Навуковая канферэнцыя «Каласавіны»
Адспявала чырвонае лета,
Адляцела мо ў вырай бусліны,
Славіць восень радзіму паэта
Зорным россыпам Каласавінаў.
Алена Маскевіч
Гэты тэрмін — «Каласавіны» — паўстаў у 1985 годзе. Да гэтага часу ў тады яшчэ Літаратурным музеі Якуба Коласа (цяперашняя назва «Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа» з’явілася і замацавалася з 1997 года) было вельмі многа зроблена па захаванні і папулярызацыі спадчыны нацыянальнага класіка. Важнай задачай бачылася папулярызацыя гэтага нацыянальнага культурнага багацця сярод суайчыннікаў і за межамі краіны, прыцягненне ўвагі людзей самых розных сацыяльных і ўзроставых катэгорый, паходжання, адукацыі і г. д. А яшчэ збераганне вось гэтага напрацаванага, здабытага, дасягнутага. Каб не страціць, каб захаваць гэты падмурак, на якім будзе плённа развівацца і эстэтычная, і культуралагічная, і патрыятычная выхаванасць, і — навука коласазнаўства як асобная галіна айчыннага літаратуразнаўства. Вось тады у музейных супрацоўнікаў і ўзнікла задума кансалідаваць навуковыя сілы літаратуразнаўцаў, чые даследаванні, знаходкі, погляды на асобу Якуба Коласа праз пэўны час таксама стануць музейнай каштоўнасцю. І шляхам здзяйснення і супрацоўнікі музея, і даследчыкі ўбачылі заснаванне штогадовай навуковай канферэнцыі. А назва «Каласавіны» з’явілася ў ідэйнага натхняльніка і арганізатара будучай канферэнцыі, беларускага паэта, празаіка, перакладчыка, на той час загадчыка сектара музея Якуба Коласа Генадзя Тумаса (Яўгена Змітравіча Тумаса). Ён узгадваў, што слова «Каласавіны» нарадзілася ў яго ў Траецкім прадмесці, дзе 21 красавіка 1985 года праводзілася свята выяўленчага мастацтва.
Ініцыятыва была ўхвалена і падтрымана першым дырэктарам музея Якуба Коласа, старэйшым сынам народнага паэта Даніілам Канстанцінавічам Міцкевічам. І ў той самы год у дзень нараджэння Якуба Коласа адбылася першая навуковая канферэнцыя. Першапачаткова канферэнцыі праводзіліся сумесна і на базе Акадэміі навук БССР.
Адным з заснавальнікаў, куратарам, навуковым кіраўніком і анёлам-ахоўнікам «Каласавінаў» быў Міхаіл Іосіфавіч Мушынскі, доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук. Дзякуючы яго фундаментальнаму ўнёску ў справу заснавання канферэнцыі, несупыннай працы і клопату, яго літаральна бацькоўскаму дагляду яна жыла, развівалася і, сапраўды, згуртоўвала выдатных даследчыкаў, яркіх навукоўцаў і прыхільнікаў коласазнаўства. Рэгулярным асабістым удзелам, тактоўным кіраўніцтвам і слушнымі парадамі ён вельмі дапамагаў маладым супрацоўнікам музея, якія яшчэ толькі пачыналі ўжывацца ў музейную справу і коласазнаўчую навуку.
Менавіта М. І. Мушынскі прачытаў самы першы даклад «Прынцыпы выдання першага поўнага Збору твораў Якуба Коласа» на першай канферэнцыі, што прайшла ў канферэнц-зале Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Акадэміі навук. Сярод першых удзельнікаў былі таксама У. Конан, В. Скалабан, Г. Кісялёў, Д. Міцкевіч, А. Мальдзіс, Я. Саламевіч і інш. Святочныя мерапрыемствы, стаўшыя пасля традыцыйнымі, прайшлі ў сталіцы і на радзіме Коласа ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці: ускладанне кветак на плошчы імя паэта ў Мінску, да помніка ў вёсцы Мікалаеўшчына. Прадстаўнічая дэлегацыя з навукоўцаў, беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, краязнаўцаў, журналістаў наведала мемарыяльныя сядзібы Акінчыцы і Смольня. Усе гэтыя святочныя мерапрыемствы стала замацаваліся за «Каласавінамі» на доўгія гады. І такім чынам задуманае як канферэнцыя мерапрыемства вырасла ў сапраўднае свята.
