Супрацоўніцтва с замежнымі партнёрамі
Згодна з Кодэксам аб Культуры , карыстаючыся памкненнямі да добрасуседства і супрацоўніцтва, да далейшага развіцця культурных сувязей паміж народамі, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа плённа супрацоўнічае з калегамі музеяў замежжа.

За час існавання музея зроблена вялікая работа па даследаванні жыцця і творчасці народнага паэта Беларусі, па ўшанаванні памяці Якуба Коласа не толькі на яго радзіме, але і далёка за межамі Рэспублікі Беларусь.
Так, усталявана мемарыяльная дошка ў Абаяні Курскай вобласці, дзе ў 1917 – 1921 гг. настаўнiчаў Якуб Колас.
Узноўлена мемарыяльная дошка i ўстаноўлены барэльеф Якуба Коласа ў Ташкенце на доме, дзе падчас Вялiкай Айчыннай вайны ў 1941 – 1943 гг. пражываў Пясняр.
На сённяшні дзень падпісана і дзейнічае 20 пагадненняў аб доўгатэрміновым творчым супрацоўніцтве: з Дзяржаўным літаратурным музеем А. М. Горкага ў Ніжнім Ноўгарадзе, Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем М. А. Дабралюбава, Растоўскім абласным музеем выяўленчых мастацтваў, Курскім абласным краязнаўчым музеем і яго філіялам «Абаянскі краязнаўчы музей» (рэалізаваны выставачныя праекты «Якуб Колас и рускія пісьменнікі» (2018), «Мастацкая Каласіяна — графіка: прыжыццёвыя партрэты Якуба Коласа. Мастацкія работы Сямёна Геруса» (2022), Калініградскім абласным гісторыка-мастацкім музеем, Літаратурна-мастацкім музеем Марыны і Анастасіі Цвятаевых у Аляксандраве, Дзяржаўным музеем гісторыі Санкт-Пецярбурга, Нацыянальным літаратурным музеем Рэспублікі Башкартастан, Музеем-сядзібай Л. М. Талстога «Ясная Паляна», Цэнтрам качавой цывілізацыі Ісык-Кульскай вобласці Кыргызскай Рэспублікі, Домам-музеем А. С. Пушкіна ў Малдове.
Цесныя навуковыя сувязі устаноўлены з Інстытутам літаратуры і мастацтва імя М. А. Аўэзава Камітэта навукі Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Казахстан, Смаленскай абласной універсальнай навуковай бібліятэкай імя А. Т. Твардоўскага (выставачны праект «Якуб Колас і рускія пісьменнікі»), Рукапісным аддзелам ІРЛІ (Пушкінскі дом) РАН, Маскоўскай абласной дзяржаўнай дзіцячай бібліятэкай.
Музей нязменна працягвае працу па рэалізацыі раней наладжаных творчых міжнародных кантактаў у галіне музейнай справы па арганізацыі і правядзенні міжнародных выставак, сумесных даследаванняў і культурна-адукацыйных праектаў з Дзяржаўным мемарыяльным гісторыка-літаратурным і прыродна-ландшафтным музеем-запаведнікам А. С. Пушкіна «Міхайлаўскае» (Пушкінскі запаведнік, Расія), Дзяржаўным гісторыка-культурным і прыродным музеем-запаведнікам А. С. Грыбаедава «Хмеліта» (Смаленская вобл., Расія), Дзяржаўным мемарыяльным і прыродным музеем-запаведнікам І. С. Тургенева «Спаскае-Лутавінава» (Арлоўская вобл., Расія), Дзяржаўным музеем-запаведнікам М. А. Шолахава, Раздорскім этнаграфічным музеем-запаведнікам (Растоўская вобл, Расія).
Цесныя сувязі і з дыпламатычнымі місіямі. Пры падтрымцы Пасольства Узбекістана, Казахстана, Рэспублікі Індыі, Ісламскай Рэспублікі Іран у музеі былі рэалізаваны сумесныя праекты: «Далёкі па вёрстах, а блізкі па песнях: Рабіндранат Тагор у беларускай культурнай прасторы»; «Якуб Колас і Амар Хаям. Жыццёвая мудрасць у паэтычным слове»; круглы стол «Коласаўскае слова аб’ядноўвае народы і літаратуры Беларусі і Узбекістана» ў рамках ХХХ Мінскага міжнароднага кніжнага кірмашу і Дзён літаратуры Узбекістана ў Беларусі.
Пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Аргенціне быў рэалізаваны выставачны праект «Я прыйшоў дзеля вас…» з матэрыялаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа ў Пасольстве РБ і Цэнтры беларускай культуры г. Буэнас-Айрэса (Аргенціна, 2017 – 2018).
Напрыканцы мая 2018 года ў Монтавідэа, у МЗС Усходняй Рэспублікі Уругвай, адкрылася выстава «Я прыйшоў дзеля Вас» — пра жыццёвы і творчы шлях беларускага паэта Якуба Коласа. Экспазіцыя прысвячалася як 135-м угодкам Песняра, так і 25-годдзю ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Уругваем. На выставе былі прадстаўлены інфамодулі з фотаздымкамі паэта, звесткамі з яго біяграфіі на беларускай, рускай, іспанскай мовах, падрыхтаваныя супрацоўнікамі Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Беларусы ж Уругвая дапоўнілі выставу стэндам пра жыццёвы і творчы шлях беларуска-ўругвайскага пісьменніка і перакладчыка з беларускай мовы Карласа Шэрмана.
