background

Да 140-годдзя з дня нараджэння Сяргея Мітрафанавіча Гарадзецкага. Новая анлайн-выстаўка.

05.01.2024

Да 140-годдзя з дня нараджэння

Сяргея Мітрафанавіча  Гарадзецкага

 

Доўгія гады сяброўства, творчага супрацоўніцтва, ажыўленага ліставання звязвалі Якуба Коласа з вядомым рускім паэтам, драматургам, крытыкам, перакладчыкам, юбілярам гэтага года Сяргеем Гарадзецкім.  

Нарадзіўся Сяргей Мітрафанавіч 5 студзеня 1884 года ў Пецярбургу, у сям’і з добрымі культурнымі традыцыямі. Яго маці ў маладосці была знаёма з Іванам Тургеневым, бацька – Мітрафан Іванавіч Гарадзецкі – вядомы пісьменнік, публіцыст, гісторык і этнограф.

Сяргей Гарадзецкі скончыў 6-ю гімназію ў Санкт-Пецярбургу. У 1902 годзе паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, дзе пазнаёміўся з Аляксандрам Блокам, які зрабіў значны ўплыў на фарміраванне яго таленту.

У 1907 годзе выйшаў з друку першы паэтычны зборнік Гарадзецкага – «Ярь», які сведчыў аб з’яўленні ў рускай літаратуры  яркага і таленавітага аўтара. Не выпадкова Аляксандр Блок называў «Ярь» «большой книгой», «поразительной и неожиданной», «может быть, величайшей из современных книг», «в которой всё живёт и трепещет своей жизнью». 

Неўзабаве ў Гарадзецкага выходзяць яшчэ дзве кнігі – зборнік вершаў «Перун» (1907) і зборнік вершаў і казак «Дикая воля» (1908). 

У 1915 годзе Сяргей Гарадзецкі пасябраваў з маладым паэтам Сяргеем Ясеніным, падтрымліваў яго і садзейнічаў яго станаўленню. З восені 1916 года Гарадзецкі знаходзіўся на Каўказскім фронце. Падчас Першай сусветнай вайны быў ваенным карэспандэнтам. З 1921 года жыў у Маскве, шмат друкаваўся, перакладаў паэзію замежных паэтаў і паэтаў СССР. Рэдагаваў часопіс «Искусство трудящимся», да 1932 года працаваў у літаратурным аддзеле газеты «Известия». У 1930-х гадах шмат працаваў над опернымі лібрэта: стварыў лібрэта адной з першых опер савецкай тэматыкі – «Прорыв» кампазітара С. Патоцкага, напісаў лібрэта оперы «Дума про Опанаса» кампазітара В. Юроўскага, напісаў новы тэкст оперы М. Глінкі «Иван Сусанин».

Творчае знаёмства Якуба Коласа з С. М. Гарадзецкім пачалося ў 1933 годзе, калі маскоўскі літаратар, працуючы над перакладамі твораў народнага паэта Беларусі, прыехаў у Мінск. Малодшы сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч успамінаў: «У 1933 годзе бацька пазнаёміўся з паэтам Сяргеем Гарадзецкім, які ахвотна ўзяўся перакладаць паэтычныя творы на рускую мову. Чалавек ён быў вельмі цікавы, з дваран, карыстаўся аўтарытэтам як заснавальнік школы акмеізму… Расказчыкам ён быў выдатным, хоць дыкцыя была даволі невыразная, якую бацька параўноўваў з цецеручыным балбатаннем, а за «верагоднасць» гісторый жартам называў яго Наздровым. Але ж пасябраваў і прывязаўся да яго, перасылаў грошы для падтрымкі». 

 Сяргей Гарадзецкі ўзяўся за пераклад паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» на рускую мову. У лісце ад 1 сакавіка 1933 года Якуб Колас цікавіцца ў яго ходам працы над перакладам: «Как продвигается работа с переводом “Новой земли”? Я всё ожидаю от Вас письма и приложения к нему переведённых Вами глав из поэмы». Беларускі пясняр вельмі шкадаваў, што яго паэма ў перакладзе на рускую мову будзе друкавацца ў скарочаным выглядзе. «Конечно, приходится сожалеть,что Вы как переводчик, а я как автор поставлены перед фактом урезок и кастрации. Ваше любезное обещание в будущем сделать полный перевод поэмы в значительной степени компенсирует моё огорчение по поводу сокращения поэмы для первого ближайшего издания. А потому я, полагаясь на Ваше любезное внимание к поэме и считая, что Вы вошли в курс её, предоставляю Вам самим полное право по своему усмотрению делать сокращения внутри глав» – пісаў Якуб Колас Гарадзецкаму.

Паэма «Новая земля» ў перакладзе на рускую мову выйшла з друку ў 1934 годзе ў Маскве ў выдавецтве «Советская литература». 

У 1936 годзе свайму сябру Якуб Колас падарыў кнігу выбраных твораў з наступным дарчым надпісам: «Дорогому другу, первому переводчику белорусской поэзии, Милому Сергею Митрофановичу Городецкому от любящего Я. Коласа. Минск. 11. ІІ. 1936 г.».

 А ў 1938 – даслаў Гарадзецкаму кнігу А. С. Пушкіна «Палтава» ў перакладзе на беларускую мову: «Дорогому другу Сергею Городецкому на память от переводчика. Я. Колас. 11. ХIІ. 1938 г. Минск».

  

У асабістай бібліятэцы Якуба Коласа захоўваецца кніга С. Гарадзецкага «Песня дружбы», якая выйшла з друку ў Мінску ў 1947 годзе. Кніга была падаравана Якубу Коласу як напамін аб працы над перакладам паэмы:  «Дорогому Костусю на памяць о 100 днях творческих мук и радостей над “Новой Землей”. Любящий его Сергей».

 

У фондах музея беларускага Песняра захоўваюцца шмат цікавых матэрыялаў – сведчанняў кантактаў, сяброўства і творчай супрацы Якуба Коласа і Сяргея Гарадзецкага.

Асаблівы інтарэс выклікаюць графічныя партрэты Якуба Коласа аўтарства Сяргея Гарадзецкага:

Сяргей Мітрафанавіч валодаў не толькі паэтычным талентам, але і талентам мастака-графіка. Віншаванне Якубу Коласу з 60-годдзем з дня нараджэння з’яўляецца яскравым узорам майстэрства Гарадзецкага і ў паэзіі, і ў выяўленчым мастацтве:

 

Сардэчнае і творчае сяброўства Якуба Коласа з Сяргеем Гарадзецкім, якое не заўсёды было шчырым з боку рускага пісьменніка, працягвалася да смерці беларускага песняра ў жніўні 1956 года. Багацейшае шматгадовае ліставанне з’яўляецца яго пацверджаннем. Апошні ліст Сяргея Гарадзецкага да «дарагога Костуся» ад 5 жніўня 1956 года і цяпер ляжыць на рабочым стале класіка беларускай літаратуры. 

Васіліна Міцкевіч,

галоўны захавальнік фондаў

Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага

 музея Якуба Коласа