“Дрыгва”: папулярная аповесць з героем-сімвалам – новая анлайн-выстава

У час разбору і аналізу здабыткаў даследчыцкага дэсанта на Палессе сшытак з тымі ўспамінамі зацікавіў кіраўніка экспедыцыі ад Беларускай акадэміі навук Васіля Шчарбакова. Ён і перадаў іх свайму добраму знаёмаму і калегу па акадэміі Якубу Коласу. У згаданым публіцыстычным матэрыяле беларускі класік акрэсліў пачатак працы над напісаннем твора: “Аповесць “Дрыгва” я пачаў пісаць у канцы 1932 года, а скончыў яе ў канцы 1933 г. Пісаць мне прыходзілася часта на хаду. Аповесць была б значна паўнейшай і болей акругленай, калі б ёй удзяліць болей увагі, сабраць жывы, цікавы і багаты матэрыял з партызанскага руху”. Даволі крытычнае стаўленне Якуба Коласа да свайго творчага прадукта, аднак гэта паказвае яго сур’езны падыход да пісьменніцкай справы.  У даваенных лістах Якуб Колас перыядычна пісаў пра творчыя поспехі па стварэнню “Дрыгвы”, і многія з іх адрасаваліся рускаму пісьменніку Сяргею Гарадзецкаму. Напрыклад, у лісце ад 6 чэрвеня 1933 г. Якуб Колас згадвае: “Немножко работаю над повестью “Дрыгва”. Работа понемножку подвигается. 15 июня иду в отпуск. Поеду в деревню и там отдохну и окончу свою работу”.  Відавочна, што пісьменнік меў пэўны дэдлайн напісання сваёй аповесці, бо ў лісце да Сяргея Гарадзецкага ад 20 кастрычніка 1933 г., Якуб Колас пазначае: “Теперь я тороплюсь окончить свою повесть “Дрыгва”. Мне нужно дописать ее не позже 10 ноября. Пишу и вечерами. Днем хожу в Академию и тоже пишу, если подвернется свободное время”.  З гэтага вынікае, што Якуб Колас шмат аддаваў творчых сілаў, а таксама часу для напісання аповесці ў тэрмін, які хутчэй за ўсё вызначаўся Камітэтам па справах культурна-асветніцкай работы пры СНК БССР.  

Пра завяршэнне сваёй аповесці Якуб Колас зноўку пісаў Сяргею Гарадзецкаму ў пісьме ад 23 снежня 1933 г.: «Я теперь, закончив повесть «Дрыгва» (она уже напечатана и скоро выйдет – не готова обложка), пишу небольшую детскую поэму, которую хочу закончить к первому января 1934 г».  Можна выказаць меркаванне, што Канстанцін Міхайлавіч дапісаў аповесць менавіта ў лістападзе 1933 года, бо ў наступным месяцы, як вынікае з тэкста пісьма, “Дрыгва” ўжо была адпраўлена ў друк.  

Пасля выхаду ў свет «Дрыгвы» Я. Колас у 1934 годзе прызнаўся чытачам газеты «Літаратура і мастацтва»: «Чым падкупляў мяне гэты расказ? Цікава была сама ідэалагічная эвалюцыя старога жыхара глухога Палесся, як ён з чалавека непісьменнага, адсталага фармаваўся ў свядомага старонніка савецкай улады і актыўнага барацьбіта за яе, а значыць і за свае класавыя інтарэсы. Вось гэтае фармаванне новага чалавека пад уп­лывам розных акалічнасцей, як навала белапольскай акупацыі, жорсткая расправа акупантаў з бядняцкім сялянствам, асабліва з тым, што спачувала бальшавікам, з аднаго боку, а з другога – уплыў бальшавізму, прадстаўнікоў Чырвонай Арміі і падпольных камуністычных арганізацый – я і палажыў у аснову сваёй аповесці «Дрыгва». Добры знаўца жыцця беларускага сялянства, Я. Колас многае пры апісанні падзей узяў і са сваіх асабістых успамінаў. Прынамсі, як згадваў пісьменнік, эпізод палявання ваўка на дзіка, які дзеля спатолення голаду нішчыў мурашнік, «гэта расказ майго бацькі, пачуты яшчэ ў дзяцінстве».