Тонка падхапілі ідэю і актыўна вялі справу па развіцці «Каласавінаў» дырэктары музея Якуба Коласа Георгій Андрэевіч Ткацэвіч (на пасадзе знаходзіўся ў 1980 ‒ 1987 гадах) і Зінаіда Мікалаеўна Камароўская (з 1987 да 2019 года). Годна прадаўжае традыцыю і дзеючы дырэктар Ірына Уладзіміраўна Мацяс (на пасадзе з кастрычніка 2021 года). І з кожным годам свята пашырае свае межы, набывае новыя формы ўшанавання памяці песняра.
У навукова-практычнай канферэнцыі, якая звычайна адбываецца непасрэдна ў дзень нараджэння Якуба Коласа, за 35 гадоў прынялі ўдзел вядомыя даследчыкі, архівісты, выкладчыкі школ, тэхнікумаў, каледжаў, ВНУ, літаратары, журналісты, супрацоўнікі музеяў і бібліятэк. Праграма кожнай канферэнцыі — адметная, насычаная прафесійнымі дыскусіямі, новымі, часам сенсацыйнымі адкрыццямі.
Тэматыка навуковых канферэнцый розных гадоў увасобіла ўсе вехі біяграфіі і творчасці паэта, была прысвечана юбілейным датам жыцця Коласа і знакавым для грамадства. У апошнія гады грунтоўна і дасканала вывучалася акружэнне народнага паэта, яко кантакты: працяглыя і адзінкавыя, а іх было вельмі шмат, што відаць і з лістоў, і з дзённікавых запісаў, і з публіцыстыкі. Усё гэта дазваляе глыбей даследаваць асобу Якуба Коласа і нават адшукаць невядомыя раней дакументы і факты.
Цесна супрацоўнічае з музеем і аказвае кансультацыйную дапамогу Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь.
Нязменнымі удзельнікамі «Каласавінаў» на працягу ўсіх гадоў існавання канферэнцыі з’яўляюцца нашчадкі самога Якуба Коласа: унучкі Вера Даніілаўна Міцкевіч і Марыя Міхайлаўна Міцкевіч, праўнучка Васіліна Валер’еўна Міцкевіч. На пастаяннай аснове прымаюць удзел навуковыя супрацоўнікі музея.
З новымі даследаваннямі выступалі дактары філалагічных навук Васіль Жураўлёў, Аляксандр Падлужны, Галіна Адамовіч, Аляксей Ненадавец, Яўген Гарадніцкі, доктар філасофскіх навук Уладзімір Конан; кандыдаты філалагічных навук Яраслаў Клімуць, Аляксей Пяткевіч, Уладзімір Лазоўскі, Міхаіл Кенька, Зінаіда Данільчык, Тэрэза Голуб, Жанна Белакурская, Ігар Шаладонаў, Жанна Шаладонава, Анатоль Трафімчык, кандыдат філасофскіх навук Валерый Белакурскі, кандыдат педагагічных навук Валянціна Выхота і інш.
