“Кіналетапіс жыцця”.
11.12.2024
Мерапрыемства, прысвечанае Дню беларускага кіно
17 снежня будзе адзначацца Дзень беларускага кіно, якому сёлета спаўняецца 100 гадоў. Яго гісторыя пачынаецца ў 1924 годзе са стварэння нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Цікавае супадзенне: рэжысёр першага беларускага фільма “Лясная быль” Юрый Тарыч у 1952 годзе зняў і стужку “Народны паэт”, прысвечаную 70-годдзю Якуба Коласа.
17 снежня 2024 года ў 18 гадзін у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбудзецца паказ новага дакументальнага фільма кінастудыі “Беларусьфільм” “Ташкентская торба” аб узбекскім перыядзе жыцця Якуба Коласа пад час Вялікай Айчыннай вайны. Стужка была створана кінастудыяй “Беларусьфільм” пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Агентства кінематаграфіі пры Міністэрстве культуры і турызму Рэспублікі Узбекістан і Кінастудыі дакументальных і хранікальных фільмаў (Ташкент).
У Ташкент, куды была пераведзена Акадэмія навук БССР, класік прыехаў 14 жніўня 1941 года. Два з лішнім гады ў часы эвакуацыі Узбекістан саграваў сям’ю Якуба Коласа сяброўскай цеплынёй. Пісьменнік і вучоны, ён актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці горада, выступаў на мітынгах, сустрэчах, арганізоўваў працу Акадэміі навук і шмат пісаў: працаваў над вершамі, паэмамі, артыкуламі. У Ташкенце выйшлі кнігі вершаў паэта “Адпомсцім”, “Голос земли”, “Избранные стихотворения” і ў перакладзе на ўзбекскую мову “Выбраныя вершы” [Таланган ше’рлар]. Папаўняецца паэтычны сшытак “Ташкенцкая торба”. А 3 лістапада 1942 г. у сталіцы Узбекістана, у Доме Чырвонай Арміі, адбылося ўрачыстае пасяджэнне, прысвечанае 60-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа.
Канстанцін Міхайлавіч назаўсёды палюбіў сонечную краіну, “край-друг Узбекістан”, займеў шчырыя сяброўскія сувязі з узбекскімі пісьменнікамі, а калі ад’язджаў з Ташкента, сказаў, што пакідае там частку сваёй душы.
Пад час імпрэзы “Кінахроніка жыцця” наведвальнікі пачуюць вершы Якуба Коласа, прысвечаныя Узбекістану, прагучаць каментарыі Васіліны Міцкевіч, галоўнага захавальніка фондаў музея Песняра, якая ў карціне “Ташкенсткая торба” прайшла дарогамі прадзеда.
Уваход – 6, 50 руб.
Сардэчна запрашаем!
Тэл. для даведак: 8 (017) 270-17-02.
Афіцыйны сайт: www.kolasmuseum.by
e-mail: info@kolasmuseum.by