background

Узнаўленне саду Песняра

29.09.2022

Супрацоўнікі музея аднаўляюць Коласаў сад.

  • Узнаўленне саду Песняра
  • Узнаўленне саду Песняра
  • Узнаўленне саду Песняра

Якуб Колас увесь час удасканальваў сваю сядзібу. Яшчэ ў маі 1945 года было пасаджана шмат дэкаратыўных дрэваў, сярод іх любімы вяз, пад якім на лаўцы часта адпачываў гаспадар. У канцы кастрычніка 1945 года пасадзілі яблыні, адна з іх расце і сёння. Восенню 1947 года тэрыторыя сядзібы пашырылася, узбуйнілі пладовы сад: на месцы спілаваных абгарэлых у час вайны дрэваў пасадзілі саджанцы вішняў, чарэшняў, сліваў, грушаў, кусты агрэсту, парэчак, малінаў. Колас вельмі любіў свой двор і сад: з прыгараднага лесу быў прывезены ядловец і пасаджаны ў кампанію да барбарысу, японскай айвы, язміну, бэзу. У 1952-1953 гадах паэт пасеяў у сябе пад акном жыта і нават зрабіў вядомы дослед па сумеснаму пасеву жыта і ячменю, пра які вычытаў у дарэвалюцыйным часопісе. Вынікі цікавага пісьменніцкага эксперыменту публікаваліся ў “Вестях АН БССР” і рэспубліканскіх газетах. Пра сваю сядзібу Колас нават напісаў верш “З майго летапісу”:

                                            Стаіць мая хата між хвой кучаравых,

                                            І купіна жыта на клумбе пры ёй.

                                            Свая ў мяне пожня, і дрэўцы, і травы,

                                            Пляцоўка, і двор свой, і я сабе свой.

Сёння нашчадкі Якуба Коласа пасадзілі на сядзібе побач з дрэвамі, пасаджанымі рукамі народнага паэта, прыгожы дубок − любімае дрэва Песняра.