“Беларуская кніга ў Кітаі (1946 – 2024). Са збораў Веранікі Карлюкевіч”

13.11.2024

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа

Саюз пісьменнікаў Беларусі

“Беларуская кніга ў Кітаі (1946 – 2024). Са збораў Веранікі Карлюкевіч”

У апошнія гады значна вырас досвед пра Беларусь у Кітаі. У выніку далейшага паглыблення беларуска-кітайскіх стасункаў усталяваліся трывалыя прамыя кантакты паміж кітайскімі і беларускімі літаратарамі, літаратурнымі крытыкамі і перакладчыкамі. Aднак першае знаёмства з беларускай літаратурай у Паднябеснай адбылося яшчэ паўстагоддзя таму – у другой палове 1940-х гадоў.

18 лістапада ў 18.00 у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбудзецца сумесная з Саюзам пісьменнікаў Беларусі  імпрэза “Беларуская кніга ў Кітаі (1946 – 2024). Са збораў Веранікі Карлюкевіч”. Прадстаўленыя ў гэтым  выставачным праекце кніжныя экспанаты даюць шырокае ўяўленне пра знакавыя пераклады з беларускай літаратуры, выдадзеныя ў Кітаі ў другой палове ХХ стагоддзя – пачатку ХХІ стагоддзя. Наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з кітайскімі выданнямі твораў Якуба Коласа, Янкі Купалы, Янкі Маўра, Аркадзя Куляшова, Кандрата Крапівы, Петруся Броўкі, Янкі Брыля, Івана Шамякіна,  Васіля Быкава, Андрэя Федарэнкі, Алеся Бадака, Уладзіміра Караткевіча і іншых беларускіх пісьменнікаў. 

Важнае месца ў калекцыі Веранікі Карлюкевіч займаюць букіністычныя экзэмпляры выданняў кітайскіх перакладаў другой паловы 1940 – 1980 гадоў. У гэты час назіраўся небывалы ўздым цікаўнасці да савецкай (рускамоўнай) літаратуры (а беларуская літаратура у той час разглядалася як частка савецкай). Сярод экспанатаў часовай выставы таксама можна пабачыць “жоўтыя кнігі” беларускага паходжання – творы, якія перакладалі выключна для ўнутранага карыстання ў другой палове 1960 – першай палове 1970 гадоў. 

Сёння зноў назіраецца аднаўленне цікавасці кітайскіх перакладчыкаў да беларускай літаратуры. На выставе  будуць прэзентаваны навінкі кітайскіх перакладаў беларускіх аўтараў апошніх гадоў: першы ў гісторыі беларуска-кітайскіх літаратурных стасункаў калектыўны збор твораў беларускай літаратуры – “Выбраныя творы сучасных беларускіх пісьменнікаў” (2023); “Выбраныя творы” Алеся Бадака (2024); “Шчарбаты талер” Андрэя Федарэнкі (2022); творы беларускай літаратуры на кітайскай мове, выдадзеныя у беларускіх выдавецтвах і перыёдыцы.  

“Выдавецкія стасункі Беларусі і Кітая на сённяшнім этапе развіваюцца надзвычай плённа. Спрыяе гэтаму, несумненна, увага Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, розных выдавецтваў нашай краіны да кніжнага увасаблення расповяду пра Кітай, а таксама — увага Цэнтраў вывучэння Беларусі, якія працуюць пры многіх універсітэтах КНР. Дадзеная імпрэза, якая знаёміць з кітайскімі выданнямі твораў беларускіх пісьменікаў у Кітаі, — пачатак серыі мерапрыемстваў, праз якія Саюз пісьменнікаў Беларусі прадставіць кнігі беларускіх аўтараў, выдадзеныя ў розных краінах свету, найперш — у Казахстане, Узбекістане, В’етнаме, Туркменістане, Таджыкістане, Кыргызстане, Манголіі”, – адзначае старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч.

“Гісторыя літаратурных перакладаў – гэта адлюстраванне глыбіні стасункаў паміж краінамі і народамі, важная частка культурных дыпламатычных зносін. Беларуска-кітайскія літаратурныя стасункі заўсёды былі маім галоўным накірункам у даследчыцкіх намаганнях, і калекцыя выданняў беларускай літаратуры на кітайскай мове стала зразумелым працягам такіх навуковых інтарэсаў. Непасрэднае знаёмства з выданнямі і гістарычным кантэкстам іх з’яўлення зацвердзіла мяне ў перакананні, што гісторыю ствараюць людзі. Беларускіх аўтараў на кітайскую мову традыцыйна перакладалі лепшыя перакладчыкі свайго часу: Лі Лянмінь, Сунь Шэн’у, Гэ Баоцсюань, Му Муцянь, Гао Ман і многія іншыя. Вельмі радасна, што іх справу сёння працягваюць не менш таленавітыя беларусазнаўцы і перакладчыкі Гу Юй, Хань Сяое, Джан Хуэйцсінь, Сінь Мэн, Сунь Фаньці, і з цягам часу кола даследчыкаў і перакладчыкаў беларускай літаратуры пашыраецца”, – падзялілася Вераніка Карлюкевіч, даследчыца беларуска-кітайскіх літаратурных стасункаў, дырэктар па сувязях з грамадскасцю (Еўразія) міжнароднай кітайскай кампаніі.

Якуб Колас быў адным з першых беларускіх пісьменнікаў, творы якога былі перакладзены на кітайскую мову. Яшчэ пры жыцці Песняра, у 1950 годзе, на кітайскай загучаў верш “Абаронцам роднай зямлі”. І сёння цеснае супрацоўніцтва звязвае Дзяржаўны літататурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа з Цяньцзіньскім ўніверсітэтам замежных моў, дзе, дарэчы яшчэ шэсць гадоў таму быў устаноўлены бюст Якуба Коласа аўтарства Сяргея Гумілеўскага –першы беларускі помнік у Кітаі. А сёлета ў Мінску выйшла кніга перакладаў часткі апавяданняў Якуба Коласа з цыкла «Казкі жыцця» ў перакладзе на кітайскую мову. Укладальніцамі выдання выступілі дырэктар музея Якуба Коласа Ірына Мацяс і дырэктар Цэнтра Якуба Коласа, дацэнт Цяньцзіньскага ўніверсітэта замежных моў Вольга Шахаб. Выданне падрыхтавана ў межах супрацоўніцтва Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа з Цяньцзінскім універсітэтам замежных моў пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Кніга мае прыгожае афармленне – ілюстрацыі беларускай мастачкі Людмілы Пятруль, якія беражліва захоўваюцца ў фондах музея.

САРДЭЧНА ЗАПРАШАЕМ!

Тэл. для даведак: 8 (017) 270-17-02.

Афіцыйны сайт: www.kolasmuseum.by