Пры падтрымцы Асацыяцыі беларускай дыяспары «BELLARUS» у верасні 2018 года ў Анжуйскім замку г. Неапаля (Італія) адбылося адкрыццё выстаўкі «Якуб Колас і рускія пісьменнікі», пазней экспанавалася ў Рыме.
Ужо традыцыйным стаў удзел музея ў Днях беларускай пісьменнасці, якія адбываюцца пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі на базе Дзелавого і культурнага комплекса ў Маскве. Былі рэалізаваны наступныя выставачныя праекты: «Наперадзе шмат дарог і шмат далячынь» (2019), выстаўка да 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа (2022), «Зямля Якуба Коласа» да 100-годдзя выхаду ў свет паэмы «Новая зямля» (2023).
У кастрычніку 2023 года было перападпісана пагадненне аб супрацоўніцтве з Цяньцзіньскім універсітэтам замежных моў (Кітайская Народная Рэспубліка).
На працягу апошніх 5 гадоў Цяньцзіньскі ўніверсітэт вядзе актыўную работу па вывучэнні і распаўсюджванні беларускай мовы ў Кітаі. Прымаючы пад увагу высокі ўзровень міждзяржаўнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем, а таксама доўгую гісторыю сяброўскіх адносін паміж народамі, універсітэт з верасня 2018 года першым у Паднябеснай адкрыў спецыяльнасць бакалаўрыята «беларуская мова». Тады ж у Цэнтры вывучэння Беларусі і беларускай мовы пры Цяньцзіньскім універсітэце адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка Якубу Коласу (аўтар — беларускі скульптар Сяргей Гумілеўскі). Творы народнага паэта неаднаразова перакладаліся на кітайскую мову: у 1950 годзе, яшчэ пры жыцці Песняра, па-кітайску загучаў верш «Абаронцам роднай зямлі». У розныя часы ў перакладзе на кітайскую мову таксама былі апублікаваныя апавяданні «Васіль Чурыла» і «Макарка Навак», аповесць «Дрыгва», верш «Вецер».
У 2017 годзе стартавалі міжнародныя музейныя праекты. «Літаратурны глобус» — сустрэчы, форумы, круглыя сталы з замежнымі пісьменнікамі, лаўрэатамі літаратурных прэмій, літаратурнымі крытыкамі, выдаўцамі. У рамках праекта былі арганізаваны: круглы стол «Пісьменнік і час» з удзельнікамі ХХІV Міжнароднай кніжнай выстаўкі-ярмаркі; творчы вечар паэта, пісьменніка, старшыні Калінінградскага саюза пісьменнікаў Барыса Бартфельда; прэзентацыя калінінградскага часопіса «Берега»; сустрэча з Маратам Ахмеджанавым, дырэктарам выдавецтва Hertfordshire Press у Вялікабрытаніі, арганізатарам Open Central Asia Book Forum & Literature Festival; прэзентацыя паэтычнага зборніка «Для цябе» Эліны Аверынай, літоўскай паэтэсы, супрацоўніка Літаратурнага музея А. Пушкіна ў Вільнюсе; круглы стол з удзелам пісьменніка, журналіста, старшыні савета Дагестанскага рэгіянальнага аб’яднання «Уздзені Дагестана» Керымхана Умаханава і прадстаўнікамі Ленінградскага аб’яднання Саюза пісьменнікаў Расіі, якія перадалі музею Якуба Коласа кнігу «Сымон-музыка» на рускай мове — першы поўны пераклад паэмы, кніга выдадзена пры падтрымцы Камітэта па друку і ўзаемадзеянню са СМІ г. Санкт-Пецярбурга.
Міжнародны праект «Колас на мовах свету» — ініцыятыва музея аб перакладзе твораў Якуба Коласа на мовы свету (сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі). У 2017 годзе фрагменты са зборніка алегарычных навэл «Казкі жыцця» Якуба Коласа перакладзены на французскую, рускую, казахскую, кумыкскую, аварскую, ахвахскую, лезгінскую, лакскую, даргінскую мовы. У 2023 – 2024 гг. былі перакладзены сем навэл Якуба Коласа кітайскімі студэнтамі Цяньцзіньскага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам іх выкладчыкаў. Плануецца выданне зборніка і прэзентацыя яго ў Цяньцзіне падчас фестывалю паэзіі.
Такім чынам, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа актыўна развівае міжнародныя навуковыя і культурныя сувязі, умацоўвае супрацоўніцтва з дыпламатычнымі карпусамі, архівамі, інстытутамі, музеямі блізкага і далёкага замежжа, пашыраючы кола замежных партнёраў. Рэалізацыя навукова-адукацыйных і выставачных праектаў садзейнічае развіццю дыялога культур, распаўсюджванню ведаў і разуменню каштоўнасцей свайго і іншых народаў, што ўмацоўвае і пашырае межы міжкультурных зносін. У галіне міжнароднага супрацоўніцтва музей беларускага Песняра прымае да ўвагі гістарычныя і культурныя сувязі паміж краінамі і засноўваецца на агульных інтарэсах у сферы культурнага, навуковага і гуманітарнага развіцця.