background

Сардэчна запрашаем на сустрэчу з Г. Левінай у межах праекта "Простыя словы"

28.06.2023

Сустрэча з архітэктарам Галінай Левінай

у межах праекта "Простыя словы"

Музей Якуба Коласа працягвае новы фармат мерапрыемстваў "Простыя словы", дзе вядомыя дзеячы культуры, навукоўцы, творцы дзеляцца з наведвальнікамі сваім досведам, распавядаюць пра прафесійны альбо творчы шлях. Чарговая творчая сустрэча цыклу  − “Значнасць лiтаратурнага слова ў архiтэктурным асэнсаванні падзей”, пад час якой вядомы беларускі архітэктар, дачка архітэктараў Леаніда Левіна і Наталлі Афанасьевай Галіна Леанідаўна Левіна раскажа аб значэнні літаратуры пры стварэнні мемарыялаў. Мерапрыемства пачнецца а 18 гадзіне 11 ліпеня.

Ці з'яўляюцца літаратура і паэзія часткай архітэктуры? "Вядома, не!" – адкажуць многія.  Але ж кажучы пра творчасць знакамітага архітэктара Леаніда Левіна, мы адкрыем для сябе ўнікальныя злучэнні слоў з архітэктурай. Яны чытаюцца ў яго мемарыяльных комплексах. Яго літаратурнасць, паэтычнасць у архітэктуры неад'емная ад самабытнага архітэктурнага мыслення. Словы дапаўняюць аповяд пра трагічныя гісторыі падзей вайны, і ў кожным месцы яны свае.

…У Мемарыяльным комплексе "Хатынь" − паэтычныя радкі Ніла Гілевіча і Петруся Броўкі. Упершыню для помніка беларускія паэты напісалі вершы. А ўжо пасля адкрыцця мемарыяла "Хатынь" у беларускай паэзіі ствараюцца літаратурныя творы пра саму трагедыю і з выкарыстаннем архітэктурных вобразаў мемарыяла.

…На камянях помніка ахвярам Халакосту ў Слуцку − словы самога архітэктара. Ён не выкарыстоўваў шаблонных і тыпавых тэкстаў. Ён шукаў “нерв” гісторыі кожнага мястэчка і вёскі ў неабходных словах для гэтага месца памяці.

На сустрэчы гаворка пойдзе і пра помнік дзецям вайны ў Чырвоным Беразе, і пра размову з Васілём Быкавым. І пра многіх іншых. Прагучаць радкі з успамінаў Леаніда Левіна пра Ніла Гілевіча, Сяргея Грахоўскага, Максіма Танка, Янку Брыля, Аркадзя Куляшова.

Леанід Мендэлевіч лічыў Янку Купалу і Якуба Коласа “галоўнымі нацыянальнымі архітэктарамі”. Творчасць Якуба Коласа праходзіла праз жыццё архітэктара Леаніда Левіна і пры стварэнні плошчы Якуба Коласа і помніка яму ў Мінску. Гэта цікавая старонка гісторыі яшчэ будзе расказана…

САРДЭЧНА ЗАПРАШАЕМ!

Кошт білета - 6 рублёў.

Тэл. для даведак: 8 (017) 270-17-02.

Афіцыйны сайт: www.kolasmuseum.com

e-mail: info@kolasmuseum.by