 

«Работа над аповесцю мяне захапіла сама па сабе, – пісаў Я. Колас. – Захапіла яна і таму, што я больш-менш добра ведаў Палессе, адлюстраванае ў маіх аповесцях «У палескай глушы», «У глыбі Палесся…». Уважліва чытаючы твор, можна заўважыць, што некаторыя мясціны з “палескіх аповесцей” узгадваюцца ўжо ў мастацкім палатне “Дрыгвы”. Напрыклад, Целяшоў дуб і Яшукова гара з ваколіц Люсіна прысутнічаюць і ў “Дрыгве”, аднак абазначаюць найменні двух дрэваў: “А можа ён [Панас] не пад Целяшовым, а пад Яшуковым дубам чакае мяне…”. Такім чынам, некаторыя найменні з “палескіх аповесцей” трапілі ў аповесць “Дрыгва”. Гэта таксама можа быць сведчаннем, што Якуб Колас не меў магчымасці паехаць на месца падзеяў, ствараўшы вобразы і прыродныя краявіды твора па запісах экспедыцыі і згодна ўласнага ўяўлення пра Палессе і яго жыхароў. 

Застаецца загадкай чаму сваю аповесць пра старога партызана дзеда Талаша Якуб Колас назваў “Дрыгва”, бо аналагічную назву ўжо мелі творы двух беларускіх пісьменнікаў – Францішка Аляхновіча і Іллі Гурскага. Драматычны эскіз у 6-ці абразках пад назвай “Дрыгва” Францішка Аляхновіча асобным выданнем выйшаў у 1925 годзе ў Вільні.  У сваю чаргу п’еса ў трох дзеях і чатырох абразках “Дрыгва” Іллі Гурскага выйшла ў 1928 годзе ў Мінску. Аповесць “Дрыгва” Якуба Коласа выйшла толькі ў 1934 годзе і стала трэцім творам у беларускай літаратуры з такой назвай. Пры гэтым аповесць Якуба Коласа стала самым знакамітым творам пад такой назвай, бо іншыя творы “Дрыгва” Аляхновіча і Гурскага могуць прыгадаць хіба што даследчыкі літаратуры. Адзначу, што ў фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа знаходзіцца адно з першых выданняў аповесці з дарчым надпісам Якуба Коласа свайму стрыечнаму брату па мацярынскай лініі Юрку Лёсіку:  “Юрку Лёсіку на памяць ад аўтара 8 ІІ 1934 г”.

Практычна адразу пасля выхаду аповесць сталі перакладаць на рускую мову, пра што сведчыць ліст Якуба Коласа да супрацоўніка Беларускага дзяржаўнага выдавецтва Канстанціна Зарэмбоўскага ад 26 студзеня 1934 г.: “Маю “Дрыгву” ўзяўся перакладаць на рускую мову М.Хаванскі. Першыя крокі работы па перакладзе выклікаюць у мяне трывогу за пераклад у цэлым”.  Аднак ужо ў лісце Якуба Коласа ад 26 сакавіка 1934 г. да Рабінінай Аляксандры Пятроўны, якая на той час з’яўлялася загадчыкам сектара нацыянальных літаратур Дзяржаўнага выдавецтва мастацкай літаратуры ў Маскве, апісваецца заканчэнне перакладу аповесці: “Я уже, пожалуй, надоел  Вам своими письмами. Но все же хочу известить Вас, что перевод “Дрыгвы” на русский язык окончен. Я его просмотрел, кое-что исправил. Думаю, что перевод можно признать неплохим, удовлетворительным. Я настаивал, чтобы Хованский (переводчик) написал Вам о том, что перевод окончен. Написал ли он, не знаю. Вероятно, завтра-послезавтра он его вышлет, и к первому апреля перевод поступит в редакцию”.  

