Часовая экспазіцыя “Дзе елка ў пары з хваіною”

21.02.2025

З 24 лютага 2025 года ў музеі Якуба Коласа пачынае працу часовая экспазіцыя работ Уладзіміра Сулкоўскага і Пятра Шарыпы “Дзе елка ў пары з хваіною”.


Увазе гледача прапануецца паглядзець на родныя мясціны Якуба Коласа вачыма двух творцаў.


 Уладзімір Якаўлевіч Сулкоўскі — беларускі мастак. Працаваў у станковым жывапісе ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Яго творы адметныя класічным почыркам, своеасаблівай пабудовай кампазіцыі, фактурнай манерай, імкненнем да эпічнасці, мастацкай вобразнасцю і любоўю да беларускай зямлі.


Пётр Пятровіч Шарыпа — беларускі жывапісец, педагог. Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу: партрэт, тэматычная карціна, пейзаж, нацюрморт. У пейзажным жанры працягваў і развіваў лепшыя традыцыі беларускага пленэрнага жывапісу. Для твораў Пятра Шарыпы характэрны абвостранае пачуццё колеру, дакладная перадача стану прыроды, які імкліва мяняецца.


На экспазіцыі прадстаўленыя работы з фондаў музея Якуба Коласа і прыватнай калецыі Алены Шарыпы, дачкі мастака.