За доўгія гады канферэнцыя набыла статус міжнароднай. Сярод удзельнікаў былі вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута славяназнаўства РАН, прафесар Ю. А. Лабынцава і старшы навуковы супрацоўнік гэтай жа ўстановы, дацэнт Л. Л. Шчавінская (г. Масква, РФ), дырэктар Кіеўскага літаратурна-мемарыяльнага музея Максіма Рыльскага В. Л. Калеснік, генеральны дырэктар Нацыянальнага музея літаратуры Украіны Г. А. Сарока, вучоны сакратар Літаратурна-мастацкага музея Марыны і Анастасіі Цвятаевых (г. Аляксандраў, РФ) Э. Б. Калашнікава, намеснік дырэктара Смаленскай абласной навуковай бібліятэкі імя А. Твардоўскага А. У. Гаўрылава, дырэктар Літаратурна-мемарыяльнага музея Уладзіслава Бранеўскага (г. Варшава, РП) Эліза Чапска, загадчык кафедры тэорыі і гісторыі культуры Сілезскага ўніверсітэта ў Катавіцах Эва Касоўска і прафесар кафедры тэорыі і гісторыі культуры гэтай жа ўстановы Ганна Гамула (Рэспубліка Польшча) і інш.
Значны вопыт правядзення літаратурна-мастацкага свята «Каласавіны» з сярэдзіны 1980-х гадоў быў назапашаны музеем на Стаўбцоўшчыне, радзіме песняра. Свята адбываецца на раённым узроўні пры непасрэдным удзеле Стаўбцоўскага райвыканкама. Нельга не ўспомніць добрымі словамі былога загадчыка аддзела культуры Стаўбцоўскага райвыканкама, энтузіяста і няўрымслівага прыхільніка Коласа Анатоля Васільевіча Грэкава, які шмат гадоў цесна супрацоўнічаў з музеем, удзельнічаў ва ўсіх мерапрыемствах у гонар народнага паэта не толькі ў раёне, але і ў Мінску. З 1986 года на радзіме Якуба Коласа Стаўбцоўшчыне аддзеламі адукацыі і культуры Стаўбцоўскага райвыканкама напярэдадні дня нараджэння Якуба Коласа праводзіцца тыдзень паэзіі «Мой родны кут», а на наступны дзень пасля правядзення навуковай канферэнцыі ў Мінску жыхары Стаўбцоўскага раёна вітаюць навукоўцаў-удзельнікаў, музейных супрацоўнікаў, а таксама прадстаўнікоў беларускай творчай інтэлігенцыі: мастакоў, артыстаў, паэтаў, пісьменнікаў. У розныя гады гасцямі «Каласавін» былі народныя пісьменнікі Янка Брыль, Іван Шамякін, паэты Сяргей Грахоўскі, Мікола Мятліцкі, Анатоль Вярцінскі, Навум Гальпяровіч, заўсёды ўдзельнічалі паэты-землякі Мікола Маляўка, Алесь Камароўскі, Дзмітрый Дземідовіч, Яўген Хвалей, Казімір Камейша, пісьменнік Генрых Далідовіч і інш.
У рамках свята «Каласавіны» падчас святкавання дня нараджэння Якуба Коласа былі адкрыты памятныя знакі слынным людзям коласаўскай зямлі: паэту і этнографу Уладзіміру Паўлюкоўскаму ў вёсцы Ініца, літаратару, жывапісцу, ілюстратару «Другога чытання для дзяцей беларусаў» Карусю Каганцу ў вёсцы Засулле, Уладзіславу Сыракомлі і Янку Лучыне ў вёсцы Мархачоўшчына, Кандрату Крапіве на будынку сярэдняй школы № 1 г. Стоўбцы, дзе некаторы час працаваў вялікі драматург. Адзначаны мясціны, звязаныя з імем Якуба Коласа — Прыстанька, дзе 9 ліпеня 1906 года адбыўся нелегальны настаўніцкі з’езд, за ўдзел у якім паэт атрымаў тры гады турэмнага зняволення; Цёмныя Ляды за 12 км ад Стоўбцаў, дзе Колас у 1907 ‒ 1908 гадах, напярэдадні суда і заключэння працаваў у арганізаванай ім прыватнай школе.