Аповесць Якуба Коласа хуткімі тэмпамі набывала папулярнасць. Пра гэта можа сведчыць тое, што ўжо ў 1930-х гг. “Дрыгва” была перавыдадзена тройчы: 1935, 1936, 1937. Важна адзначыць, што пры падрыхтоўцы першага перавыдання 1935 года ў тэкст былі ўнесены невялікія праўкі. Аднак падчас падрыхтоўкі для перавыдання кнігі ў 1936 г. аўтар перапрацаваў аповесць больш значна: былі скарочаны некаторыя ўрыўкі, якія закраналі пытанні беларускага і польскага адраджэння; адносін да бальшавікоў і пад. Менавіта ў такім выглядзе тэкст аповесці друкаваўся ва ўсіх наступных выданнях. У фондах музея ёсць чацвёртае выданне аповесці “Дрыгва” 1937 года з дарчым надпісам аўтара свайму блізкаму сваяку Ігнату Юр’евічу Міцкевічу: “Ігнасю на памяць аб Загібельцы, Падбярэжжы і Вусці. Я.Колас. 24.ХІ.1937 г. “. Усе пералічаныя мясціны знаходзяцца на Пухаўшчыне і звязаны з летнім адпачынкам Якуба Коласа, якія вельмі любіў пісьменнік, прысвяціўшы ім паэтычныя творы.

Літаратуразнавец Іван Замоцін з нагоды выхаду 3-га выдання аповесці (1936 г.) адзначаў, што асаблівасцю коласаўскай кампазіцыі ў “Дрыгве” з’яўляюцца ўкропленыя ў некаторых месцах лірычныя адступленні, якія падаюцца праз малюнкі прыроды і паасобныя жанравыя сцэны. Сярод недахопаў І. Замоцін адзначаў што “не хапае больш шырокага ахопу гістарычных падзей і больш шырокай гістарычнай перспектывы”. Тым не менш ідэйна-мастацкая каштоўнасць аповесці Замоціным вызначалася як даволі высокая.

Цікава, што менавіта ў 1936 годзе “Дрыгва” была перакладзена на польскую мову і мела назву “Mokradla”. Гэта выданне выйшла ў Савецкай Беларусі, а вось пераклад аповесці на тэрыторыі сучаснай Польшчы адбыўся толькі ў 1951 годзе і пад іншай назвай “Trzesawisko”. На тытульным аркушы даваеннага перакладу было пазначана наступнае: “Wydawnictwo Państwowe BiałorusiSektor Mniejszości Narodowych». Выйшла “Дрыгва” (“Mokradla”) па-польску ў мінскай друкарня імя Сталіна сярэднім на той час накладам – 2685 асобнікаў. Дарэчы, перакладчыцай аповесці Якуба Коласа на польскую мову з’яўляецца Ядвіга Машынская-Гельтман 1886-1946 – паэтка, рэвалюцыянерка, жанчына з няпростым і пакручастым лёсам, з моцным духам і непахіснымі перакананнямі.

