background

Ліст да Коласа

09.02.2023

Добры дзень, шаноўныя!

Сёння мы хочам вам распавесці пра такі нядаўні і такі ўжо забыты звычай пісаць папяровыя лісты. Як даўно вы заходзілі на пошту, набывалі канверты, пераймаліся ці хопіць маркі на адпраўку чатырох аркушаў? Дзе знайсці бліжэй паштовую скрыню? Што такое "адкрыты ліст"?

Усё гэта мы прапануем вам узгадаць з дапамогай нашай новай акцыі "Ліст да Коласа".

Сэнс акцыі: вы мусіце напісаць сапраўдны папяровы ліст да дзядзькі Якуба, адаслаць яго на адрас Якуба Коласа (220012 Мінск, вул. Акадэмічная, д. 5). Адзіная ўмова - ліст мусіць быць напісаны, аформлены ад рукі, толькі простыя аркуш паперы і аловак/асадка/пэндзаль, пакідаем ўсё астатняе на прастор вашай фантазіі.

Аўтараў самых пранікнёных і крэатыўных пасланняў чакаюць рамантычная экскурсія на дваіх, унікальная магчымасць прагляду кінастужкі "Каханне жыве для дваіх" кінастудыі Уладзіміра Бокуна і іншыя прыемныя нечаканасці ад нашага музея.

Самае ж галоўнае ў нашай акцыі, што прымеркаваная яна да Дня роднай мовы, таму, у тым ліку, гэта найлепшая магчымасць засведчыць сваю пашану як да яе, так і да творцы, які ўвесь свой жыццёвы шлях прайшоў пад ліхтаром нашай беларускай мовы.

Нягледзячы на вызначаны дзень - 21.02.2023г., лісты прымаюцца да канца месяца.

 

З нецярплівасцю чакаем вашых пасланняў. З павагай, вашы коласаўцы.