

Якуб Колас. “Новая зямля”

У 1990 годзе у адноўленай хаце створана літаратурна-мемарыяльная экспазіцыя па матывах паэмы  “Новая зямля”. Здаецца, гаспадары зусім ненадоўга пакінулі сядзібу, у хуткім часе хата напоўніцца галасамі дзяцей, маці Ганна будзе ўвіхацца ля печы, на падворку пачне гаспадарыць дзядзька Антось.

У створанай экспазіцыі фотаздымкі прататыпаў герояў паэмы, рукапісы, выданні паэмы розных гадоў, прадметы побыту сялян ХІХ-ХХ ст. Як працяг каментару да паэмы “Новая зямля” – выстаўка “Пчалярства і рыбалоўства”, размешчаная ў адноўленым гумне. Тут можна ўбачыць рэдкія на сённяшні дзень прылады пчалярства і рыбалоўства, якімі, не выключана, мог карыстацца і дзядзька Антось.

У 2013 годзе ў адной з гаспадарчых пабудоў адкрыта першая чарга экспазіцыі “Прырода ў жыцці і творчасці Якуба Коласа” –  інтэрактыўная зона “Хатка знахаркі” (“Лекавыя травы ў сям’і Міцкевічаў”). Экспазіцыя “Хатка знахаркі” ўяўляе сабой рэканструкцыю часткі хаты (ад чырвонага кута да вугла печы) вясковай бабкі-знахаркі, дзе прадугледжана рабочая зона для прыгатавання і захоўвання лекавых чаёў, настояў з траў. У дадзенай інтэрактыўнай зоне праводзяцца заняткі для дзяцей і дарослых па вывучэнню лекавых траў і дэгустацыя чаёў.

На прасторнай сядзібе, агароджанай парканам, — вялікі хлеў, гумно, побач з ім павець з гаспадарчымі прыладамі, каля яе расце груша-дзічка. На вялікі жаль, у 1997 годзе буран, які пракаціўся па Стаўбцоўшчыне, закрануў і Коласавы мясціны, не пашкадаваў векавога лесу, што стаяў уздоўж дарогі, па якой калісьці хадзіў Кастусь у Нікольскае вучылішча, знішчыў і векавую ліпу на сядзібе ля хаты. Але яе камель, як сімвал памяці, усё ж пусціў парасткі, і летам маладыя галінкі шапацяць лісцем, сцвярджаючы вечнасць жыцця на зямлі.

Адрас філіяла:


вул. Сенкевіча, д. 6, г. Стоўбцы, 222660, Мінская вобласць


Тэл.: +375 (17) 177-19-76