background

Паэтычны снегапад

27.01.2022

Таццянін дзень адзначылі сёння ў музеі канцэртам паэта і кампазітара Таццяны Шурынавай "Паэтычны снегапад".

 

"Калi ласка,завiтайце да нас!"-

Так шапоча ў цiшы ручаёк,

Калi ласка, завiтайце да нас

У прыгожы беларускi куток!

Вы зiрніце на абрысы палёў,

Дзе глядзiць свой сiнi сон васiлёк.

Прыязджайце па суседстве, здалёк

У прыгожы беларускi куток. 

"Калi ласка,завiтайце сюды,"-

Так бярозка ў гаі шапацiць...

Тут вайны мiнулай усюды сляды,

Помнiк Славы яркай зоркай гарыць".

 

Вершам “Завітайце да нас!”, эпіграфам да якога выступаюць чароўныя радкі Якуба Коласа, распачала Таццяна Шурынава імпрэзу. Гучалі вершы пра жыццё, каханне, прыроду ў выкананні аўтара, а таксама Наталлі Радзьковай, Алёны Шэх (якую, дарэчы, увесь зал хорам віншаваў з днём нараджэння песняй “З нараджэннем цябе!”) і Людмілы Дзіцэвіч. Гледачы атрымалі асалоду ад кліпаў на песні Таццяны Афанасьеўны ў выкананні Влады, Іскуі Абалян і Аляксандра Патліса, а таксама студыі “Маладыя галасы”, якой спадарыня Таццяна кіравала 18 гадоў. Вечар быў вельмі цёплым і душэўным. А напрыканцы загадчык навукова-асветніцкага аддзела музея Вольга Наважылава правяла цікавую віктарыну на веданне творчасці Я. Коласа з салодкімі падарункамі.