background

“Музей 65.0” на Лунінеччыне

04.03.2024

  • “Музей 65.0” на Лунінеччыне
  • “Музей 65.0” на Лунінеччыне
  • “Музей 65.0” на Лунінеччыне
  • “Музей 65.0” на Лунінеччыне
  • “Музей 65.0” на Лунінеччыне

ЛУНІНЕЧЧЫНА ЛІТАРАТУРНАЯ

“Музей 65.0”

У першы дзень вясны юныя і дарослыя лунінчане ўшаноўвалі імя Якуба Коласа з нагоды юбілейнай даты стварэння нацыянальнага сховішча спадчыны Песняра.

Выстава малюнкаў – прысвячэнне творцы і творам

Святочны марафон стартаваў у СШ №2 г. Лунінца. Намеснік дырэктара школы Наталля Вітальеўна Бойка расказала:

–Месяц таму ў газеце “Літаратура і Мастацтва” прачыталі аб’яву аб конкурсе творчых работ на распрацоўку фірмовага стылю, прысвечанага 65-годдзю стварэння сталічнага музея Якуба Коласа. Вырашылі далучыцца да творчага спаборніцтва.

Натхнёныя педагогамі – гэта настаўнік мастацтва і дадатковай адукацыі Раіса Мікалаеўна Дунчык разам з настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Святланай Мікалаеўнай Кузьміч – 30 вучняў розных класаў прынялі ўдзел у конкурсе. Усе яны адзначаны падзякамі за подпісамі галоўнага рэдактара раённай газеты “Лунінецкія навіны” Паўла Сямёнавіча Свістуновіча і загадчыцы Цнянскага СК Ніны Сцяпанаўны Патурай. Уручаючы ўзнагароды, яна адзначыла:

–Усіх нас згуртоўвае імя Мікалая Калінковіча – пісьменнік-чэкіст нарадзіўся ў нашай вёсцы, вучыўся ў другой школе горада, працаваў у рэдакцыі “раёнкі”…

–І ў кнізе “Лунінец” занатаваў звесткі аб знаходжанні Якуба Коласа на Палессі, – аб гэтым нагадаў навуковы супрацоўнік музея Песняра Іван Сільвестравіч Дубовік.

Дыпломам установы культуры “Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа” адзначана СШ №2 г. Лунінца як калектыўны ўдзельнік рэспубліканскага конкурсу. Госць з Мінска ўручыў узнагароду дырэктару школы Эдуарду Сцяпанавічу Антановічу. Грамадскае журы азнаёмілася з выставай малюнкаў вучняў і заахвоціла пяцярых юных мастакоў прызамі глядацкіх сімпатый. Член Камісіі пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі па творчай спадчыне М.М. Калінковіча Наталля Іванаўна Казанкова, дырэктар Лунінецкай дзіцячай школы мастацтваў Алла Уладзіміраўна Карульская, загадчык мастацкага аддзялення ДШМ Наталля Пятроўна Кацуба, старшыня прафкама лакаматыўнага дэпо Аляксандр Іванавіч Матор, мастак Дзіна Мікалаеўна Грушэўская пажадалі творчых поспехаў вучням.

У кабінетах беларускай мовы госці занатавалі сябе ў фотазонах з адлюстраваннем краязнаўчых адметнасцей, азнаёміўшыся з фрагментамі сціплай, але дарагой сэрцам землякоў гісторыі нашай малой радзімы…

“Прэс-канферэнцыя” коласазнаўцаў і… тых, хто на іх “яшчэ вучыцца”

