background

Іван Кірчук на сядзібе Песняра

23.06.2023

6 ліпеня 2023 года а 19-й гадзіне ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбудзецца монаспектакль Івана Кірчука “Купальскі дзядок”.
Іван Кірчук – беларускі музыкант, фалькларыст, пісьменнік, выкладчык, аўтар эксперыментальных музычных праграм, реканструкцый абрадаў і святаў, уладальнік калекцыі музычных інструментаў амаль з ўсіх краінаў свету.
Кажуць старыя людзі, што ў ноч на святога Яна невядома адкуль прыходзіць Купальскі дзядок. Босы, у белым адзенні, з доўгай барадой і сівымі валасамі. У руках ён трымае кошык, у якім зёлкі, карэнні, каменьчыкі. У сярэдзіне кошыка гарыць полымем кветка Папараць. Ён выходзіць на паляну, ставіць кошык на зямлю, і распальвае на вялікім плоскім валуне Жывы агонь, потым бярэ жменю зямлі, збірае кроплі расы, каб стварыць вялікую акарыну, абпальвае яе на агні і пачынае граць. На гэтыя гукі з пушчы выходзяць да яго дзікія зверы, прылятаюць птушкі, сядаюць ля вогнішча і заміраюць. А дзед гаворыць з імі, распавядае пра Цуды гэтай ночы, пра моц раслінаў, дрэваў, Вады і Агню. Апоўначы Купальскі дзядок пачынае спяваць пазабытыя старадаўнія малітвы Прашураў. На паляну прыходзяць старцы, жанчыны, мужчыны і дзеці, і таксама сядаюць ля вогнішча.
Хутка скончваецца чароўная купальская ноч, гасне ачышчальнае вогнішча, сканчваюцца чары. Зверы ідуць па лясах, птушкі разлятаюцца па сваіх гнёздах, людзі, прайшоўшы катарсіс, ідуць да сваіх блізкіх і родных, каб распавесці пра цуды гэтай ночы.
6 ліпеня а 19-й гадзіне Купальскі дзядок запрашае ўсіх на сядзібу Якуба Коласа, каб паслухаць магічныя гукі і чароўныя словы, адшукаць папараць-кветку, прайсці ачышчальнае вогнішча старадаўніх прашчураўскіх замоваў.
“Сваёй праграмай я хацеў бы звярнуць увагу людзей да сваіх каранёў, да Продкаў. Бо без іх не было б нас. Не было б Будучага. Ведам Прашчураў нашых нізкі паклон” – так кажа аўтар пра сваю праграму.

Кошты уваходных білетаў – 15 рублёў (месцы на сядзібе),
20 рублёў (месцы на тэрасе).

Сардэчна запрашаем!
Кантактны тэлефон: (017) 270 17 02
Адрас: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5
www.kolasmuseum.by; e-mail: info@kolasmuseum.by