“Вобразы мілыя роднага краю”

05.05.2026

Часовая экспазіцыя да 100-годдзя з дня нараджэння Барыса Аракчэева і дня Перамогі

8 мая 2026 года а 17-й ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа пачынае працу часовая  мастацка-дакументальная экспазіцыя “Вобразы мілыя роднага краю”, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага мастака, педагога, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Барыса Ўладзіміравіча Аракчэева (1926–2013). Выстава дазваляе прасачыць яго творчы шлях ад ранніх студэнцкіх работ да твораў, напісаных у апошнія гады жыцця, і раскрыць шматгранную асобу Мастака і Чалавека.

Экспазіцыя пабудавана як займальнае падарожжа па жыццёвым і творчым шляху Барыса Аракчэева. Прадстаўленыя работы дазваляюць убачыць, як развіваўся яго талент: ад ранніх навучальных прац у Беларускай акадэміі мастацтваў да сталай творчасці. Асаблівую каштоўнасць выставе надаюць дакументы, ілюстрацыі і асабістыя рэчы, якія дапамагаюць глыбей зразумець не толькі творцу, але і чалавека, чый лёс быў непарыўна звязаны з Беларуссю.

Нарадзіўшыся ў 1926 годзе ў Расіі, Барыс Аракчэеў звязаў свой лёс з Беларуссю, дзе атрымаў мастацкую адукацыю і дасягнуў прафесійных вышынь. Яго творчая спадчына, якая прадстаўлена ў музеях і галерэях краіны, а таксама на гэтай экспазіцыі, з’яўляецца каштоўным унёскам у беларускую культуру.

Невыпадкова, экспазіцыя размяшчаецца менавіта ў музеі Якуба Коласа, бо нягледзячы на розныя віды мастацтва, Мастака і Паэта аб’ядноўвае любоў да роднай зямлі і яе вобразнае пераасэнсаванне. Якуб Колас — прызнаны “пясняр нацыянальнай прыроды”. Праз свае творы ён сфармаваў нацыянальнае пачуццё прыроды, паказаў яе глыбокую сувязь з чалавекам. Барыс Аракчэеў працаваў у жанры пейзажу і нацюрморта, прысвяціўшы мноства работ беларускім краявідам. Яго творчасць прасякнута любоўю да навакольнага свету, што сфармавалася з дзяцінства, і ўласцівым яму рэалістычным адлюстраваннем рэчаіснасці.

Сардэчна запрашаем!

Кантактны тэлефон: (017) 353-17-03

Адрас: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5

www.kolasmuseum.by; e-mail: info@kolasmuseum.by