Новай формай літаратурнай сустрэчы прыемна ўразіла СШ №1 г. Лунінца. У кабінеце з гістарычнымі фотаздымкамі месцы за асобнымі сталамі занялі знаўцы-вучні і госці: метадыст РВМК Наталля Аляксандраўна Яворская, музейшчыкі – навуковы супрацоўнік Іван Сільвестравіч Дубовік (Мінск) і галоўны захавальнік фондаў Алёна Альбертаўна Кавалец (Лунінец), а таксама аўтар гэтых радкоў. Школьнікі задавалі пытанні па біяграфіі, грамадскай і творчай дзейнасці Якуба Коласа, а “героі прэс-канферэнцыі” давалі кароткія і грунтоўныя адказы. Падрыхтаваныя юныя знаўцы былі больш перакананымі, але і дарослых удзельнікаў не збянтэжыла імправізацыя – яны ўручалі слоўнікі, што заўсёды спатрэбяцца ў асяроддзі дзьвюхмоўя; разважалі аб важнасці захавання нацыянальнай мовы; дзяліліся краязнаўчымі ведамі. Дабразычлівую атмасферу стваралі паэтычныя паузы – дзеці цудоўна чыталі творы класіка. Праграму суправаджала цікавая прэзентацыя, якую падрыхтаваў настаўнік беларускай мовы і літаратуры Андрэй Мікалаевіч Кіслюк. Усеагульнае замілаванне выклікала яго 5-гадовая дачушка – Настачка артыстычна сыграла ўрывак з “Савося-распусніка”.

26 актыўных удзельнікаў праграмы ўзнагароджаны значкамі з пазнаваемым профілем Якуба Коласа – прызы перададзены са сталічнага музея Песняра. Дырэктар школы Вольга Пятроўна Капусціч дзякавала за своеасаблівыя “медалі”, падораныя кнігі і алоўкі, запрашала часцей наведваць наш край.

Літаратурна-адукацыйнае падарожжа

У 1960 годзе першаадкрывальнікам лунінецкіх адрасоў Якуба Коласа быў навуковы супрацоўнік сталічнага музея Песняра Леў Паўлавіч Мірачыцкі. Яго калегу ў сучаснасці прапанавалі аўтаэкскурсію па мясцінах, звязаных з імем сакурсніка класіка – Вікенція Антонавіча Філіповіча, які і даў часовы прытулак апальнаму паэту ў 1911-1912 гг. Не так даўно знойдзены архіўныя звесткі, што першым месцам працы выпускніка Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі было пачатковае народнае вучылішча ў вёсцы Вулька 1. Сфатаграфаваліся на вуліцы, дзе знаходзілася старая школа (гэта – 3-ці, пасляваенны будынак установы адукацыі ў вёсцы; за старымі дрэвамі праглядаецца і 4-ты, цагляная двухпавярхоўка, узрост якой – крыху больш за 25 год; рэканструяваныя будынкі 2-га, польскага перыяду, захаваліся яшчэ на вуліцы Кастрычніцкая; просім падказаць старажылаў Вулькі 1, дзе займаліся юныя вяскоўцы ў пачатку ХХ стагоддзя,). Потым В.А. Філіповіч загадваў пачатковым народным вучылішчам у валасным сяле Лунін – старая школа размяшчалася на тэрыторыі паміж сучаснай урачэбнай амбулаторыяй і храмам. Госць з Мінска захапіўся пабудовай Свята-Барыса-Глебскай царквы, што сёлета адзначае 200-гадовы юбілей:

–Драўляная ратонда – гэта такая рэдкасць у храмавым дойлідстве…

На завяршэнне пакланіліся крыжу, узведзенаму на месцы з’яўлення цудатворнай іконы Божай Маці ў вёсцы Вулька 1. Абраз знаходзіўся ў Свята-Параскевінскай царкве, знішчанай у разбуральны атэістычны час. Магчыма, святыня вернецца, калі адродзіцца храм? Іван Сільвестравіч Дубовік дзякаваў настаўніцы СШ №3 г. Лунінца Алле Яўгенаўне Курак (наш гід па вёсках) і Аляксандру Іванавічу Матору, з дапамогай якога адбылася аўтаэкскурсія. Госць з Мінска адзначыў, што ўражанняў хопіць надоўга, і выказаў спадзяванне, што знакавую дату ў гісторыі музея Якуба Коласа лунінчане будуць адзначаць не толькі на Палессі, але і наведваннем сталічнага музея-юбіляра.

Таццяна Канапацкая