Галоўны герой твора “Дрыгва” дзед Рыгор Талаш, як вядома, быў насамрэч Васілём Талашом. Учынкі мясцовага партызана ў час польска-савецкай вайны разнесліся далёка за ваколіцы Петрыкаўшчыны і ўжо ў 1927 годзе ён атрымоўвае персанальную пенсію. Адпаведнае пастанаўленне было выдадзена камісіяй пры Народным камісарыяце сацыяльнага забеспячэння (НКЗС) ад 24 кастрычніка 1927 г.: “У зьмяненьне пастановы Міжведамсьцвеннай камісіі па назначэньню пэнсіі і дапамог пра НКСЗ ад ІІ/IV-27 г. №31, вызначыць гр. ТАЛАШУ В. пэрсанальную пэнсію ў суме 25 р. штомесячна, пачынаючы з І/XI-27 г. Пастанова канчаткова і абскарджваньню не падлягае”. У наступным годзе Васіль Талаш атрымоўвае Ордэн Чырвонага Сцяга (1928), аднак на першае хадайнічанне Мазырскага акрвыканкома аб узнагарожданні ордэнам Васіля Талаша сакратэрыят ЦВК БССР старому петрыкаўскаму партызану адмовіў у 1926 годзе. Тым не менш, яшчэ да напісання Якубам Коласам аповесці, Васіль Талаш меў персанальную пенсію і быў узнагароджаны ордэнам. У заслугі яму прыпісвалася наступнае: «В 1920 году, во время нахождения бело-поляков в д. Новосёлки, Петриковского района, крестьянин ТАЛАШ перебрался через польский фронт к Красной Армии и организовал партизанский отряд в 300 человек. Будучи командиром партизанского отряда выбил поляков из деревни Новоселки, где  убил одного поручика и несколько солдат и забрал пулемет. После этого крестьянин ТАЛАШ со своим сыном, совместно с отрядом, производил налеты и разведки среди поляков, а по расформировании отряда перешел в Красную Армию и состоял разведчиком в 417 полку 47 дивизии до окончательного совобождения Мозырского округа от белополяков”.

Усё ж шырокую вядомасць Васіль Талаш атрымаў у сярэдзіне 1930-х гадоў, адразу ж пасля з’яўлення на паліцах бібліятэк і кнігарняў аповесці «Дрыгва», прысвечанай ваенным падзеям  на Петрыкаўшчыне. Чытачы захапляліся мужнасцю і гераізмам галоўнага героя твора, высока цанілі ваяцкія здольнасці, актыўна цытавалі яго трапныя выразы… «Дзе і калі я сустрэўся з дзедам Талашом? Калі мне не здраджвае памяць, я ўпершыню сустрэўся з героем сваёй аповесці ў Мінску, у будынку Акадэміі навук… Гэта было ў 1934 годзе, пасля таго, калі аповесць была выдадзена, – успамінаў Я. Колас. – Дзед Талаш прачытаў яе і вырашыў убачыць мяне. Мы гаварылі з ім пра аповесць. Дзед крыху крытыкаваў мае пралікі. Так, напрыклад, у аповесці дзед названы Рыгорам. На самой жа справе яго завуць Васілём (Ісакавічам). Я пераблытаў і імёны яго сыноў. Ён таксама не быў згодзен са мной і ў тым, што ён збег ад трох канваіраў, польскіх салдат. Дзед упарта стаіць на тым, што іх было пяць…». Яшчэ большую вядомасць Васіль Талаш атрымаў, пасля таго як Якуб Колас у 1937 годзе напісаў драму ў чатырох дзеях паводле “Дрыгвы” і назваў яе “У пушчах Палесся”, а кампазітар Анатоль Багатыроў у 1939 годзе стварыў оперу па аднайменнай п’есе. Менавіта пасля гэтых падзей імя дзеда Талаша стала вядома далёка за межамі Савецкай Беларусі.

Такім чынам, яшчэ да пачатку Вялікай Айчыннай вайны дзед Талаш (Васіль Ісакавіч Талаш) стаўся сімвалам змагання з варожымі сіламі, а гэты ваяўнічы вобраз яшчэ больш моцна замацаваўся падчас падзеяў Другой сусветнай вайны на тэрыторыі еўрапейскай часткі Савецкага Саюза. Аднак удзел дзеда Талаша ў ваенных дзеяннях падчас Вялікай Айчыннай вайны, сустрэча з Якубам Коласам у гатэлі “Масква”, а таксама агітацыйная дзейнасць у час вайны – гэта ўжо іншая гісторыя.